Да Каласянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Хачу-ж, каб вы ве́далі, якую барацьбу маю за вас і за тых, што ў Ляодыкіі, і за ўсіх, што ня бачылі аблічча майго ў це́ле,
 
Хачу вось, каб вы ведалі, якую руплівасць я маю дзеля вас і адносна тых, што ў Лаадыцэі, і што не бачылі мяне асабіста ў целе,

каб це́шыліся сэрцы іх, злучаныя ў любві, ды дзеля ўсякага багацьця даска́налага разуме́ньня, дзеля пазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста,
 
каб парадаваліся сэрцы іх, навучаныя ў любові і для поўнага ўзбагачэння розуму, дзеля пазнання тайны Бога — Хрыста,

у якім усе́ скарбы мудрасьці і ве́даньня схаваны.
 
у Якім усе скарбы мудрасці і ведання схаваны.

Кажу-ж гэтае, каб хто-не́будзь ня зьвёў вас, пераконываючы словамі;
 
Гэта вам кажу, каб ніхто вас не падмануў падступствам слоў.

бо, хаця й няма мяне́ це́лам, але духам я з вамі, радуючыся і ўглядаючыся на ваш лад і цьвёрдасьць ве́ры вашае ў Хрыста.
 
Бо хаця я адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы парадак ваш і цвёрдасць веры вашай у Хрыста.

Дык вось, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, хадзе́це ў Ім,
 
Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, у Ім і жывіце,

укараніўшыся і збудаваныя ў Ім, дый акрэпшы ў веры, як вы былі навучаны, з падзякаю багаце́ючы ёю.
 
укарэненыя і ўбудаваныя ў Ім, і ўзмоцненыя ў веры, як і былі навучаны, несупынна дзякуючы Яму.

Глядзе́це, каб хто ня зьвёў вас філёзофіяй і пустым подступам па пераказу чалаве́чаму, па стыхіям сьве́ту, а не па Хрысту;
 
Глядзіце, каб не збаламуціў вас хто філасофіяй і пустым ашуканствам паводле звычаю людзей, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста.

Бо ў Ім жыве́ ўся поўня Божства цяле́сна,
 
Бо ў Ім прабывае ўся паўната Боства цялесна,

і вы напоўнены ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады;
 
і вы напоўнены ў Ім, Які ёсць галава ўсякага начальства і ўлады.

у Ім вы і абрэзаны абрэзаньнем нерукатворным, зьняўшы з це́ла грахі цяле́сныя ў абрэзаньні Хрыстовым,
 
У Ім вы абрэзаны абразаннем, не рукой зробленым удасканаленнем цела цялеснага, але абразаннем Хрыстовым,

пахаваныя з Ім у Хрышчэньні; у Ім вы і ўскрэсьлі разам праз ве́ру ў сілу Бога, Які ўскрасіў Яго з мёртвых,
 
пахаваныя з Ім у хросце, вы з Ім і ўваскрэслі праз веру ў магутнасць Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых.

дый вас, якія былі мёртвыя ў грахох і неабрэзаньні це́ла вашага, ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе́ грахі,
 
І вас, мёртвых у злачынствах і неабрэзанасці цела вашага, ажывіў з Ім, дараваўшы нам усе грахі,

зьнішчыўшы навукаю напісанае аб нас рукою, што было супраць нас; і ўзяў Яго спасярод і прыбіў да крыжа;
 
скасаваўшы напісаную рукою пастанову, што асуджала нас, што была супраць нас, і ўзяў Яго з асяроддзя нашага і прыбіў Яго да крыжа,

разьдзе́ўшы начальства і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, перамогшы іх у Ім.
 
раззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў адважна [на відовішча], трыумфуючы над імі ў Ім.

Дык няхай ніхто не асуджае вас за е́жу, ці піцьцё, ці за ўчасьце́ ў сьвяце, ці маладзіку, ці субоце:
 
Дык хай ніхто вас не асуджае за яду або пітво, або з прычыны дня святочнага, ці маладзіка, ці суботы,

гэта ёсьць це́нь таго, што ма́е быць; це́ла-ж Хрыстовае.
 
якія з‘яўляюцца ценем будучага, цела ж — Хрыстова.

Няхай ніхто не спакушае вас, накланяючы мудрасьцяй пакоры і служэньнем ангелаў, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, марна пышаючыся розумам це́ла свайго
 
Ніхто няхай не пазбавіць вас узнагароды, маючы ўпадабанне ў прыніжэнні сябе і кульце анёлаў, звяртаючы ўвагу на тое, што не бачыў, марна пышачыся розумам цела свайго

і ня трымаючыся Галавы, ад якое ўсё це́ла, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расьце́ ростам Божым.
 
і не трымаючыся Галавы, ад Якой усё цела, суставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расце ўзрастаннем Божым.

Дык, калі вы паме́рлі з Хрыстом для стыхіяў сьве́ту, чаго-ж, быццам жывучы ў сьве́це, трымаецеся закону:
 
Дык калі вы памёрлі з Хрыстом для стыхій свету, чаму ж, быццам жывучы яшчэ ў свеце, падпарадкоўваецеся вы пастановам:

не чапай, ані прабуй, ані датыкайся, — што́ ўсё на тле́ньне ад ужываньня, —
 
«Не чапай, не каштуй, не дакранайся»?

водле за́паведзяў і навукі чалаве́чае?
 
Гэта ўсё праз само карыстанне вынішчаецца, згодна з пастановамі і навукамі чалавечымі.

Гэта ма́е толькі выгляд мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрасьці пакоры і мардаваньні це́ла, не ў пашане да сытасьці це́ла.
 
Гэта мае толькі выгляд мудрасці ў самавольным служэнні, у пакорлівасці, у нядбанні пра цела, у поўнай непашане да насычанасці цела.