1 да Карынфянаў 8 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Аб жэртвах ідальскіх ве́даем, бо ўсе́ маем ве́ду. Але ве́да надзімае, а любоў будуе.
 

Хто думае, што ён не́шта ве́дае, той ніколі йшчэ нічога ня ве́даў, як трэба ве́даць;
 

але хто любіць Бога, таго Ён пазнае́.
 

Аб спажываньні-ж ахвяр ідальскіх ве́даем, што ідал на сьве́це нішто, і што няма іншага Бога, апрача Аднаго.
 

Бо, хаця і ёсьць гэтакзваныя богі, ці на не́бе, ці на зямлі, (бо-ж многа багоў і многа паноў), —
 

але ў нас адзін Бог Аце́ц, з якога ўсё, і мы для Яго; ды адзін Госпад Ісус Хрыстос, праз Якога ўсё, і мы праз Яго.
 

Але не ў-ва ўсіх гэткая ве́да: некаторыя і дагэтуль з ідальскай сьвядомасьцяй, што ядуць, як жэртву ідалам, і сьве́дамасьць іх, як нядужая, апаганіваецца.
 

Ежа-ж не набліжае нас да Бога, бо ці ямо́, ня робімся лепшымі, ці не ямо, ня робімся горшымі.
 

Глядзе́це-ж аднак, каб вашая ўлада ня ста́лася спакусай для слабых.
 

Бо, калі хто ўгле́дзіць, што ты, маючы ве́ду, за сталом у паганскай бажніцы, дык ці сьве́дамасьць яго, як слабога, ня збудуецца, каб е́сьці жэртвы ідальскія?
 

І ад твае́й ве́ды загіне слабы брат, за якога паме́р Хрыстос.
 

А, грэшачы гэтак супраць братоў і б’ючы па сьве́дамасьці іх, якая нядужая, вы грашыцё супраць Хрыста.
 

Дзеля гэтага, калі е́жа спакушае брата майго, ня буду е́сьці мяса даве́ку, каб не спакусіць брата майго.