Адкрыцьцё 5 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012
І я ўбачыў у Правіцы Сядзячага на Пасадзе скрутак, напíсаны з унутранага і задняга бакоў, запячатаны сямю пячаткамі.
І ўбачыў я ў правай руцэ Таго, Які сядзіць на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную на сем пячатак.
І я ўбачыў Ангела дужога, які абвяшчаў моцным голасам: хто годны разгарнуць скрутак і зьняць ягоныя пячаткі?
І ўбачыў магутнага анёла, што абвяшчаў гучным голасам: «Хто дастойны адкрыць кнігу і зняць яе пячаткі?»
І ніхто ня мог ані на небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць скрутак, ані паглядзець (у) яго.
І ніхто не мог ані на небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй адкрыць кнігу і глянуць на яе.
І я моцна плакаў, таму што ніхто ня быў знойдзены годным, каб разгарнуць і прачытаць скрутак, ані паглядзець у яго.
І я вельмі плакаў, што ніхто не знайшоўся быць дастойным адкрыць кнігу і глянуць на яе.
І адзін са старэйшынаў кажа мне: ня плач. Вось Леў, Каторы з роду Юды, карэнь Давідаў, перамог (і можа) разгарнуць скрутак і зьняць сем пячаткаў ягоных.
І адзін са старых сказаў мне: «Не плач, вось Леў з пакалення Юды, корань Давідаў перамог, каб адкрыць кнігу і сем яе пячатак».
І я глянуў, і вось пасярод Пасаду і чатырох жывёлаў ды пасярод старэйшынаў стаіць Ягняк, быццам забіты ў ахвяру, Які мае сем рагоў і сем вачэй, якія ёсьць сем духаў Бога, якія пасла́ны на ўсю зямлю.
І ўбачыў я між пасадам і чатырма жывёлінамі сярод старых Ягня стаіць, быццам забітае, маючы сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.
І Ён прыйшоў і ўзяў скрутак із Правіцы Сядзячага на Пасадзе.
І пайшло, і ўзяло з правай рукі Таго, Які сядзіць на пасадзе.
І калі Ён узяў скрутак, чатыры жывёлы і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Ягняком, маючы кожны гарпу і чары залатыя, поўныя тыміаму (пахнасьцяў), якія ёсьць малітвы сьвятых.
І калі ўзяло кнігу, чатыры жывёліны і дваццаць чатыры старыя ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гуслі і залатыя чары, поўныя пахнасцей, якія ёсць малітвы святых,
І пяюць песьню новую, кажучы: годзен Ты ўзяць скрутак і зьняць пячаткі ягоныя, таму што Ты быў ахвярна забіты і адкупіў нас для Бога Крывёю Тваёй із усякага роду і мовы, і народу, і племені,
і спявалі новую песню, кажучы: «Дастойны Ты ўзяць кнігу і адкрыць пячаткі яе, бо Ты забіты быў і адкупіў нас Богу Крывёю Тваёй з усякага пакалення, і мовы, і народа, і паганаў,
і зрабіў нас Богу нашаму каралямі і сьвятарамі, і мы будзем валадарыць на зямлі.
і ўчыніў нас царамі і святарамі Богу нашаму, і будзем валадарыць на зямлі».
І я ўбачыў і пачуў голас многіх Ангелаў вакол Пасаду і жывёл і старэйшынаў, і (быў лік іх мірыяды мірыядаў і) тысячы тысячаў (нязьлічонае мноства),
І ўбачыў, і пачуў вакол пасада голас безлічы анёлаў, жывёлін і старых, і лік іх быў мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч,
якія гаварылі голасам моцным: годзен Ягняк ахвярна забіты прыняць сілу і скарб (багацьце), і мудрасьць, і магутнасьць, і чэсьць, і славу, і багаслаўленьне.
што казалі гучным голасам: «Дастойны Ты, Ягня, што забіты быў, каб прыняць магутнасць, і багацце, і мудрасць, і сілу, і ўшанаванне, і славу, і дабраславенне».
І ўсякае стварэньне, якое ёсьць на небе і на зямлі, і пад зямлёй, і на моры, і ўсё, што знаходзіцца ў іх, пачуў я, што гаварылі: Сядзячаму на Пасадзе і Ягняку́ — багаслаўленьне і чэсьць, і слава, і ўладарства ў вяках вякоў.
Тады пачуў я, як заспявала ўсё стварэнне, што на небе, і што на зямлі, і што пад зямлёй, і што на моры, і што ў ім ёсць: «Таму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці хай будзе дабраславенне, і ўшанаванне, і слава, і ўлада на векі вечныя».
І чатыры жывёлы казалі: Амін. І дваццаць чатыры старэйшыны ўпа́лі і пакланіліся Жыву́чаму ў вяках вякоў.
І чатыры жывёліны казалі: «Амін». І старыя ўпалі і пакланіліся [Таму, Хто жывы на векі вечныя].