Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Тым часам праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есьці.
Аднойчы ў шабат праходзіў Езус каля збожжа. Вучні ж Ягоны галодны пачалі зрываць каласы і есьці.
Фарысэі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу.
Убачыўшы гэта фарызэі, казалі Езусу: "Глядзі, вось жа вучні Твае робяць, чаго не належыцца рабіць у дні суботнія".
А Ён сказаў ім: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь Ім?
Тады кажа ім Езус: "Ці не чыталі , што зрабіў Давід, калі чуў голад, ды тыя, што з ім былі?
Як ён увайшоў у дом Божы і еў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці ні яму, ні тым, што зь ім былі, а толькі адным сьвятарам?
Як увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, каторых есьці не належыцца, ды і тым, што з ім былі, але толькі самым сьвятарам?
Альбо ці ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвятары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?
Няўжо не чыталі ў Законе, што ў шабат сьвятары ў сьвятыні нарушаюць шабат, але без віны.
Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;
А Я вам кажу, што нехта тут большы (важнейшы), чым сьвятыня.
калі б ведалі вы, што азначае: «міласьці хачу, але не ахвяры», не асудзілі б невінаватых;
Калі б вы ведалі, што значыць: "Міласердзя хачу, а не ахвяры (Оз. 6:6), дык ніколі не асуджалі б нявінных.
бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.
Бо Госпадам Сын Чалавечы, Ён таксама Госпадам і шабату.
І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сынагогу іхнюю.
Адышоўшыся адтуль, прыйшоў Езус у іхнюю сынагогу.
І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? — каб зьвінаваціць Яго.
Тут быў чалавек сухарукі. Дык пыталіся ў Езуса: "Ці выпадае аздараўляць у шабат?" А гэта таму, каб магчы Яго абвінаваціць.
А Ён сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, — калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, — ня возьме і ня выцягне яе?
Езус жа сказаў ім: "Калі б хто з вас меў адну толькі авечку і тая ўвалілася б у дол у дзень суботні, ці ж ён ня схопіць яе і ня выцягне.
Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу дабро рабіць.
О колькі раз даражэйшы чалавек, чым авечка. Таму выпадае добра рабіць і ў шабат."
Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровая, як другая.
Затым кажа гэнаму чалавеку: "Выцягні сваю руку". І ён выцягнуў і сталася яна здаровай, як другая.
А фарысэі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
А фарызэі выйшаўшы раіліся адносна Езуса як загубіць.
І пайшло за Ім сьледам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх
А Езус адчуваючы гэта пайшоў адтуль. А за Ім ішло многа людзей і аздараўляў іх усіх.
і забараніў ім расказваць пра Яго:
І загадваў ім, каб Яго не выяўлялі.
каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
Каб споўнілася тое, што сказана Ізаіям Прарокам, які сказаў:
«Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Духа Майго на Яго і Ён суд народам абвесьціць;
"Вось жа Слуга Мой, Якога Я выбраў, мілы Мой, у Якім мае упадабаньне душа Мая. Сашлю на Яго Духа Майго, Ён абвесьціць суд паганам.
не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Ягонага;
Ня будзе вадзіцца і ня будзе крычаць: ніхто не пачуе голасу Яго на вуліцах.
трысьціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;
Трысьцінкі надломленай — ня зломіць і дымячага лёну — не патушыць, аж пакуль давядзе суд да перамогі,
і на імя Ягонае будуць спадзявацца народы».
ды ў Яго імю народы надзею мець будуць (Із. 42:1−4)."
Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
Затым прывялі да Яго апанаванага ліхім, разам ён быў сьляпы і нямы. А Езус яго аздаравіў, так што гаварыў і відзеў.
І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
Усе грамады дзівіліся і казалі: "Ці ж не Ён сын Давіда?"
А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім.
А фарызэі, чуючы гэта, казалі: "Гэты толькі праз бельзэбуба, князя дэманаўскага выганяе д'яблаў."
Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.
Езус — жа, знаю чы іхнія думкі казаў ім: "Усякае Каралеўства разьдзіранае раздорам разваліцца ды кожны горад або дом разьдзіраны нязгодай — не ўстаіць.
І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае?
Дык калі шатан шатана выганяе і яго разьдзірае нязгода. Як жа ўтрымаецца яго каралеўства (панаваньне)?
