Адкрыцьцё 21 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І ўбачыў я новае не́ба і новую зямлю, бо пе́ршае не́ба й пе́ршая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
 
І ўбачыў я новае неба і новую зямлю . Бо першае неба і першая зямля зьніклі, а мора ўжо няма.

І я, Іоан, убачыў ме́ста сьвятое, новы Ерузалім, які зыходзіў ад Бога з не́ба, прыгатаваны быццам няве́ста, прыбраная дзеля мужа свайго.
 
А я, Ян, убачыў сьвяты горад Ерузалім новы, сыходзячы з неба ад Бога, прыгатаваны, быццам нявета на сустрэчу свайго мужа.

І пачуў я голас вялікі з не́ба, мовячы: Вось скінія Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і людзі будуць Ягонымі, і сам Бог будзе з імі, іхні Бог.
 
І пачуў я голас магутны, кажучы: "Вось прыбытак Божы (табернакулюм) з людзьмі, і Ён будзе прабываць з імі. І яны будуць людам Яму, а сам Бог для іх будзе іх Богам.

І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьме́рці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані галошаньня, ані труду, бо пе́ршыя мінулі.
 
І абатрэ Бог апошнюю сьлязу з вачэй іх, а сьмерці ўжо ня будзе, ані гора, ані ўскрыкаў, ані больлю больш ня будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула.

І сказаў Сідзя́чы на пасадзе: Вось, ро́блю ўсё новае. І кажа да мяне́: Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і ве́рныя.
 
І сказаў Той, Які сядзеў на троне: "Вось ўсё твару я новае", і дабавіў: "Напішы, бо словы гэтыя найвярнейшыя і праўдзівыя".

І сказаў мне́: Ста́лася. Я — Альфа і Омэга, пачатак і канец. Пра́гнучаму дам Я дар з крыніцы вады жывое;
 
І гаварыў мне яшчэ: "Сталася. Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Прагнучаму дам я піць дарма з крыніцы жыцьця".

хто пераможа, возьме ў спадчыну ўсё, і буду яму Богам, і ён будзе Мне́ сынам.
 
"Хто пераможа, атрымае гэта як спадчыну. Буду яму Богам. А ён будзе мне сынам.

А для палахлівых і няве́рных, і для нягоднікаў і душагубаў, і для распусьнікаў і чарадзе́яў і слуг ідалавых, і для ўсіх ілжывых — доля іх у возеры, пала́ючым агнём ды се́ркаю, што ёсьць другая сьме́рць.
 
Удзелам жа трусьлівых, няверных, нячыстых, забойцаў, распусьнікаў, чараўнікоў, ідалахвальцаў і лгуноў — усіх іх будзе палымнеючае возера агню і серкі. Гэта вось — другая сьмерць".

І прыйшоў да мяне́ адзін із сямёх Ангелаў, тых, што ме́лі се́м ча́раў, напоўненых сямёма апошнімі плягамі, і загутарыў са мною, мовячы: Хадзі, пакажу табе́ жанчыну, няве́сту Ягня́ці.
 
І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, маючых сем чашаў поўных сямю карамі апошнімі і загаварыў да мяне, кажучы: "Хадзі, пакажу табе нявесту Ягнёнка".

І панёс мяне́ ў духу на вялікую ды высокую гару, і паказаў мне́ ме́ста вялікае, сьвяты́ Ерузалім, што зыходзіў з не́ба ад Бога
 
І падняў Ён мяне ў духу на гару вялікую і вельмі высокую і паказаў мне сьвяты горад Ерузалім, сыходзячы з неба ад Бога

і ме́ў хвалу Божую. І сьвятло́ ягонае падобнае да найдаражэйшага ка́меня, быццам крыштальнага ка́меня ясьпісовага;
 
і маючы яснасьць Божую. Блеск яго быў падобны на блеск дарагога каменьня, быццам аспіса ці крышталю.

і ме́ў ён мур вялікі й высокі, і ме́ў дванаццаць варотаў, і на вароцех дванаццаць Ангелаў і імёны напісаныя, якія ёсьць дванаццацёх родаў сыноў Ізраілявых.
 
Меў ён вялікі і высокі мур з дванаццацю брамамі. На брамах стаяла дванаццаць анёлаў ды выпісаны былі імёны, якія з'яўляюцца назвамі дванаццаці пакаленьняў сыноў Ізраеля.

І ад усходу трое варотаў, і ад поўначы трое варотаў, і ад паўдня трое варотаў, і ад за́хаду трое варотаў.
 
