Да Галятаў 3 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

О, бязглуздыя Галяты! Хто вас ачараваў, каб не пакараліся праўдзе, (вас), у якіх перад вачыма напе́рад быў апісаны Ісус Хрыстос, (як-бы) ў вас раскрыжаваны?
 

Гэтае толькі хачу даве́дацца ад вас: ці ад дзе́л закону вы ўзялі Духа? Ці ад слуханьня ве́ры?
 

Ці вы гэткія бязглуздыя, што, пачаўшы духам, цяпе́р завяршаеце це́лам?
 

Няўжо-ж гэтулькі пацярпе́лі вы надарма? Дый каб жа надарма!
 

Бо Той, Хто дае́ вам Духа, між вамі цуды робіць, — ці ад дзе́л закону (гэтае робіць), ці ад слуханьня ве́ры?
 

Водле (таго, як) Аўраам паве́рыў Богу, і залічана яму гэтае ў праведнасьць (Быцьцё 15:6).
 

Ве́дайце-ж, што, хто ад ве́ры, гэтыя есьць сыны Аўраамавы.
 

І Пісаньне, прадба́чачы, што Бог ве́раю апраўдывае паганаў, загадзя апавясьціла Аўраама: у табе́ багасла́ўлены будуць усе́ народы (Быцьцё 12:3).
 

Гэтак тыя, што ад ве́ры, багаслаўляюцца разам з ве́рным Аўраамам.
 

А тыя, што ад дзе́л закону, тыя пад праклёнам. Бо напісана: пракляты ўсякі, хто ня трывае ў-ва ўсім, што напісана ў кнізе закону, каб рабіць гэтае (Другазаконьне 27:26).
 

А што законам ніхто не апраўдываецца перад Богам, гэта ясна, бо праведны ве́раю жыць будзе (Аввакума 2:4).
 

Закон-жа не ад ве́ры; але чалаве́к, які гэтае выпаўняе, жыць будзе ў гэтым (Лявіт 18:5).
 

Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закону, стаўшыся за нас пракляцьцем (бо напісана: пракляты ўсякі, хто вісіць на дзе́раве) (Другазаконьне 21:23),
 

каб багаслаўле́ньне Аўраа́мавае ў Хрысьце́ Ісусе ста́лася на паганаў, каб абяцаньне Духа ўзялі мы праз ве́ру.
 

Браты, па чалаве́чаму кажу: навет чалаве́кам абве́шчанага запавету ніхто не адкідае, або не дадае́ (да яго).
 

Аўрааму-ж вы́сказаны прырачэньні і насе́ньню яго. Ня сказана: і насе́ньням, як аб многіх, але як аб адным: і насе́ньню твайму, якое ёсьць Хрыстос (Быцьцё 12:7).
 

Я-ж кажу тое, што запаве́ту аб Хрысьце́, ране́й сцьве́рджанага Богам, закон, які настаў цераз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе на тое, каб прырачэньне было зьнішчана.
 

Бо, калі спадчына — ад закону, дык ужо не з прырачэньня; але Аўрааму Бог падараваў цераз прырачэньне.
 

Дык што-ж закон? Ён дадзены з прычыны праступкаў, да часу, пакуль прыйдзе насе́ньне, якому дадзена прырачэньне, і выкладзены праз ангелаў рукою пасярэдніка.
 

Але пасярэднік ня ёсьць аднаго, а Бог адзін.
 

Дык ці закон про́ціў прырачэньняў Божых? Няхай ня станецца! Бо калі-б даны быў закон, што можа ажыўляць, дык запраўды праведнасьць была-б ад закону;
 

але пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб прырачэньне ад ве́ры Ісуса Хрыста было дадзена ве́руючым.
 

А да прыходу ве́ры мы замкнёны былі пад вартаю закону да таго часу, як мусіла адкрыцца ве́ра.
 

Дык закон быў для нас настаўнікам, (каб вясьці) да Хрыста, каб нам апраўдацца ве́раю.
 

Як-жа прышла ве́ра, мы ўжо не пад настаўнікам,
 

бо ўсе́ вы — сыны Божыя праз ве́ру ў Хрыста Ісуса.
 

Бо, колькі вас у Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся.
 

Няма ўжо Юдэя, ані Грэка; няма раба, ані свабоднага; няма мужчьшскага полу, ані жаноцкага: бо ўсе́ вы адно ў Хрысьце́ Ісусе.
 

Калі-ж вы — Хрыстовыя, дык вы — насе́ньне Аўраамавае і водле прырачэньня насьле́днікі.