І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць.
А калі праз бельзэбуба выганяю шатанаў, дык праз каго выганяюць сыны вашыя? Дзеля таго яны будуць вашымі суддзямі.
Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.
Але калі Я Духам Божым выганяю шатанаў, значыць прыйшло да вас Каралеўства Божае.
Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе?
Або як можа хто ўвайсьці ў дом сілача і заграбіць яго рэчы, калі перш ня звяжа сілача, а толькі тады дом яго абрабуе.
Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.
Хто не са Мною, той проціў Мяне, ды хто са Мною не сабірае, той разкідае.
Таму кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзьнерства не даруецца людзям;
Таму кажу вам: кожны грэх і блюзьнерства будуць людзям адпушчаны, але блюзьнерства на Духа не будзе адпушчана.
калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
Хто скажа што супроць Сына Чалавечага, будзе яму адпушчана, а хто што казаў бы супроць Духа Сьвятога ня будзе адпушчана ані ў гэтым, ані ў будучым веку.
Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым; альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім; бо па плодзе дрэва пазнаецца.
Калі пасадзіце (робіце) дрэва добрае дык і плод яго добры, а калі ліхое, дык і плод яго ліхі, бо з плоду пазнаецца дрэва.
Выродзьдзе яхідніна! як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
Зьмяіны род! Як жа вы можаце што добрае гаварыць, калі самі ліхія (благія). Са шчодрасьці сэрца і вусны гавораць.
Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек зь ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
Добры чалавек са скарбца, сэрца, добрыя дастае рэчы, а ліхі чалавек з благога скарбца-сэрца дабывае ліхія рэчы.
Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны;
Кажу вам, што з кожнага пустога слова, што людзі кажуць, здадуць справаздачу ў судны дзень.
бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.
Бо па словах тваіх будзеш апраўданы, дый па словах сваіх будзеш асуджаны."
Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысэі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе азнаку ўбачыць.
Тады некаторыя па Пісаньню і фарызэі казалі Яму: "Вучыцелю, хацелі б відзець ад Цябе знак."
Ён ім сказаў у адказ: род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока;
Ён у адказ сказаў ім: "Ліхі род (племя) і чужаложны знаку патрабуе, але не будзе яму дадзены знак, адно знак Ёны Прарока.
бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Бо як Ёна быў у жываце вялікай рыбы тры дні і тры ночы, так Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёнаву; і вось, тут больш за Ёну.
Нінівіты ўскрэснуць разам з гэтым племям на судзе ды асудзяць іх. Бо яны пакутавалі на прызыў Ёны: а вось тут большы, чым Ёна.
Царыца поўдня паўстане на суд з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай, і вось, тут больш за Саламона.
Каралева з паўдня ўскрэсьне з гэтым родам суд ды асудзіць іх. Бо прыбыла з канца зямлі паслухаць мудрасьці Салямона, а вось тут больш, чым Салямон.
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;
А калі нячысты дух пакіне чалавека, бадзяецца па безводных мясцох, шукаючы адпачынку, ды не знаходзіць.
тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае пусты, падмецены і прыбраны;
Тады кажа: "Вярнуся ў дом свой, скуль выйшаў". Ды прыйшоўшы знаходзіць яго пустым, вымеценым і прыбраным.
тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.
Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых ад сябе, ды ўвайшоўшы пражываюць там. Так бываюць пазьнейшыя справы таго чалавека, горшыя за папярэднія. Так таксама станецца з гэтам родам крывадушным.
Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі звонку, хочучы гаварыць зь Ім.
Калі Езус яшчэ гаварыў да народу, вось жа маці Ягоная і браты стаялі перад домам, хочучы з Ім пагаварыць.
І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы гаварыць з Табою.
Хто-то сказаў Езусу: "Во маці Твая і браты стаяць перад домам, шукаюць Цябе."
Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?
А Ён у адказ сказаў паведамляючаму: "Хто маці Мая і хто браты Мае?"
І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
І паказваючы рукой на вучняў Сваіх, казаў: "Во маці Мая і браты Мае!
бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.
Хто вось спаўняе волю Айца Майго, Які ў небе, той Маім братам, і сястрой, і маткаю."