Дзеі 15 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Некаторыя-ж, што прыйшлі з Юдэі, навучалі братоў: калі ня будзеце абрэзаны па звычаю Майсе́яваму, ня можаце спасьціся.
 
Некаторыя, паходзячыя з Юдэі, навучалі братоў: "Калі ня будзеце абрэзаныя па звычаю Майсея, ня можаце быць збаўлены".

Калі-ж узьнялася немалая спорка й змаганьне з імі ў Паўлы й Варнавы, пастанавілі, каб Паўла й Варнава й некаторыя другія спасярод іх пайшлі з гэтай справай да Апосталаў і старшых у Ерузалім.
 
Дзеля таго ўзьнікла шмат немалых спрэчак і звадак паміж імі ды Паўлам і Барнабай, так што вырашылі, каб Павал і Барнаба ды яшчэ некалькі з іх пайшлі дзеля гэтае справы ў Ерузалім да апосталаў і старшых.

Вось жа яны, пасланыя царквой, праходзілі праз Фінікію ды Самарыю, апавядаючы аб навароце паганаў; і радасьць вялікую рабілі ўсім братом.
 
Дык, пасланыя царквою, ішлі яны праз Фэніцыю і Самарыю, расказваючы пра навярненьне паганў, чым выклікалі ў братоў вялікую радасьць.

Прыйшоўшы-ж у Ерузалім, яны былі прыняты царквой і апосталамі ды старшымі і расказалі, што з імі ўчыніў Бог.
 
Калі ж прыбылі ў Ерузалім, былі прынятыя царквою і апосталамі ды старшымі, і расказалі ім, як Бог дзейнічаў праз іх.

І паўсталі некаторыя із гэрэзіі Фарысэйскае, што ўве́равалі, кажучы, што трэба іх абрэзаць ды наказаць, каб трымаліся закону Майсе́явага.
 
Але некаторыя навернутыя з герэзіі фарысэйскай супрацівіліся і сказалі: "Трэба абрэзаць іх і загадаць берагчы закон Майсея!"

І сабраліся Апосталы й старшыя разглядзе́ць гэту справу.
 
Дык сабраліся апосталы і старшыя разгледзець гэтую справу.

Як-жа ўзьнялося вялікае змаганьне, Пётр, устаўшы, сказаў: Мужы браты! вы ве́даеце, што ад даўных дзён Бог выбраў сярод нас, каб праз мае́ вусны чулі пагане слова Эвангельля ды ўве́равалі;
 
Калі па гэтым узьнікла вялікая спрэчка, тады ўстаў Пётар і сказаў ім: "Мужы браты, вы ведаеце, што Бог з даўных дзён выбраў з нас, каб з вуснаў маіх пагане пачулі слова Эвангельля ды ўверылі.

і знаўца сэрцаў, Бог, быў сьве́дкай ім, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам,
 
І Бог, што ведае сэрцы, засьведчыў гэта, даючы ім Духа Сьвятога, як і нам,

і не адрожніў нічога міжы намі й імі, ве́раю ачысьціўшы сэрцы іхнія.
 
і не зрабіў ніякай розьніцы між намі і імі, ачышчаючы сэрцы іхнія верай.

Дык чаго-ж цяпе́р спакушаеце Бога, каб узлажыў на шыі вучняў ярмо, насіць якое ня здолелі ні айцы нашыя, ні мы?
 
Дык чаму цяпер спакушаеце Бога, ускладаючы на вучняў ярмо, каторага ані бацькі нашыя, ані мы самі не змаглі насіць?

Але мы ве́рым, што спасе́мся міласьцяй Госпада Ісуса Хрыста, гэтак сама, як і яны.
 
Мы аднак верым, што праз ласку Госпада Езуса будзем збаўлены, як і яны".

І змоўкла ўся грамада, і слухалі Варнаву й Паўлу, апавядаўшых, якія знакі й цуды зрабіў праз іх Бог сярод паганаў.
 
І замоўкла ўся грамада, і слухалі аповед Барнабы і Паўла пра многасьць цудаў і знакаў, учыненых Богам праз іх сярод паганаў.

Калі-ж тыя змоўклі, адказаў Якаў, мовячы: Браты мужы! Паслухайце мяне́!
 
І калі яны перасталі расказваць, адказваючы, Якуб сказаў: "Мужы браты, паслухайце мяне.

Сымон вытлумачыў, як Бог пе́рш глянуў на паганаў, каб узяць із іх народ іме́ньню Свайму,
 
Сымон расказаў, як Бог сам выбраў сабе з-паміж паганаў народ для імя свайго,

і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:
 
і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:

Пасьля гэтага вярнуся і збудую палатку Давідаву, што звалілася, і руіны яе́ адбудую й папраўлю яе́:
 
"Потым вярнуся і адбудую ўпаўшую палатку Давіда, і адбудую руіны яе, і ўзнаўлю яе,

каб Госпада шукала рэшта людзе́й ды ўсе́ народы, на якіх прызвана імя Мае́, — кажа Госпад, які робіць усё гэта.
 
каб рэшта людзей шукала Госпада, ды ўсе народы, над каторымі будзе прызывана імя Маё. Так кажа Госпад, каторы робіць

Ад вякоў ве́дамы Богу ўсе́ дзелы Ягоныя.
 
прадказаныя спрадвеку падзеі".

Дык я лічу, што ня трэба абцяжаць навярнуўшыхся ад паганаў к Богу,
 
Таму лічу, што ня трэба непакоіць тых, каторыя з паганаў навярнуліся да Бога,

але напісаць ім, каб узьдзе́ржываліся ад гідотаў ідальскіх і блуду, ад душанага і крыві;
 
але напісаць ім, каб сьцерагліся ежы, ахвяраванай балванам, распусты, і ўсяго задушанага, і крыві.

