Мацьвея 2 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Калі-ж Ісус нарадзіўся ў Віфляе́ме Юдэйскім у дні цара Ірада, прыйшлі ў Ерузалім ма́гі з усходу і кажуць:
 

Дзе́ народжаны Цар Юдэйскі? бо мы бачылі зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
 

Пачуўшы гэтае, Ірад цар занепакоіўся і ўве́сь Ерузалім з ім.
 

І, сабраўшы ўсіх архірэяў і кніжнікаў народных, пытаўся у іх: дзе́ нале́жа нарадзіцца Хрысту?
 

Яны-ж сказалі яму: у Віфляе́ме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока:
 

І ты, Віфляе́м, зямля́ Юдзіна, нічым ня ме́ншы за ваяводзтвы Юдавы, бо з цябе́ выйдзе Правады́р, Каторы ўпасе́ народ Мой Ізраільскі (Міхея 5:2).
 

Тады Ірад, тайком прыклікаўшы ма́гаў, вы́ведаў ад іх час зьяўле́ньня зоркі.
 

І, паслаўшы іх у Віфляе́м, сказаў: пайдзе́це, добра разьве́дайце пра Дзіцятка і, калі знойдзеце, паведаміце мяне́, каб і мне́ пайсьці пакланіцца Яму.
 

Яны, выслухаўшы цара́, пайшлі. І вось зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль нарэшце, прыйшоўшы, не супынілася над ме́сцам, дзе́ было Дзіця.
 

Угле́дзіўшы-ж зорку, яны ўзрадаваліся вялікаю ра́дасьцяй.
 

І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Марыяй, маткаю Яго, і ўпаўшы, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы сваі, прынясьлі Яму падарункі: золата, ладан і сьмірну.
 

І, ме́ўшы ў сьне́ нака́з ад Бога не варочацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў старану сваю.
 

Калі-ж яны адыйшлі, вось, Ангел Гасподні зьяўляецце ў сьне́ Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і матку Яго і бяжы ў Эгіпет, і будзь там, дакуль не скажу табе́; бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
 

Ён устаў уначы́, узяў Дзіцятка й матку Яго і пайшоў у Эгіпет.
 

І там быў да сьме́рці Ірада, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: з Эгіпту паклікаў Я сына Майго (Осія 11:1).
 

Тады Ірад, угле́дзіўшы, што ма́гі з яго пасьмяяліся, ве́льмі разгне́ваўся і паслаў выбіць усіх дзяце́й у Віфляе́ме і ўсіх ваколіцах яго, ад двох гадоў і малодшых, водле часу, які вы́ведаў ад ма́гаў.
 

Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, каторы кажа:
 

Голас у Раме чутны, плач і рыданьне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзе́цях сваіх і ня хоча ўце́шыцца, бо іх няма (Ерамія 31:15).
 

Па сьме́рці-ж Ірада, вось Ангел Гасподні ў сьне́ зьяўляецца Язэпу ў Эгіпце
 

і кажа: устань, вазьмі Дзіцятка і матку Яго і йдзі ў зямлю Ізраіляву, бо памёрлі шукаўшыя душы Дзіцяці.
 

Ён устаў, узяў Дзіцятка і матку Яго і прыйшоў у зямлю Ізраіляву.
 

А пачуўшы, што ў Юдэі пануе Архелай заме́ст Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды йсьці; але, папярэджаны ад Бога ў сьне́, пайшоў у ме́жы Галіле́йскія.
 

І, прыйшоўшы, асе́ў у ме́сьце, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назаве́цца (Судзьдзяў 13:5).