Да Габрэяў 10 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Бо закон, ма́ючы це́нь будучага дабра́, а ня самы абра́з рэчаў, тымі-ж ахвярамі, што прыносяцца кожын год, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць (з імі).
 
Закон, маючы цень будучых даброццяў, а не саму выяву рэчаў, аднымі і тымі самымі ахвярамі, штогод без перастанку складанымі, ніколі не можа ўдасканаліць тых, што прыступаюцца [з імі].

Бо кінулі-б прынасіць іх, бо ўжо ня ме́лі-б ніякае сьвядомасьці грахоў тыя, што служаць, раз ачы́шчаныя.
 
Інакш перасталі б іх складаць, таму што служыцелі, раз ачышчаныя, не мелі б ужо аніякага ўсведамлення грахоў.

Але ў іх што-году ўспамін аб грахох,
 
Аднак у іх прыпамінанне грахоў штогод усё ж застаецца.

бо немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў зьнімала грахі.
 
Бо немагчыма крывёй валоў і казлоў ачысціцца ад грахоў.

Дзеля гэтага (Хрыстос), уваходзячы ў сьве́т, кажа: Ахвяры й да́ру Ты не захаце́ў, але це́ла прыгатаваў мне́.
 
Таму, прыходзячы на свет, кажа [Хрыстос]: «Ахвяры і дару не захацеў Ты, але цела Мне прыгатаваў.

Усепале́ньні й (ахвяры) за грэх недаспадобы Табе́.
 
Цэласпальванні і ахвяры за грэх не спадабаліся Табе.

Тады Я сказаў: вось, іду (на пачатку кнігі напісана аба Мне́) учыніць волю Тваю, Божа (Псальм 39:7−9).
 
Тады сказаў Я: вось, іду, на пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць, Божа, волю Тваю».

Сказаўшы пе́рш, што ні ахвяры, ні да́ру, ні ўсепале́ньняў, ні (ахвяры) за грэх Ты не захаце́ў і не ўпадабаў, — а яны прыносяцца водле закону, —
 
Сказаўшы раней: «Ахвяр і дароў, цэласпальванняў і ахвяр за грэх не захацеў Ты, і не спадабаліся яны Табе», хоць і складаюцца паводле закону,

пасьля сказаў: вось іду учыніць волю Тваю, Божа. Касу́е пе́ршае, каб паставіць другое.
 
потым сказаў: «Вось іду, каб выканаць волю Тваю». Касуе першую, каб устанавіць другую.

Гэтай вось воляй асьвячоны мы аднакротна прынясе́ньнем це́ла Ісуса Хрыста.
 
На моцы той волі асвечаны мы назаўсёды праз ахвяру цела Ісуса Хрыста.

І ўсякі сьвяшчэньнік штодня стаіць, служачы ды мнагакро́тна прыносячы тыя-ж ахвяры, якія ніколі ня могуць зьняць грахоў.
 
І кожны, што праўда, святар штодзень служыць і часта складае тыя самыя ахвяры, якія ніяк не могуць зняць грахоў.

Ён жа, прыне́сшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды се́ў праваруч Бога,
 
Ён жа, склаўшы адну ахвяру за грахі, навек сядзіць праваруч Бога,

ждучы́ дале́йшага, дакуль ворагі Яго будуць пакла́дзены к падножжу ног Яго (Псальм 2:8).
 
чакаючы, аж пакуль ворагі Яго будуць пакладзены да падножжа ног Яго.

Бо Ён адным да́рам дасканалымі зрабіў назаўсёды асьвяча́ных.
 
Вось Ён адной ахвяраю ўдасканаліў на векі тых, якія асвечаны.

Сьве́дчыць жа нам і Дух Сьвяты; бо сказана:
 
Сведчыць нам аб гэтым і Дух Святы, бо пасля таго Ён сказаў:

Вось запаве́т, які пакладу́ вам пасьля дзён гэных, кажа Госпад: даўшы законы Маі ў се́рцы іх, напішу іх і ў думках іхніх,
 
«Такі вось запавет, які заключу з імі па гэтых днях, кажа Госпад, даючы законы Мае ў іхнія сэрцы, і ў розумы іхнія ўпішу іх,

і грахоў іх і беззаконьняў іх ня ўспомню бале́й.
 
ды грахоў і беззаконняў іх ужо ўспамінаць не буду».

А дзе адпушчэньне іх, там непатрэбны дар за грахі.
 
А дзе адпушчэнне [грахоў], там ужо больш не трэба ахвяры за грэх.

