Марка 5 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

І прыйшлі на той бок мора, у старану Гадарэнскую.
 

І, калі выйшаў Ён з чаўна́, зараз жа пераняў Яго чалаве́к з магільніку, апанава́ны нячыстым.
 

Ён ме́ў жыльлё ў магілах; і ніхто ня мог яго зьвязаць навет ланцугамі,
 

бо многа разоў скоўвалі яго путамі ды ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня ме́ў сілы супакоіць яго;
 

заўседы ўначы і ўдзе́нь ён быў у го́рах ды ў магілах, крычучы́ і б’ючы́ сябе́ каме́ньмі.
 

Угле́дзіўшы-ж Ісуса здалёку, прыбе́г ды пакланіўся Яму
 

і, закрычэўшы моцным голасам, сказаў: што Табе́ да мяне́, Ісус, Сын Бога Усявышняга? Заклінаю Цябе́ Богам, ня муч мяне́!
 

(Бо Ісус казаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалаве́ка).
 

І спытаўся ў яго: як імя тваё? І ён сказаў у адказ: легіён імя маё, бо нас многа.
 

І дужа прасіў Яго, каб не высылаў іх вон з стараны тае́.
 

Пасьвіўся-ж там ля гары вялікі гурт сьвіне́й.
 

І прасілі Яго ўсе́ дэманы: пашлі нас у сьвіне́й, каб нам увайсьці ў іх.
 

Ісус ураз жа дазволіў ім. І нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіне́й, і кíнулася ста́да з кру́чы ў мора; было-ж каля дзьвёх тысячаў; і патанулі ў моры.
 

А тыя, што па́сьвілі сьвіне́й, пабе́глі ды абвясьцілі ў ме́сьце і па весках. І жы́хары выйшлі паглядзе́ць, што́ ста́лася.
 

Прыходзяць да Ісуса ды бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў іх легіён, сядзіць, адзе́ты, пры здаровым розуме; дык спало́халіся.
 

І бачыўшыя расказалі ім, як ста́лася з апанава́ным дэманамі, ды аб сьвіньнях.
 

І пачалі прасіць Яго адыйсьці ад ме́жаў іхніх.
 

І, калі Ён увайшоў у чо́вен, дык той, што быў апанаваны дэманамі, папрасіўся быць з Ім.
 

Але Ісус не дазволіў яму і кажа да яго: ідзі дамоў да сваіх ды раскажы ім, што зрабіў табе́ Госпад і як зьлітаваўся над табою.
 

І пайшоў ды пачаў апавяда́ць у Дзесяціградзьдзі, што зрабіў з ім Ісус. І ўсе́ дзівіліся.
 

Калі Ісус ізноў перабраўся ў чаўне́ на другі бе́раг, сабралося да Яго множства народу. І быў Ён ля мора.
 

І вось прыходзіць адзін із школьных старшын, на імя Яір, і, угле́дзіўшы Яго, па́дае да ног Ягоных
 

і ве́льмі просіць Яго, ка́жучы: дачка́ мая ўмірае: прыйдзі, палажы на яе́ рукі, каб яна паздараве́ла і жыла.
 

І пайшоў з ім. І за Ім ішло шмат народу і ціснулі Яго.
 

І не́йкая жанчына, якая цярпе́ла ад крываце́чы дванаццаць гадоў
 

ды шмат вы́цярпела ад многіх дахтароў і патраціла на іх усё, ня маючы ніякае палёгкі, ды йшчэ больш хворая,
 

пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ззаду між народам і дакрану́лася да во́праткі Яго́нае,
 

бо казала: калі хоць да вопраткі Яго дакрану́ся, паздараве́ю.
 

І зараз задзяржалася ў яе́ крываце́ча, і пачула яна ў це́ле сваім, што паздараве́ла ад хворасьці.
 

У той жа час Ісус, пачу́ўшы Сам у Сабе́, што выйшла з Яго сіла, зьвярнуўся да народу і сказаў: хто дакрану́ўся да Мае́ адзе́жы?
 

Вучні сказалі Яму: Ты бачыш, што народ тоўпіцца ля Цябе́, і пытаешся: хто дакрану́ўся да Мяне́?
 

Але Ён аглянуўся наўкола, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
 

Жанчына-ж, спало́хаўшыся і дрыжучы́, бо ве́дала, што з ёю сталася, падыйшла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
 

Ён жа сказаў ёй: дачка́! ве́ра твая збавіла цябе́. Ідзі ў супакоі і будзь здарова ад хворасьці твае́.
 

Ён яшчэ гаварыў, калі прыходзяць ад школьнага старшыні ды кажуць: дачка́ твая памёрла; на што яшчэ турбу́еш вучыцеля?
 

Але Ісус, ураз пачуўшы гаво́раныя сло́вы, кажа да старшыні школы: ня бойся, толькі ве́р!
 

І не дазволіў нікому йсьці за Сабою, апрача́ Пятра́, Якава і Іоана, брата Якавага.
 

Прыходзіць у дом старшыні школы і бачыць трывогу, плач ды ля́мант вялікі.
 

І, увайшо́ўшы, кажа ім: чаго трыво́жыцеся ды пла́чаце? Дзяўчы́на ня ўме́рла, але сьпіць.
 

І сьмяяліся з Яго. Але Ён, вы́слаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацькоў дзяўчыны і быўшых з Ім ды ўваходзіць туды, дзе́ ляжала дзяўчына.
 

І, узяўшы дзяўчыну за руку, кажа да яе́: Таліта, кумі! што значыць: дзяўчына, табе́ кажу, уста́нь!
 

І ўраз жа ўстала дзяўчына і пачала хадзіць; а было ёй дванаццаць гадоў. І здуме́ліся ад дзіва вялікага.
 

І Ён цьвёрда прыказаў ім, каб ніхто аб гэтым ня ве́даў; і сказаў даць ёй е́сьці.