Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Матэвуша 14 Паводле Матэвуша 14 разьдзел

1 У той час слава аб Езусе дайшла і да Тэтрархі, Гэтада.
2 Дык сказаў ён слугам сваім: "Гэты — Ян Хрысьціцель. Ён ускрос і таму праз яго творацца цуды."
3 Бо Гэрад узяў Яна, налажыў кайданы, і пасадзіў у вязьніцу дзеля Гэрад'яды, жонкі брата свайго.
4 Бо Ян сварыўся: "Не належыцца табе мець яе."
5 Дык ён хацеў пазбыцца яго, але баяўся народу, бо мелі яго за прарока.
6 Але ў дзень нараджэньня Гэрада дачка Гэрад'яды скакала ў прысутнасьці ўсіх і спадабалася Гэраду.
7 Дык пад прысягай абяцаў ёй даць, што толькі ад яго запатрабуе.
8 Яна навучана маткай сваёй сказала яму: "Дай мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля".
9 Кароль засмуткаваў, але дзеля прысягі ды дзеля тых, што разам сядзелі, загадаў даць.
10 Паслаў ката і той адсёк Яну галаву ў вязьніцы.
11 Затым прынесьлі яго галаву на місе і далі дзяўчыне, а яна занесла яе маці сваёй. Вучні прыйшоўшы ўзялі цела і пахавалі яго.
12 Ды вярнуўшыся пра гэта разказалі Езусу.
13 Езус пачуўшы аб гэтым (сьмеці Яна), адплыў адтуль на лодцы на пустыннае і адзінокае месца. А калі аб гэтым пачулі грамады з гарадоў — пайшлі за Ім пешшу.
14 Калі выйшаў, убачыў вялікі натоўп і пашкадаваў іх і аздаравіў з іх хворых.
15 Калі павечарэла падыйшлі да Яго вучні Яго і сказалі: "Месца пустыннае і ўжо позна, адпусьці людзей. Хай ідуць ў вёскі і купяць сабе харчоў."
16 Езус сказаў ім: "Хай не адыходзяцца, вы дайце ім есьці."
17 Адказалі яны Яму: "Ня маем мы тут апрача пяці хлябоў і дзьве рыбы."
18 Затым сказаў ім: "Прынясіце Мне іх сюды."
19 Загадаў людзям сесьці на траве. І ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуў у неба, багаславіў і ламаў. Затым раздаў вучням, а вучні людзям.
20 Дык елі ўсе, і наеліся, а з астаткаў сабрана дванаццаць кашоў кускоў.
21 Людзей жа, што елі было пяць тысяч апрача жанчын і дзяцей.
22 Затым загадаў вучням сесьці ў лодкі і ўперадзіць Яго на другі бераг, пакуль не адпусьціць людзей.
23 І адпусьціўшы людзей Сам адзін узыйшоў на гару маліцца. А калі зьвечарэла — Сам адзін там прабываў.
24 А ў той час лодка адплыла далёка ад берага і кідалі ёю хвалі, бо вецер быў проціў.
25 А чацьвёртай начной варце прыйшоў да іх Езус па мору.
26 Убачыўшы Яго ўдучага па моры спалохаліся і казалі: "Гэта зданьне!" Ды ад страху закрычалі.
27 Дык адразу прагаварыў да іх Езус: "Мейце веру, гэта Я, не палохайцеся."
28 Пётр жа сказаў Яму: "Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе."
29 А Ён скзаў: "Прыходзь!" Дык вылязшы з лодкі ішоў па вадзе, каб прыйсьці да Езуса.
30 Але адчуўшы раптоўны вецер, спалохаўся і пачаў тануць, дык закрычаў: "Госпадзе, ратуй мяне!"
31 А Езус выцягнуўшы руку і зараз хапіў яго за руку і сказаў яму: "Малой ты веры, чаму зьневерыўся?"
32 А калі ўвайшлі ў лодку, сьціх вецер.
33 Дык тыя, што былі ў лодцы, падыйшлі і пакланіліся ды сказалі: "Сапраўды, ты Сын Божы."
34 Калі пераправіліся, прыйшлі ў зямлю Гэнэзар.
35 Людзі таго ж месца, калі Езуса пазналі, развясьцілі па ўсім гэным рэгіёне. Дык прыносілі да Яго ўсіх блага чуючыхся.
36 Прысілі Яго дакрануцца хоць да краю шаты Ягонай. А каторыя толькі дакраналіся — здаравелі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Матэвуша, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.