Да Габрэяў 8 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Галоўнае-ж у сказаным ёсьць: мы маем Архірэя такога, што се́ў праваруч пасаду ве́лічы на нябёсах,
 
З разважаных намі спраў галоўная тая, што мы маем такога Першасвятара, Які сеў праваруч пасада Велічы ў небе,

слуга сьвятыні і скініі праўдзівай, якую паставіў Госпад, а не чалаве́к.
 
Служыцеля святыні і праўдзівай палаткі, якую паставіў Госпад, а не чалавек.

Бо кожны архірэй стаўляецца на тое, каб прынасіць дары й ахвяры; дык трэба было, каб і Гэты ме́ў нешта, што прыне́сьці.
 
Кожны святар стаўляецца складаць дары і ахвяры, таму трэба было, каб і Гэты меў нешта для ахвяры.

Бо калі-б Ён быў на зямлі, дык ня быў-бы сьвяшчэньнікам, бо ёсьць сьвяшчэньнікі, што па закону прыносяць дары,
 
Калі б Ён заставаўся на зямлі, то не быў бы святаром, таму што ёсць тут такія, што складаюць дары паводле закону.

якія служаць абразу́ і це́ню нябе́снага, як ска́зана было Майсе́ю, калі ён маніўся зрабіць скінію: Глядзі, сказана, рабі ўсё па ўзору, паказанаму табе́ на гарэ (Выхад 25:40).
 
Яны служаць вобразу і цені нябеснага, як сказана было Майсею, калі меў паставіць палатку: «Глядзі, вось, кажа, зрабі ўсё паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары».

Цяпе́р жа Ён атрымаў служэньне тым дасканальшае, чым ле́пшага Ён пасярэднік запаве́ту, які ўзаконіўся на ле́пшых прырачэньнях.
 
Цяпер вось Ён атрымаў лепшае служэнне настолькі, наколькі стаўся Пасярэднікам лепшага запавету, які ўгрунтаваны на лепшых абяцаннях.

Бо калі-б той пе́ршы быў без заганы, дык ня шукалася-б ме́сца другому.
 
Бо калі б той першы быў без заганы, то не трэба было б шукаць на яго месца другога.

Бо-ж, дакараючы іх, кажа: вось, надыходзяць дні, кажа Госпад, калі зро́блю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запаве́т,
 
Бо, ушчуваючы іх, кажа: «Вось жа настануць дні, кажа Госпад, і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет,

не паводле запаве́ту, які з бацькамі іх зрабіў у той дзе́нь, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпскай; бо яны ня вы́трывалі ў запаве́це Маім, і Я перастаў рупіцца аб іх, — кажа Госпад.
 
не паводле запавету, які Я зрабіў з іх бацькамі ў дзень, у які Я ўзяў руку іх, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай, бо яны не вытрывалі ў Маім запавеце, і Я пакінуў іх, кажа Госпад.

Вось запаве́т, які дам дому Ізраіляваму пасьля тых дзён, — кажа Госпад: Даўшы законы Мае́ ў думкі іх, напішу іх і на сэрцах іхніх, і буду ім Бог, а яны Мне́ будуць народ.
 
Вось жа запавет, які Я дам дому Ізраэля пасля тых дзён, кажа Госпад, даўшы законы Мае у іх думкі, ды ў сэрцы іх упішу іх, і буду ім Богам, і яны будуць Мне народам.

І ня будзе вучыць кожны бліжняга свайго, і кожны брата свайго, кажучы: пазнай Госпада; бо ўсе́, ад малога да вялікага, ве́даць Мяне́ будуць.
 
І ніхто не будзе вучыць бліжняга свайго, ані брата свайго, кажучы: «Пазнай Госпада!» Бо ўсе Мяне пазнаюць ад найменшага аж да найбольшага з іх.

Бо міласьцівы буду да няпра́веднасьцяў іх і грахоў іхніх, і беззаконьняў іх ня ўспомню бале́й (Ерамія 31:31−34).
 
Бо міласэрным буду да іх беззаконняў і не ўспомню больш пра іх грахі».

А сказам «новы» састарыў пе́ршы; а састарэўшае і старэючае блізка да зьніштажэньня.
 
Кажучы пра «новы», першы прызнаў Ён старым. А тое, што старое і марнее, тое блізкае да знішчэння.