Дзеі 22 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999
Мужы браты й бацькі! Выслухайце цяпе́р маё перад вамі апраўданьне.
"Мужы браты і бацькі, паслухайце, што я вам цяпер скажу ў сваё апраўданьне".
Пачуўшы, што гавора да іх у Жыдоўскай мове, яшчэ бале́й усьцішыліся. Ён жа казаў:
Пачуўшы, што ён гаворыць на гэбрайскаи мове, яны тым больш сьціхлі. Ён жа казаў:
Я-ж сам — Жыд, урадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, узгадаваны ў ме́сьце гэтым ля ног Гамаліэля, рупліва навучаны закону айцоўскага, шчыры слуга Бога, як вы ўсе́ сягоньня.
"Я — Юдэй, народжаны ў Тарсе, што ў Цыліцыі, выгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамаліеля атрымаў руплівае ўзгадаваньне ў праўдзе айцоўскага закону, шчыры слуга Бога, як і вы ўсе сягоньня.
Шлях гэты я перасьле́даваў ажно да сьме́рці, вяжучы й аддаючы ў вязьніцу мужчын і жанчын;
Перасьледаваў я гэты шлях аж да кары сьмерці, бяручы ў путы і кідаючы ў вязьніцу мужчын і жанчын,
і пасьве́дчыць аба мне́ архірэй ды ўсе́ старшыя: бо ад іх узяў я пісьмы да братоў і пайшоў у Дамаск, каб і быўшых там прывясьці зьвязаных у Ерузалім дзеля пакараньня.
што могуць засьведчыць першасьвятар і Рада. Ад іх атрымаў лісты я да братоў і направіўся ў Дамашак з мэтаю арыштоўваць тых, што былі там, ды дастаўляць у Ерузалім для пакараньня.
І сталася мне́, як ішоў і падыходзіў к Дамаску, каля паўдня зьнячэўку агарнула мяне́ вялікае сьвятло з не́ба.
І здарылася, калі я ішоў і набліжаўся да Дамашку, каля поўдня раптам агарнула мяне вялікае сьвятло з неба.
І паваліўся я на зямлю і пачуў голас, які гаварыў да мяне́: Саўл, Саўл, чаму перасьле́дуеш Мяне́?
І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які казаў мне: "Саўл, Саўл, чаму ты перасьледуеш Мяне?"
Я адказаў: Хто Ты, Госпадзе? Ён жа сказаў да мяне́: Я — Ісус Назарэй, Якога ты перасьле́дуеш.
Я спытаў: "Хто Ты, Госпадзе?" Ён сказаў мне: "Я — Езус з Назарэту, каторага ты перасьледуеш".
Тыя-ж, што былі са мною, угле́дзіўшы сьвятло, перапалохаліся; але голасу, што гаварыў да мяне́, ня чулі.
Тыя, ж што былі са мною, бачылі, праўда, сьвятло, але голасу Яго ня чулі, які гаварыў са мной.
І я сказаў: Што мне́ рабіць, Госпадзе? Госпад жа сказаў да мяне́: Устань і йдзі ў Дамаск, і там будзе табе́ сказана ўсё, што назначана табе́ зрабіць.
Дык я спытаў: "Што маю рабіць, Госпадзе?" Госпад жа сказаў мне: "Устань і ідзі ў Дамашак, ды там скажуць табе ўсё, што маеш рабіць".
А як ад зьяньня сьвятла гэтага я ня відзеў, дык прыйшоў у Дамаск, ведзены за руку быўшымі са мною.
І як я асьлеп ад яркасьці таго сьвятла, дык ведзены за руку таварышамі, прыбыў у Дамашак.
Не́йкі-ж Ананія, чалаве́к пабожны паводле закону, за якога сьве́дчылі ўсе́ тамтэйшыя Жыды,
І нейкі Ананія, чалавек пабожны, жывучы паводле закону, пра што сьведчаць усе жывучыя там Юдэі,
прыйшоўшы да мяне́ і стануўшы, сказаў мне́: Браце Саўле! Будзь ізноў відзючым! І я ў тую-ж гадзіну пабачыў яго.
прыбыў да мяне і, падыйшоўшы, сказаў: "Саўле, браце, праглянь!" І я ў тую ж хвіліну ўбачыў яго.
Ён жа сказаў: Бог айцоў нашых выбраў цябе́, каб пазнаў ты волю Ягоную і ўбачыў Справядлівага ды пачуў голас з вуснаў Ягоных,
А ён кажа: "Бог бацькоў нашых выбраў цябе, каб пазнаў ты волю Ягоную і ўбачыў Справядлівага, ды пачуў голас з вуснаў Яго,
бо будзеш ты сьве́дкай Яму перад усімі людзьмі аб тым, што бачыў ды чуў.
бо будзеш сьведчыць аб ім усім людзям, што ты бачыў і чуў.
