Дзеі 6 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

У тыя-ж дні, як намножылася вучняў, узьнялося нараканьне Грэцкіх на Гэбрэяў, што ў штодзённым служэньні ня ру́пяцца аб удовах іхніх.
 
У тыя дні, калі лік вучняў узрастаў, пачалі Геленісты наракаць на Гебраяў, што ў штодзённым служэньні іхнія удовы былі крыўджаны.

Дык дванаццацёра, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі: Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць за сталом.
 
Тады Дванаццаць, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі ім: "Не выпадае нам пакінуць Слова Божае і заняцца абслугай сталоў.

Вось-жа, браты, нагле́дзьце спасярод вас се́м дазнаных мужоў, поўных Духа Сьвятога й мудрасьці, якіх паставім на гэту патрэбу,
 
Таму вось, браты, нагледзьце з-паміж сябе сем мужоў, маючых добрае сьведчаньне і поўных Духа і мудрасьці, якім мы даручым гэтую работу.

а мы ўсьцяж будзем на малітве й служэньні слова.
 
А мы ўсьцяж будзем на малітве і паслузе слова".

І спадабалася слова гэтае ўсе́нькай грамадзе. І выбралі Сьцяпана, мужа поўнага ве́ры й Духа Сьвятога, і Піліпа й Прахора й Ніканора, і Тымона ды Парме́на, і Мікалая Антыахійца, нованаве́рненага,
 
І спадабалася гэтае слова ўсім сабраўшымся, і выбралі Сьцяпана, чалавека, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Філіппа, і Прахора, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая, Антыяхійца, прзэліта,

ды паставілі іх перад Апосталамі; і яны, памаліўшыся, узлажылі на іх рукі.
 
і паставілі іх перад апосталамі, каторыя, молячыся, усклалі на іх рукі.

І слова Божае расло, і лічба вучняў у Ерузаліме ве́льмі мно́жылася, ды вялікае множства сьвяшчэньнікаў скары́лася перад ве́рай.
 
І Слова Божае расло, і павялічвалася вельмі лічба вучняў у Ерузаліме; нават вялікая грамада сьвятароў уверыла.

Сьцяпан-жа, поўны ве́ры й сілы, рабіў цуды й знаме́ньні вялікія ў народзе.
 
Сьцяпан жа, поўны ласкі і моцы, чыніў цуды ды вялікія знакі ў народзе.

І паўсталі некаторыя із школы, называнай Лібэртынскай, ды з Кірэнэйскай і Александрыйскай, дый з тых, што з Кілікіі й Азіі, разважаючы разам з Сьцяпанам;
 
Тады падняліся некаторыя з сынагогі, званай Лібэртынскай і з Цырэнэйскай ды з Александрыйскай, ды тыя, што былі з Цыліцыі ды з Азіі, і спрачаліся са Сьцяпанам.

ды ня здолелі ўстая́ці супраць мудрасьці й духа, якім прамаўляў.
 
І не маглі яны ўстаяць супраць мудрасьці і Духа, у якім ён прамаўляў.

Тады падбілі людзе́й, каб казалі: што чулі мы яго, як гаварыў рэчы ганебныя на Майсе́я і Бога.
 
Тады падбілі яны людзей, каторыя казалі: "Мы чулі, як ён казаў блюзьнерствы на Майсея і Бога".

І падбурылі народ і старшызну ды кніжнікаў і, напаўшы, схапілі яго й павялі ў сынэдрыон,
 
І ўзбурылі народ, і старшыняў, і кніжнікаў. Яны, зьбегшыся, схапілі яго і завялі ў Раду.

і паставілі фальшывых сьве́дкаў, якія казалі: Гэты чалаве́к ня кідае гаварыць гане́бныя рэчы супраць гэтага сьвятога ме́сца й супраць закону,
 
І паставілі там фальшывых сьведкаў, каторыя сьведчылі: "Гэты чалавек не перастае гаварыць супраць гэтага сьвятога месца ды супраць закону.

бо мы чулі, як ён казаў: што Ісус Назарэй зруйнуе ме́сца гэтае ды пазьмяняе звычаі, што перадаў нам Майсе́й.
 
Бо мы чулі, як ён казаў, што Езус Назарэец зруйнуе гэтае месца і пазьмяняе звычаі, якія нам перадаў Майсей".

І ўсе́ тыя, што сядзе́лі ў сынэдрыоне, пільна ўзіраючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча Ангела.
 
І ўсе, што засядалі ў Радзе, прыглядаліся яму пільна і бачылі твар ягоны, як воблік анёла.