Да Габрэяў 10 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2003
Бо Закон, які мае (толькі) цень будучых дабротаў, а ня самую існасьць рэчаў, тымі ахвярамі, якія прыносяцца пастаянна і кожны год, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, хто прыходзіць (з ахвярамі).
Закон, маючы цень будучых даброццяў, а не саму выяву рэчаў, аднымі і тымі самымі ахвярамі, штогод без перастанку складанымі, ніколі не можа ўдасканаліць тых, што прыступаюцца [з імі].
Інакш перасталі б прыносіць (ахвяры), ахвяравальнікі, стаўшыся аднойчы ачышчанымі, перасталі б у далейшым усьведамляць свае грахі.
Інакш перасталі б іх складаць, таму што служыцелі, раз ачышчаныя, не мелі б ужо аніякага ўсведамлення грахоў.
Але гэтымі (ахвярамі) кожны год (робіцца) напамінаньне пра грахі;
Аднак у іх прыпамінанне грахоў штогод усё ж застаецца.
бо кроў быкоў і казлоў ня мае сілы зьнішчаць грахі.
Бо немагчыма крывёй валоў і казлоў ачысціцца ад грахоў.
Таму (Хрыстос), уваходзячы ў сусьвет, кажа: «ахвяры і прынашэньня Ты ня захацеў; але Цела прыгатаваў Мне;
Таму, прыходзячы на свет, кажа [Хрыстос]: «Ахвяры і дару не захацеў Ты, але цела Мне прыгатаваў.
цэласпальваньні і (ахвяры) за грэх (Ты) палічыў нязадавальняльнымі.
Цэласпальванні і ахвяры за грэх не спадабаліся Табе.
Тады Я сказаў: “Вось іду, — у пачатку скрутку напісана пра Мяне, — каб выканаць, Божа, волю Тваю”».
Тады сказаў Я: вось, іду, на пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць, Божа, волю Тваю».
Раней сказаўшы, што «ахвяры і прынашэньня і цэласпаленьняў, і ахвяры за грэх Ты ня захацеў і ня ўпадабаў», якія прыносяцца паводля Закону,
Сказаўшы раней: «Ахвяр і дароў, цэласпальванняў і ахвяр за грэх не захацеў Ты, і не спадабаліся яны Табе», хоць і складаюцца паводле закону,
потым Ён сказаў: «Вось іду выканаць, Божа, волю Тваю». (Гэтым) Ён адмяняе першае, каб паставіць другое.
потым сказаў: «Вось іду, каб выканаць волю Тваю». Касуе першую, каб устанавіць другую.
Паводля гэтай волі мы асьвячоны праз прынясеньне Цела Ісуса Хрыста раз і назаўсёды.
На моцы той волі асвечаны мы назаўсёды праз ахвяру цела Ісуса Хрыста.
І ўсякі сьвятар стаіць штодзённа служачы і шматразова прыносячы адны і тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьнішчыць грахі.
І кожны, што праўда, святар штодзень служыць і часта складае тыя самыя ахвяры, якія ніяк не могуць зняць грахоў.
А Ён прынёсшы за грахі адну ахвяру, назаўсёды сеў праваруч Бога,
Ён жа, склаўшы адну ахвяру за грахі, навек сядзіць праваруч Бога,
чакаючы таго, калі ворагі Ягоныя будуць пакладзены ў падножжа Ног Ягоных.
чакаючы, аж пакуль ворагі Яго будуць пакладзены да падножжа ног Яго.
І адным прынашэньнем Ён назаўсёды зрабіў дасканалымі асьвячаемых.
Вось Ён адной ахвяраю ўдасканаліў на векі тых, якія асвечаны.
Сьведчыць жа нам і Дух Сьвяты; а затым прадказана:
Сведчыць нам аб гэтым і Дух Святы, бо пасля таго Ён сказаў:
«Вось Запавет, які Я заключу зь імі пасьля дзён гэных, — кажа Госпад, — дам Законы Мае ў сэрцы іхныя і ў думках іхных напішу іх,
«Такі вось запавет, які заключу з імі па гэтых днях, кажа Госпад, даючы законы Мае ў іхнія сэрцы, і ў розумы іхнія ўпішу іх,
і грахоў іхных і бяззаконьняў іхных ня ўспомню больш».
ды грахоў і беззаконняў іх ужо ўспамінаць не буду».
А дзе дараваньне іх, там ужо ня патрэбна прынашэньне за грэх.
А дзе адпушчэнне [грахоў], там ужо больш не трэба ахвяры за грэх.
Дык вось, браты, маючы адвагу дзеля ўваходжаньня ў Сьвяцілішча праз Кроў Ісуса,
Дык, маючы тады, браты, пэўнасць увайсці ў святое праз кроў Ісуса,
шляхам, які Ён праклаў дзеля нас — новым і жывым, праз заслону, гэта значыць (празь) Ягонае Цела,
Які праклаў нам шлях новы і жывы праз заслону, гэта значыць цела Сваё,
і (маючы) вялікага Сьвятара над домам Бога
і вялікага Першасвятара над домам Божым,
прыступайма (да ўваходжаньня ў Сьвяцілішча) са шчырым сэрцам, з поўнай верай, ачысьціўшы крапленьнем сэрца ад заганнага сумленьня і абмыўшы жыцьцё сваё ў Вадзе чыстай.