Дык, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвятыню крывёй Ісуса Хрыста,
 
Дык, маючы тады, браты, пэўнасць увайсці ў святое праз кроў Ісуса,

шляхам новым і жывым, які Ён аднавіў нам праз заслону, гэта ёсьць це́ла Свае́,
 
Які праклаў нам шлях новы і жывы праз заслону, гэта значыць цела Сваё,

ды маючы вялікага Сьвяшчэньніка над домам Божым,
 
і вялікага Першасвятара над домам Божым,

прыступайма з шчырым сэрцам, у поўні ве́ры, акрапіўшы сэрцы ад сумле́ньня благога і абмыўшы це́ла чыстай вадою,
 
прыступайма са шчырым сэрцам, у паўнаце веры, ачысціўшы сэрцы ад усякай свядомасці ліхой і з абмытым чыстаю вадою целам.

трыма́ймася няўхільна вызна́ньня надзе́і, (бо ве́рны Той, Хто прырок).
 
Трымаймася непарушнага вызнання надзеі, якую вызнаём, бо верны ёсць Той, Які даў абяцанне;

І ўважа́йма адзін на аднаго, заахвочываючы да любві і добрых учынкаў,
 
і зважайма адзін на аднаго, заклікаючы да любові і да добрых учынкаў.

не пакідаючы зграмаджэньня свайго, як ёсьць у некаторых звычай, але заклікаючы (да яго), і тым бале́й, чым бале́й выгляда́еце набліжэньня гэнага дня.
 
Не прапускайма нашых супольных сходаў, як сталася звычкай некаторых, але суцяшаймася, і тым больш, чым больш вы бачыце надыходзячы дзень.

Бо калі мы самахоць грашы́м, прыняўшы пазнаньне праўды, дык ужо не астае́цца ахвяра за грахі,
 
Бо калі мы добраахвотна грашым, прыняўшы пазнанне праўды, дык не застаецца ўжо ахвяры за грэх,

але не́йкае страшное чаканьне суду і па́лу агнявога, што ма́е пажэрці супраціўнікаў.
 
але толькі нейкае страшнае чаканне суда і жар агню, які павінен будзе паліць супраціўнікаў.

Хто адступіўся ад закону Майсе́явага пры двох ці трох сьве́дках, хай памрэць без зьмілаваньня;
 
Хто не падпарадкоўваецца закону Майсея, таго без ніякай міласэрнасці караюць смерцю пры двух або трох сведках.

наколькі-ж, думаеце, цяжэйшае ка́ры варты будзе той, хто Сына Божага патапта́ў, і кроў запаве́ту, якою ён асьвячоны, за звычайную ўважаў, і Духа ласкі зьняважа́ў?
 
Падумайце самі, як шмат страшнейшых кар варты той, які Сына Божага патаптаў, ці кроў запавету, якой быў асвечаны, за звычайную лічыў і Духа ласкі зняважыў?

Мы ве́даем Таго, Хто сказаў: Мне́ помста, Я аддам, кажа Госпад. І ізноў: Госпад будзе судзіць народ Свой (Другазаконьне 32:35−36).
 
Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў: «Мне помста, і Я дам адплату», або зноў: «Сам Госпад будзе судзіць Свой народ».

Страшна папасьці ў рукі Бога Жывога.
 
Страшна трапіць у рукі Бога жывога.

Прыпомніце-ж пе́ршыя дні вашыя, калі вы, прасьве́чаныя, вытрымалі вялікае тамле́ньне мукаў,
 
Прыпомніце мінулыя дні, у якіх вы, асвечаныя, перанеслі вялікую навалу пакут,

то самі выстаўля́ныя на зьнявагі і зьдзе́кі, то дзе́лючы такое-ж жыцьцё другіх,
 
іншы раз самі стаўшыся відовішчамі зняваг і цярпенняў або іншы раз быўшы сучаснікамі тых, што падобнае перажывалі.

бо вы і маім путам спачувалі, і рабаваньне багацьця вашага з радасьцяй прыймалі, ве́даючы, што маеце на нябёсах багацьце ле́пшае, непераходзячае.
 
Бо пакутавалі вы разам з увязненымі, і з радасцю прынялі вы рабунак вашай маёмасці, ведаючы, што маеце багацце лепшае, трывалае.

Дык не пакідайце адвагі вашае, якая ма́е вялікую нагароду.
 
Дык не пакідайце спадзявання вашага, якое мае вялікую ўзнагароду,

Бо патрэбна вам цярплівасьць, учыніўшы волю Божую, дастаць абяцанае;
 
цярплівасць жа вам патрэбна, каб, спаўняючы волю Божую, дачакаліся абяцання.

бо яшчэ крыху, крыху, і прыдзе Той, Хто надыходзе, і не замарудзіць.
 
Яшчэ вось крыху, крыху і прыйдзе Той, Які павінен прыйсці, і не замарудзіць.

А пра́ведны ве́раю жыць будзе; і: калі хто спалохаецца, не ўпадаба́е яго душа Мая (Аввакума 2:3−4).
 
Бо справядлівы верай жыве; калі б хто хістаўся, не спагадная да таго душа Мая.

Мы-ж не палахлівыя на пагібель, але ве́руючыя на збаўле́ньне душы.
 
Мы ж не з’яўляемся адступнікамі на загубу, але веруючымі на збаўленне душы.