Мацьвея 13 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
У той жа дзе́нь, выйшаўшы з дому, Ісус се́ў ля мора.
І зыйшлося да Яго множства народу, так што Ён увайшоў у човен і се́ў, а ўве́сь народ стаяў на бе́разе.
І гаварыў ім многа прыпо́весьцямі, кажучы: вось выйшаў се́йбіт се́яць.
І, калі ён сеяў, іншае ўпала пры дарозе; і наляце́лі птушкі і паклявалі гэнае.
Іншае ўпала на ме́сца камяністае, дзе́ ня шмат было зямлі; і зараз узыйшло, бо зямля была ня глыбока.
Калі-ж узыйшло сонца, павя́ла і, ня ме́ўшы караня, засохла.
Іншае ўпала ў цярніну, і вы́расла цярніна, і заглушыла гэнае.
Іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзесят, іншае-ж у трыццаць.
Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
І, прыступіўшыся, вучні сказалі Яму: дзеля чаго гаворыш ім прыпо́весьцямі?
Ён сказаў ім у адказ: дзеля таго, што вам да́дзена ве́даць тайны царства Нябе́снага, а ім ня да́дзена.
Бо, хто ма́е, таму да́дзена будзе і пабо́льшае, а хто ня ма́е, у таго ады́мецца й тое, што ма́е.
Дзеля таго гавару ім прыповесьцямі, што яны, гле́дзячы ня бачаць і слухаючы, ня чуюць і не разумеюць.
І збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: слы́хам слу́хаць будзеце і не зразуме́еце, і вачыма глядзе́ць будзеце і ня ўгле́дзіце.
Бо агрубе́ла сэрца людзёў гэтых, і вушамі з нату́гаю чуюць і вочы свае́ заплюшчылі, каб ня ўгле́дзіць вачыма й не пачуць вушыма і не зразуме́ць сэрцам, ды каб не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх (Ісая 6:9−10).
Вашыя-ж шчасьлівыя вочы, што бачаць, і вушы вашыя, што чуюць.
Бо запраўды́ кажу вам, што многія прарокі і пра́веднікі хаце́лі бачыць, што́ вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што́ вы чуеце, і ня чулі.
Вы-ж вы́слухайце значэньне прыповесьці пра се́йбіта.
Да ўсякага, хто слу́хае слова аб царстве і не разуме́е, прыходзіць благí і крадзе́ пасе́янае ў сэрцы яго; вось каго азначае насе́янае пры дарозе.
А пасе́янае на камяністых мясцо́х азначае таго, хто чуе слова і зараз жа з ра́дасьцяй прыймае яго;
але ня ма́е ў сабе́ караня́ і няста́лы: калі надыходзіць бяда ці перасьле́даваньне слова, зараз адступа́ецца.
А пасе́янае ў цярніне азначае таго, хто чуе слова, але кло́паты ве́ку гэтага і пава́бнасьць багацьця заглушаюць слова, і стае́цца яно бясплодным.
Пасе́янае-ж на до́брай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разуме́е: гэткі дасьць плод, — і адзін дае́ сто, іншы шэсьцьдзесят, а іншы трыццаць.
Другую прыпо́весьць даў Ён ім, кажучы: царства Нябе́снае падобнае да чалаве́ка, што пасе́яў добрае се́мя на полі сваім.
Калі-ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасе́яў між пшаніцаю ку́калю і пайшоў.
Калі-ж збажына́ ўзыйшла́ і дала плод, тады паказаўся ку́каль.
Прыйшоўшы-ж слугі гаспадара дому сказалі яму: пане, хіба благое насе́ньне се́яў ты на полі тваім? скуль у ім ку́каль?
Ён жа сказаў ім: вораг зрабіў гэтае. А слугі сказалі яму: хочаш, мы пойдзем вы́палаць яго?
Але ён сказаў: не́; каб, выбіраючы ку́каль, вы не павырывалі разам і пшаніцы.
Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва́; і ў час жніва́ я скажу жанцам: зьбярэце пе́рш ку́каль і зьвяжэце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу зьбярэце ў гумно маё.