Ад усходу — тры брамы, ад поўначы — тры брамы, ад поўдня — тры брамы і ад захаду таксама тры брамы.

І мур мястовы ме́ў дванаццаць падва́лінаў, і на іх імёны дванаццацёх Апосталаў Ягняці.
 
А мур горада меў дванаццаць фундаментаў, а на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці апосталаў Ягнёнка.

І той, што гутарыў са мною, ме́ў трысьціну залатую, каб абме́рыць ме́ста і вароты яго, і сьце́ны яго.
 
А той, што размаўляў са мною, меў мерку, залатую трысьціну, каб зьмераць горад, брамы ягоныя і мур.

І ме́ста ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая-ж, як і шырыня. І абме́рыў ме́ста трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; і даўжыня ягоная і шырыня і вышыня аднолькавыя.
 
Горад распаложаны ў квадраце — даўжыньня яго роўная шырыні. І мераў ён горад залатой трысьцінай на прасторы дванаццаці тысяч стадыяў. А даўжыня яго, вышыня і шырыня — аднолькавы.

І абме́рыў мур ягоны на сто сорак чатыры локці ме́ры чалаве́чае, якая і а́нгельская.
 
І зьмераў мур яго на прасторы ста сарака чатырох локцяў. Гэта мера, якой карыстаюцца людзі, такой ужывае і анёл.

І мур быў пабудаваны з ясьпісу; і ме́ста чыста залатое, падобнае да чыстага шкла.
 
А мур яго быў збудаваны з яспіса, смарагд быў з чыстага золата, чыстага, як шкло.

І падваліны муру мястовага прыаздоблены ўсякім каме́ньнем дарагім: пе́ршая падваліна ясьпіс, другая сапфір, трэцяя халькедон, чацьве́ршая шмарагд,
 
Фундаменты муру горада ўпрыгожаны былі дарагім каменьнем. Фундамент першы з яспісу, другі з сапфіры, трэці з хадьцэдону, чацьвёрты з смарагду,

пятая сардонік, шостая сард, сёмая хрызалíт, восмая бэрыль, дзявя́тая тапа́з, дзяся́тая хрызапра́с, адзінаццатая гіяцы́нт, дванаццатая амэтыст.
 
пяты з сарданіксу, шосты з карнеолу, сёмы з хрызаліту, восьмы з берылу, дзевяты з топазу, дзесяты з хрызапразу, адзінаццаты з гіяцынту, дванаццаты з аметысту.

І дванаццаць варотаў — дванаццаць пэрлаў: а кожныя вароты із аднае́ пэрлы. І вуліца ме́ста чыста залатая, быццам шкло празры́стае.
 
А дванаццаць брам — гэта дванаццаць перлаў — жамчужынаў; кожная брама была з адной жамчужыны. А вуліцы горада з чыстага золата, нібы з празрыстага шкла.

І храму ў ім ня ўгле́дзіў я: бо храм ягоны ёсьць Госпад Бог Уседзяржыцель і Ягня́.
 
А сьвятыні я ў ім ня ўбачыў, бо Госпад Бог Усемагутны быў яго сьвятыняй, разам Ягнёнак быў сьвятыняй горада.

І ме́ста ня ма́е патрэбы ў сонцы ані ў ме́сяцу, каб асьвятлялі яго: бо хвала́ Божая асьвяціла яго, і сьве́тач ягоны — Ягня.
 
Горад жа не патрабуе ўжо ні сонца, ні месяца, каб асьвятлялі яго, яснасьць бо Божая асьвятляе яго, а Ягнёнак ёсьць сьвятлом ягоным.

І народы збаўлёных хадзíцімуць у сьвятле́ ягоным, і цары зямныя прынясуць у яго славу й чэсьць сваю.
 
І будуць хадзіць народы ў сьвятле ягоным і валадары зямныя прынясуць да яго хвалы сваю хвалу.

І вароты ягоныя ня будуць замыкацца ўдзе́нь, а ночы там ня будзе.
 
Брамы яго не зачыняюцца ўдзень, а ночы ж няма ўжо там.

І прынясуць у яго славу й чэсьць народаў.
 
Унясуць у яго хвалу і славу народаў.

І ня ўвойдзе ў яго нішто нячыстае ды ро́бячае агіду й ілжу, а толькі запісаныя ў кнізе жыцьця Ягня́ці.
 
Нішто заганнае ня ўвойдзе ў яго, ніводзен ліхадзей ані махляр, а толькі тыя, што запісаны ў кнізе жыцьця Ягнёнка.