Адкрыцьцё 5 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І я ўбачыў у правай руцэ Таго, Хто сядзіць на троне, скрутак, спісаны ўсярэдзіне і на адвароце, змацаваны сямю пячаткамі.
 
І ўбачыў я ў правай руцэ Таго, Які сядзіць на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную на сем пячатак.

І я ўбачыў магутнага Анёла, які абвяшчаў гучным голасам: Хто годны разгарнуць скрутак і зняць яго пячаткі?
 
І ўбачыў магутнага анёла, што абвяшчаў гучным голасам: «Хто дастойны адкрыць кнігу і зняць яе пячаткі?»

І ніхто не мог ні ў небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю ні разгарнуць скрутак, ні паглядзець у яго.
 
І ніхто не мог ані на небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй адкрыць кнігу і глянуць на яе.

І я шмат плакаў, бо не знайшлося нікога годнага ні разгарнуць, ні чытаць скрутак, ні паглядзець у яго.
 
І я вельмі плакаў, што ніхто не знайшоўся быць дастойным адкрыць кнігу і глянуць на яе.

І адзін са старэйшынаў кажа мне: Не плач; вось, Леў з калена Іудава, корань Давідаў, перамог, каб разгарнуць скрутак і зняць сем яго пячаткаў.
 
І адзін са старых сказаў мне: «Не плач, вось Леў з пакалення Юды, корань Давідаў перамог, каб адкрыць кнігу і сем яе пячатак».

І я ўбачыў: пасярэдзіне трона і чатырох жывых істотаў і пасярэдзіне старэйшынаў стаіць Агнец, як бы заколаты, які мае сем рагоў і сем вачэй; гэта — [сем] Божых духаў, пасланых на ўсю зямлю.
 
І ўбачыў я між пасадам і чатырма жывёлінамі сярод старых Ягня стаіць, быццам забітае, маючы сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.

І Ён прыйшоў і ўзяў з правай рукі Таго, Хто сядзеў на троне.
 
І пайшло, і ўзяло з правай рукі Таго, Які сядзіць на пасадзе.

І, калі Ён узяў скрутак, чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Агнецам, маючы кожны арфу і залатыя чашы, поўныя фіміяму, а гэта — малітвы святых.
 
І калі ўзяло кнігу, чатыры жывёліны і дваццаць чатыры старыя ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гуслі і залатыя чары, поўныя пахнасцей, якія ёсць малітвы святых,

І яны спяваюць новую песню, кажучы: Годны Ты ўзяць скрутак і зняць яго пячаткі, бо Ты быў заколаты і выкупіў Богу Сваёю Крывёй нас з кожнага пакалення, і роду, і народа, і племя,
 
і спявалі новую песню, кажучы: «Дастойны Ты ўзяць кнігу і адкрыць пячаткі яе, бо Ты забіты быў і адкупіў нас Богу Крывёю Тваёй з усякага пакалення, і мовы, і народа, і паганаў,

і зрабіў іх царствам9 і святарамі нашаму Богу, і яны будуць10 валадарыць на зямлі.
 
і ўчыніў нас царамі і святарамі Богу нашаму, і будзем валадарыць на зямлі».

І я ўбачыў, і пачуў голас многіх Анёлаў вакол трона, і жывых істот, і старэйшынаў, і быў іх лік мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч,
 
І ўбачыў, і пачуў вакол пасада голас безлічы анёлаў, жывёлін і старых, і лік іх быў мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч,

і яны казалі гучным голасам: Годны заколаты Агнец прыняць сілу, і багацце, і мудрасць, і магутнасць, і гонар, і славу, і добраславенне.
 
што казалі гучным голасам: «Дастойны Ты, Ягня, што забіты быў, каб прыняць магутнасць, і багацце, і мудрасць, і сілу, і ўшанаванне, і славу, і дабраславенне».

І кожнае стварэнне, што ў небе, і на зямлі, і пад зямлёю, і на моры, і ўсё, што ў іх, пачуў я, казалі: Таму, Хто сядзіць на троне, і Агнецу — добраславенне, і гонар, і слава, і ўладарства векі вечныя.
 
Тады пачуў я, як заспявала ўсё стварэнне, што на небе, і што на зямлі, і што пад зямлёй, і што на моры, і што ў ім ёсць: «Таму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці хай будзе дабраславенне, і ўшанаванне, і слава, і ўлада на векі вечныя».

І чатыры жывыя істоты казалі: Амін. — І [дваццаць чатыры] старэйшыны ўпалі і пакланіліся [Таму, Хто жыве векі вечныя].
 
І чатыры жывёліны казалі: «Амін». І старыя ўпалі і пакланіліся [Таму, Хто жывы на векі вечныя].