Адкрыцьцё 9 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І пяты Ангел затрубіў, і ўгле́дзіў я зорку, якая ўпала з не́ба, і да́дзены быў е́й ключ ад калодзежа бяздоньня;
1 І затрубіў анёл пяты. І ўбачыў я зорку, як яна звалілася з неба на зямлю. Дадзены ёй ключ ад студні бяздоньня.
і адамкнула яна калодзеж бяздоньня, і ўзьняўся з калодзежа дым, быццам дым з вялізарнае пе́чы; і зацьмілася сонца й паве́тра ад дыму з калодзежа.
І адкрыла яна студню пропасьці. І падняўся з бездані дым, як з вялізнае печы, а сонца і паветра патанула ў цемры ад дыму той прорвы.
І з дыму выйшла на зямлю саранча́, і дадзена е́й улада, як маюць уладу скарпіоны зямныя;
З дыму той студні разышлася саранча па зямлі. Дадзена ёй улада, якую маюць скарпіёны зямлі.
і сказана е́й, каб не рабіла шкоды траве́ зямной, ані зе́льлю ніякаму, ані дрэву ніякаму, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаці Божае на лабо́х сваіх;
Атрымала яна прыказ ня шкодзіць траве зямлі ані ніякай зелені, ані ніякім дрэвам, толькі людзям, якія ня маюць пячаці Божай на чалах сваіх.
і да́дзена е́й, каб іх не забівала на сьме́рць, але каб мучыла пяць ме́сяцаў; і му́ка ад яе́, як му́ка ад скарпіона, калі ўкусе чалаве́ка.
Нельга было ім забіваць людзей, але толькі мучыць іх на працягу пяці месяцаў. А мучэньне іх, як боль ад скарпіёна, калі ўколе чалавека.
і ў гэтыя дні шука́цімуць людзі сьме́рці і ня знойдуць яе́; і жада́цімуць паме́рці, ды сьме́рць будзе ўцякаці ад іх.
І ў тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці, але ня знойдуць яе, і будуць хацець памерці, але ўцячэ сьмерць ад іх.
І выгляд саранчы́ падобны да кане́й, прыгатаваных да бітвы, і на галовах у яе́ быццам вянкі, падобныя да золата; і твары ў яе́ быццам твары чалаве́чыя.
Саранча была падобна да коней, падрыхтаваных да бою. На галавах яны мелі быццам залатыя кароны. Воблікі іх былі на падабенства да твараў людскіх.
І валасы́ ме́ла, як валасы ў жанок; і зубы ў яе́ як у львоў былі.
Валасы мелі падобныя да валасоў жанчын, а зубы іх падобныя да зубоў льва.
І мела па́нцыры, быццам панцыры зяле́зныя; і гук ад крыльляў яе́ быццам гук ад вазо́ў, калі множства кане́й бягуць на бітву.
Панцыры іх былі нібы з жалеза. Грукат крыльляў іх быццам грукат многіх вазоў запрэжаных коньмі, якія гоняцца ў бой.
І ма́е хвасты, падобныя да скарпіонавых, і ў хвастох у яе́ джа́ла было; і ўлада яе́ — шкодзіць людзям пяць ме́сяцаў.
І мелі хвасты падобныя як у скарпіёнаў, і жыгадлы ў сваіх хвастах. Мелі ўладу яны шкодзіць людзям праз пяць месяцаў.
І ма́е над сабою за цара ангела бяздоньня: імя яму́ па-жыдоўску Аваддон, а па-грэцку ма́е імя́ Апольліон.
Маюць яны над сабой быццам анёла бездані, які па-гебрайску завецца Абаддон, а па-грэчаску Аполіён (нішчыцель).
Адно гора прайшло; вось, ідуць яшчэ два горы за ім.
Так прайшло першае Гора, а вось два іншыя Горы наступаюць.
І шосты Ангел затрубіў, і пачуў я адзін голас із чатырох вуглоў залатога ахвярніку, што перад Богам,
І шосты анёл затрубіў. Тады пачуў я голас выходзячы з чатырох рагоў залатога аўтара, які быў перад Богам.
які мовіў да шостага Ангела, што ме́ў трубу: Разьвяжы чатырох Ангелаў, што зьвязаны над вялікай ракой Эўфратам.
Голас той сказаў шостаму анёлу, які меў трубу: "Асвабадзі чатырох анёлаў, прывязаных на вялікай рацэ Эўфрат".
І разьвязаны былі чатыры ангелы, што былі прыгатаваны на гадзіну і дзе́нь, і ме́сяц, і год, каб забіці трацíну людзе́й.
Тады былі вызвалены з путаў чатыры анёлы, якія былі прыгатаваны на гадзіну, дзень, месяц і год, каб выгубіць трэцюю часць людзей.
І лічба коннага войска дзьве́ мірыяды мірыяд; і я чуў лічбу іх.
А лік коннага войска быў дваццаць чатыры праз дзесяць тысяч, і пачуў я гэты лік.
І гэтак бачыў я коні ў прывíдзе і коньнікаў на іх, што ме́лі па́нцыры агністыя і гіяцынтавыя і се́ркавыя; і галовы ў кане́й, як галовы у львоў, і із рато́ў іх выходзе агонь і дым і се́рка;
І так бачыў я ў візіі коней і коннікаў на іх. Мелі яны панцыры агніста-чырвоны, дымна-сінія і серкава-жоўтыя. Галовы іх былі як галовы львоў , а з храпаў іхніх шугаў агонь, дым і серка.
трыма́ гэтымі была забіта траціна людзе́й: агнем і дымам і се́ркай, што выходзілі із рато́ў іхніх.
Ад гэтых трох бедстваў агня, дыму і серкі, якія шугалі з іх храпаў, прапаў адна трэцяя частка ўсіх людзей.
Бо сіла іхняя у рато́х іх; бо хвасты ў іх падобныя да зьме́яў, маюць галовы ды імі шкодзяць.
Бо сіла коней у іхніх храпах і ў хвастах, а хвасты іх падобны да вужоў, маюць галовы і імі прычыняюць многа зла (ліха).
І рэшта людзе́й, што ня былі пазабіваны плягамі гэтымі, не пакаяліся ў дзело́х рук сваіх, каб не пакланя́цца дэманам ды ідалам залатым і сярэбраным, і мядзя́ным, і каме́нным, і драўля́ным, што ані бачыць ня могуць, ані чуць, ані хадзіць;
Аднак, астатнія людзі, якія не былі выгублены гэтымі бедствамі, ня каяліся дзеля неправасьці рук сваіх, каб не пакланяліся дэманам і залатым ідалам і сярэбраным, і бронзавым, каменным і драўляным, якія ня могуць ані бачыць, ані чуць, ані хадзіць.
і не пакаяліся ў забойствах сваіх, ані ў чараваньнях сваіх, ані ў распуснасьці сваёй, ані ў крадзежах сваіх.
І не пакаяліся людзі ў забойствах сваіх, не адмовіліся ад чараваньняў сваіх, ад распусты сваёй, ані ад зладзейства свайго.