прыступайма са шчырым сэрцам, у паўнаце веры, ачысціўшы сэрцы ад усякай свядомасці ліхой і з абмытым чыстаю вадою целам.
Трымаймася няпахісна вызнаньня надзеі; бо верны Той, Хто абяцаў;
Трымаймася непарушнага вызнання надзеі, якую вызнаём, бо верны ёсць Той, Які даў абяцанне;
і будзьма ўважлівымі адзін да аднаго, заахвочваючы да любові і добрых учынкаў,
і зважайма адзін на аднаго, заклікаючы да любові і да добрых учынкаў.
ня пакідаючы свайго сходу, як сталася звычкаю ў нікаторых, але суцяшаючы (нахіляйма да яго адзін аднаго), і тым больш, калі бачыце, што Дзень Той набліжаецца.
Не прапускайма нашых супольных сходаў, як сталася звычкай некаторых, але суцяшаймася, і тым больш, чым больш вы бачыце надыходзячы дзень.
Бо калі мы ахвотна грашым, пасьля таго, як атрымалі пазнаньне праўды, дык ня застаецца ўжо ахвяры за грахі,
Бо калі мы добраахвотна грашым, прыняўшы пазнанне праўды, дык не застаецца ўжо ахвяры за грэх,
але нейкае страшнае чаканьне суду і жару агню, які мае пажэрці супраціўнікаў.
але толькі нейкае страшнае чаканне суда і жар агню, які павінен будзе паліць супраціўнікаў.
Бо калі хто адкінуў Закон Масея пры двух ці трох сьведках, мусіць быць адданы сьмерці бяз зьмілаваньня,
Хто не падпарадкоўваецца закону Майсея, таго без ніякай міласэрнасці караюць смерцю пры двух або трох сведках.
то той, хто Кроў Запавету, якой быў асьвячоны, палічыў нячыстай і Сына Бога падтаптаў, і Духа Багадаці зьняважыў, наколькі, думаеце, горшага заслугоўвае пакараньня?
Падумайце самі, як шмат страшнейшых кар варты той, які Сына Божага патаптаў, ці кроў запавету, якой быў асвечаны, за звычайную лічыў і Духа ласкі зняважыў?
Бо ведаем Таго, Хто сказаў: «у Мяне помста, Я адплачу, — кажа Госпад»; і яшчэ: «Госпад будзе судзіць народ Свой».
Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў: «Мне помста, і Я дам адплату», або зноў: «Сам Госпад будзе судзіць Свой народ».
Страшна трапіць у рукі Бога Жывога!
Страшна трапіць у рукі Бога жывога.
Дык прыпомніце мінулыя дні, калі вы, будучы прасьвечаныя, вытрымалі цяжкія выпрабаваньні пакутамі, —
Прыпомніце мінулыя дні, у якіх вы, асвечаныя, перанеслі вялікую навалу пакут,
то ў зьнявагах і зьдзеках служачы відовішчам (для другіх), то становячыся саўдзельнікамі тых, хто падобнае перажывалі;
іншы раз самі стаўшыся відовішчамі зняваг і цярпенняў або іншы раз быўшы сучаснікамі тых, што падобнае перажывалі.
бо вы і маім путам спачувалі і рабаваньне вашай маёмасьці вы прынялі з радасьцю, ведаючы, што вы маеце на Нябёсах маёмасьць лепшую і няпрамінушчую.
Бо пакутавалі вы разам з увязненымі, і з радасцю прынялі вы рабунак вашай маёмасці, ведаючы, што маеце багацце лепшае, трывалае.
Дык ня пакідайце адвагу вашую, якая мае вялікую ўзнагароду.
Дык не пакідайце спадзявання вашага, якое мае вялікую ўзнагароду,
Доўжыце вытрываласьць вашую, каб, споўніўшы волю Бога, атрымаць вам абяцанае.
цярплівасць жа вам патрэбна, каб, спаўняючы волю Божую, дачакаліся абяцання.
Бо яшчэ трохі і вельмі трохі, і Той, Хто ідзе, прыйдзе і ня замарудзіць.
Яшчэ вось крыху, крыху і прыйдзе Той, Які павінен прыйсці, і не замарудзіць.
«А праведны вераю жыць будзе»; а «калі хто ад страху захістаецца, ня хінецца да таго Душа Мая».
Бо справядлівы верай жыве; калі б хто хістаўся, не спагадная да таго душа Мая.
Мы ж ня з тых, што праз страх адступаюцца на пагібель, але з тых, што стаяць у веры — на збаўленьне душы.
Мы ж не з’яўляемся адступнікамі на загубу, але веруючымі на збаўленне душы.