2 да Карынфянаў 4 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Дзеля гэтага, маючы такое служэньне, як памілаваныя, мы не слабе́ем,
 

але адракаемся тайных дзе́л сораму, ня хо́дзячы ў хітрасьці, ані падыходзячы слова Божае, а выяўле́ньнем праўды прадстаўляючы сябе́ сумле́ньню кожнага чалаве́ка перад Богам.
 

Калі-ж і закрыта Эвангельле нашае, дык закрыта для пагібаючых,
 

для няве́руючых, у якіх бог ве́ку гэтага асьляпіў думкі, каб ім не зазьяла сьвятло́ Эвангельля славы Хрыста, Які ёсьць абраз Бога нявідочнага.
 

Бо мы не аб сабе́ абвяшчаем, але аб Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе; а мы — слугі вашыя дзеля Ісуса.
 

Бо Бог, Які сказаў з це́мры зазьзяць сьвятлу, засьвяціў у сэрцах нашых дзеля прасьвятле́ньня нас пазнаньнем славы Божае ў абліччы Ісуса Хрыста.
 

Скарб-жа гэты маем у гліняных начыньнях, каб паддастаткам было сілы Божае, а ня з нас:
 

мы ў-ва ўсім уцісканыя, ды ня сьцісьненыя; мы ў роспачы, ды не ў безнадзе́йнасьці;
 

нас перасьле́дуюць, але мы не пакінены; мы павалены, ды не пагібаем.
 

Заўсёды носім у це́ле мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава выявілася ў це́ле нашым.
 

Бо мы, жывыя, заўсёды на сьме́рць выдаваны дзеля Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава выявілася ў сьмяротным це́ле нашым,
 

дык сьме́рць дзе́е ў нас, а жыцьцё ў вас.
 

Але, маючы той самы дух ве́ры, як напісана: Я ве́рыў і дзеля гэтага гаварыў (Псальм 115:1), і мы ве́рым, дык і гаворым,
 

ве́даючы, што Той, Хто ўскрасіў Госпада Ісуса, ускрасіць праз Ісуса і нас ды з вамі паставіць.
 

Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце ласкі тым большую ўва многіх памнажа́ла ўдзячнасьць на славу Божую.
 

Дзеля гэтага мы ня губляем надзе́і; але, калі наш вонкавы чалаве́к і тле́е, дык унутраны з дня на дзе́нь абнаўляецца.
 

Бо цяпе́рашняя лёгкасьць гора нашага церазме́рна вытварае вагу славы ве́чнае для нас,
 

якія глядзім не на відо́чнае, але на нявідочнае: бо відочнае — часовае, а нявідочнае — ве́чнае.