Другую прыпо́весьць даў Ён ім, кажучы: Царства Нябе́снае падобна да зярняці гарчы́чнага, якое чалаве́к узяў і пасе́яў на полі сваім.
Яно ме́ншае за ўся́кае се́мя, але, калі вы́расьце, бывае больш за ўсе́ расьліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябе́сныя і хаваюцца ў ве́цьці яго.
Іншую прыповесьць сказаў Ён ім: Царства Нябе́снае падобна да рашчы́ны, якую жанчына ўзяўшы палажыла ў тры ме́ры мукі, дакуль ня скісла ўсё.
Усё гэтае Ісус гаварыў народу прыповесьцямі і бяз прыповесьці не гаварыў ім,
каб збылося сказанае праз прарока, каторы кажа: адчыню́ ў прыповесьцях вусны Мае́; вы́кажу ўтоенае ад стварэньня сьве́ту (Псальм 77:2).
Тады Ісус, адпусьціўшы народ, увайшоў у дом. І прыступіліся да Яго вучні Яго і сказалі: растлумач нам прыповесьць аб ку́калі на полі.
Ён жа сказаў ім у адказ: се́йбіт до́брага насе́ньня ёсьць Сын Чалаве́чы.
Поле ёсьць сьве́т, добрае насе́ньне — гэта сыны царства, а ку́каль — сыны́ благога;
во́раг, што пасе́яў іх, ёсьць злы дух; жніво́ ёсьць сканчэньне сьве́ту, а жанцы — Ангелы.
Вось жа, як зьбіраюць ку́каль, агнём паляць; так будзе пры сканчэньні сьве́ту гэтага.
Пашле́ Сын Чалаве́чы Ангелаў сваіх, і зьбяруць з царства яго ўсё, што спакуша́е, і ўсіх, хто робіць беззаконьне.
І ўкінуць іх у пе́ч вагністую: там будзе плач і скрыгата́ньне зубоў.
Тады пра́веднікі зазьяюць, як сонца, у царстве Айца іх. Хто ма́е вушы чуць, няхай чуе.
Яшчэ падобна царства Нябе́снае да ска́рбу, схава́нага ў полі, які знайшо́ўшы чалаве́к прытаíў і ў радасьці ад гэтага йдзе́ і прадае́ ўсё, што мае, і купляе гэнае поле.
Яшчэ падобна царства Нябе́снае да купца, які шукае добрых пэрлаў
і, знайшоўшы адну дарагую пэрлу, пайшоў і прадаў усё, што ме́ў, і купіў яе́.
Яшчэ падобна царства Нябе́снае да не́ваду, закíненага ў мора, што набірае ўсякага роду ры́бы;
калі ён напоўніўся, яго вы́цягнулі на бе́раг і, се́ўшы, добрае сабралі ў судзіны, а благое выкінулі вон.
Так будзе пры сканчэньпі сьве́ту: зы́йдуць Ангелы і вы́дзеляць благіх спасярод пра́ведных
і ўкінуць іх у пе́ч вагністую; там будзе плач і скрыгата́ньне зубоў.
І спытаўся ў іх Ісус: ці зразуме́лі вы ўсё гэтае? Яны кажуць: так, Госпадзе!
Ён жа сказаў ім: вось чаму ўсякі кніжнік, наву́чаны аб царстве Нябе́сным, падобны да гаспадара, што выносіць з скарбніцы сваёй новае і старое.
І ста́лася, калі скончыў Ісус прыпо́весьці гэтыя, пайшоў адтуль
і, прыйшоўшы на ба́цькаўшчыну сваю, вучыў іх у школе іх, так што яны дзівіліся і гаварылі: скуль у Яго гэткая мудрасьць і моц?
Ці ня це́сьляў Ён сын? Ці не Ягоная маці заве́цца Марыя і браты Ягоныя Якаў і Іосій і Сымон, і Юда?
І сёстры Ягоныя ці-ж ня ўсе́ між намі? Скуль жа ў Яго ўсё гэтае?
І спакуша́ліся дзеля Яго. Ісус жа сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба толькі на ба́цькаўшчыне яго і ў доме ягоным.
І ня ўчыніў там многіх цудаў дзеля няве́рыя іх.