бо Майсе́й ад даўных родаў ма́е па ме́стах абвяшчаючых яго ў сынагогах, чыта́ны кожную суботу.
 
Бо Майсей ад найдаўнейшых пакаленьняў мае такіх, што ў паасобных гарадах абвяшчаюць яго ў сынагогах, у кожную суботу чытаючы яго".

Тады надумалі Апосталы і старшыя разам з усе́й царквой паслаць у Антыохію з Паўлам і Варнавай выбраных спасярод сябе́ людзе́й: Юду, называнага Варсавай, ды Сілу, мужоў перадавы́х сярод братоў,
 
Тады апосталы і старшыя з усёй царквою надумалі выбраць мужоў першых з-паміж братоў, Юду, званага Барсабай, і Сілу, ды паслаць іх у Антыёхію разам з Барнабай і Паўлам,

напісаўшы праз рукі іх гэтак: Апосталы і старшыя і браты — братом із паганаў у Антыохіі і Сірыі і Кілікіі: радуйцеся!
 
паслаўшы праз іх ліст: "Апосталы, і старшыя, і браты, тым, што жывуць у Антыёхіі, Сырыі і Цыліцыі, братам з паганаў, прывітаньне!

Пачуўшы, што некаторыя, прыходзячы ад нас, устрывожылі вас словамі ды захісталі душамі вашымі, кажучы абрэзывацца і трымацца закону, чаго мы ім не даручалі,
 
Мы даведаліся, што некаторыя з нашых без нашага даручэньня занепакоілі вас словамі, трывожачы сэрцы вашыя.

надумалі мы, сабраўшыся аднадушна, паслаць да вас выбраных людзе́й разам з любымі нам Варнавай і Паўлам,
 
Дык мы, сабраўшыся разам, вырашылі паслаць да вас выбраных людзей разам з дарагімі нам Барнабай і Паўлам,

людзьмі, аддаўшымі душы свае́ за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
людзьмі, каторыя для імя Госпада нашага Езуса Хрыста аддалі жыцьцё сваё.

Вось-жа паслалі мы Юду й Сілу, якія абве́сьцяць вам тое-ж і словамі.
 
Дык пасылаем Юду і Сілу, каторыя перакажуць словамі тое самае.

Бо надумалася Духу Сьвятому і нам ніякага больш цяжару на вас не ўскладаць, апрача гэтага неабходнага:
 
Бо Дуxу Сьвятому і нам надумалася справядлівым не накладаць на вас аніякага цяжару, апрача таго, што неабходна:

узьдзе́ржывацца ад жэртваў ідалам, ад крыві й душанага, ды ад блуду; высьцерагаючыся гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя.
 
паўстрымацца ад ахвяр для ідалаў, ад крыві, ад таго, што задушана, ды ад распусты. Добра зробіце, калі ад гэтых рэчаў паўстрымаецеся. Бывайце".

Пасланыя-ж прыйшлі ў Антыохію і, сабраўшы грамаду, аддалі пісьмо.
 
Тыя ж, пасланыя, прыбылі ў Антыёхію, і, сабраўшы народ, аддалі яму ліст.

І, прачытаўшы, яны зрадзе́лі ад гэтага павучэньня.
 
Калі яго прачыталі, усьцешыліся з яго пацяшаючага зьместу.

Юда-ж і Сіла, якія й самі былі прарокамі, многімі словамі навучалі братоў ды ўмацоўвалі іх.
 
А Юда і Сіла, якія і самі былі прарокамі, у частых прамовах пацяшалі братоў і ўмацоўвалі іх.

Прабыўшы там час, яны былі з мірам адасланы братамі да Апосталаў.
 
Па нейкім часе адаслалі іх браты з прывітаньнем міру да тых, каторыя іх паслалі.

Але Сіле надумалася астацца тамака.
 
Але Сіла вырашыў застацца тамака.

Паўла-ж і Варнава пажылі ў Антыохіі, навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі другімі слова Гасподняе.
 
А Павал і Барнаба жылі ў Антыёхіі, навучаючы і абвяшчаючы з многімі іншымі слова Госпадава.

А цераз не́калькі дзён сказаў Паўла Варнаве: Ве́рнемся й даве́даемся братоў нашых па ўсіх място́х, дзе́ мы абвяшчалі слова Гасподняе: як яны маюцца?
 
Па нейкім часе Павал сказаў Барнабе: "Вернемся і наведаем братоў ва усіх гарадах, у якіх мы вясьцілі слова Госпадава, і паглядзім, як маюцца".

Варнава-ж радзіў узяць з сабой Іоана, называнага Маркам.
 
Барнаба хацеў ўзяць з сабой Яна, званага Маркам,

Але Паўла думаў ня браць яго з сабою, бо ён адстаў ад іх ад Памфіліі ды не пайшоў з імі на дзе́ла.
 
але Павал судзіў, што за тое, што ён адыйшоў ад іх у Памфіліі і не хацеў працаваць з імі, не належыцца браць яго.

Дык узьнялася сварка, ажно яны разлучыліся адзін з адным, і Варнава, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр.
 
І дайшло да сваркі, так што разьдзяліліся, і Барнаба ўзяў Марка, і паплыў на Кіпр,

Паўла-ж пайшоў, выбраўшы сабе́ Сілу, даручоны братамі міласьці Божай.
 
Павал жа выбраў Сілу і пайшоў, даручаны братамі ласцы Госпада.

І праходзіў праз Сірыю й Кілікію, умацоўваючы цэрквы.
 
І праxодзіў праз Сырыю і Цыліцыю, умацоўваючы цэрквы.