Дык чаго-ж вагаешся цяпе́р? Устань, ахрысьціся й змый грахі твае́, прызваўшы імя Гасподняе.
Дык не марудзь. Прыймі хрост і абмый грахі твае, прызваўшы імя Ягонае".
І здарылася мне́, як вярнуўся ў Ерузалім ды маліўся ў храме, апынуўся я ў захапле́ньні
А калі вярнуўся я ў Ерузалім і маліўся ў сьвятыні, апынуўся ў захапленьні
і бачыў Яго, мовячы да мяне́: Сьпяшайся ды йдзі хутчэй із Ерузаліму, бо ня прымуць сьве́дчаньня твайго аба Мне́.
і ўбачыў Яго, як Ён мне казаў: "Пасьпяшайся і выйдзі з Ерузаліму, бо ня прыймуць твайго сьведчаньня пра Мяне".
Я-ж сказаў: Госпадзе, яны ве́даюць, што гэта я кідаў у вастрог ды біў па сынагогах ве́руючых у Цябе́,
Я ж сказаў: "Госпадзе, яны ж ведаюць, што я тых, што вераць у Цябе, замыкаў у вязьніцах і бічаваў у сынагогах;
а як пралілася кроў Сьцяпана, сьве́дкі Твайго, дык я і стаяў тамака, і пахваляў забойства яго, ды сьцярог вопраткі тых, што яго забівалі.
а калі пралівана была кроў Сьцяпана, сьведкі Твайго, і я ўдзельнічаў, і згаджаўся на гэта ды пільнаваў адзеньня забойцаў ягоных".
І сказаў да мяне́: Ідзі, бо далёка пашлю цябе́ да паганаў.
Ён жа сказаў мне: "Ідзі, бо я цябе пашлю далёка да паганаў".
Да гэтага слова яго слухалі ды паднялі голас свой, кажучы: Зьнішчы із зямлі такога! Бо ня жыць яму!
І слуxалі яны яго да гэтых словаў і тады закрычалі: "Прымі з зямлі такога, бо яму нельга жыць!"
А як яны крычэлі й кідалі вопраткі ды пыл падкідалі ў паве́тра,
А калі яны крычалі, і махалі адзеньнем, і кідалі пясок у паветра,
тысячнік загадаў вясьці яго ў замак, сказаўшы бічаваць яго, каб даве́дацца, дзеля якое прычыны гэтак крычэлі проці яго.
трыбун загадаў завесьці яго ў крэпасьць ды бічаваньнем змусіць яго прызнацца, каб даведацца прычыну, дзеля якой так крычаць на яго.
Калі-ж расьцягнулі яго рэмнямі, сказаў Паўла да стаяўшага сотніка: Ці-ж можна вам бічаваць Рымскага грамадзяніна, да таго-ж бяз суду?
І калі яго вязалі рамнямі, Павал зьвярнуўся да стаячага побач сотніка, кажучы: "Ці маеце права без суду бічаваць грамадзяніна Рымскага?"
Сотнік, пачуўшы, пайшоў ды паве́даміў тысячніка, кажучы: Глядзі, што ты хочаш зрабіць? Бо-ж гэты чалаве́к — Рымскі грамадзянін.
Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў да трыбуна і сказаў яму: "Што робіш? Гэты ж чалавек — Рымлянін".
І прыйшоў тысячнік ды кажа яму: Скажы мне́, ці ты Рымскі? Ён жа сказаў: Але́.
Трыбун падыйшоў і спытаўся ў яго: "Скажы, ці ты — Рымлянін?" А Павал сказаў: "Так".
Тысячнік адказаў: Я набыў гэтае грамадзянства за вялікія грошы. Паўла-ж сказаў: А я й урадзіўся.
Трыбун адказаў: "Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства". А Павал сказаў: "Я маю яго ад нараджэньня".
Дык ураз адступіліся ад яго тыя, што ме́ліся выпытываць у яго. А тысячнік, даве́даўшыся, што ён — Рымскі грамадзянін, спалохаўся, што зьвязаў яго.
Адразу таму адыйшлі ад яго тыя, што меліся выпытваць яго. А трыбун, даведаўшыся, што Павал ёсьць Рымлянін, спалохаўся, што загадаў яго зьвязаць.
Назаўтрае-ж, хочучы даведацца напэўна, за што абвінавачываюць яго Жыды, зьняў з яго кайданы й загадаў прыйсьці архірэям ды ўсяму сынэдрыону іх і, вывеўшы Паўлу, паставіў яго перад імі.
На другі дзень трыбун, хочучы лепш даведацца, з якой прычыны вінавацяць яго Юдэі, зьняў з яго рамяні, ды загадаў прыйсьці першасьвятарам і ўсёй Радзе, і, прывёўшы Паўла, паставіў яго перад імі.