Мацьвея 7 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Не судзіце, каб вас не судзілі;
Ня судзіце, каб ня былі асу́джаны.
бо якім судом судзіце, такім будуць судзіць вас; і якою мерай мераеце, такою вам адмераюць.
Бо якім судом су́дзіце, такім будзеце су́джаны; і якою ме́ркаю ме́раеце, гэткаю і вам адме́раюць.
Што ж ты бачыш парушынку, што ў воку твайго брата, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?
І што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а пале́на ў сваім воку не адчува́еш?
Або як ты скажаш свайму брату: «Дай я выму парушынку з твайго вока»; а вось у тваім воку — бервяно?
Ці як скажаш брату свайму: дай, я выму сучок з вока твайго, а вось у тваім воку пале́на?
Крывадушнік, вымі спярша бервяно са свайго вока, а тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока твайго брата.
Крывадушнік! Дастань пе́рш пале́на з вока твайго і тады ўгле́дзіш, як дастаць сучок з вока брата твайго.
Не давайце святога сабакам і не кідайце вашых перлаў перад свіннямі, каб яны не растапталі іх сваімі нагамі і, павярнуўшыся, не разадралі вас.
Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб не патапталі іх нагамі сваімі і, адвярнуўшыся, не разарвалі вас.
Прасіце і дадуць вам; шукайце і знойдзеце; стукайце і адчыняць вам.
Прасе́це, і будзе вам да́дзена; шукайце і знойдзеце; сту́кайцеся, і адчыняць вам.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і таму, хто стукае, адчыняць.
Бо кожны, хто просіць, дастае́, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаенца, таму адчыняць.
Ці ёсць між вас чалавек, які, калі яго сын папросіць хлеба, падасць яму камень?
Ці ёсьць між вамі чалаве́к, у якога сын калі папросіць хле́ба, ён даў бы яму ка́мень?
Або калі папросіць рыбы, падасць яму змяю?
І калі папросіць рыбы, даў бы яму зьмяю?
Дык калі вы, будучы ліхімі, умееце даваць добрыя дары сваім дзецям, — тым болей ваш Бацька, Які ў нябёсах, дасць дабрага тым, хто просіць у Яго.
Дык, калі вы, будучы благімі, уме́еце даваць добрае дзе́цям вашым, тым бале́й Аце́ц ваш, што ў Нябёсах, дасьць добрае просячым у Яго.
Дык усё, што вы хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім; бо гэта закон і прарокі.
Вось жа ўсё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, дык тое рабе́це і вы ім; бо гэта закон і прарокі.
Уваходзьце праз вузкую браму; бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць на пагібель і шмат хто ўваходзіць праз іх.
Уваходзьце праз це́сныя вароты, бо шырокі вароты і вольны той шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто йдзе́ імі;
Якая17 цесная брама і вузкая дарога, што вядзе ў жыццё, і мала хто знаходзіць яе.
бо це́сны вароты і вузкі той шлях, што вядуць у жыцьцё, і ве́льмі мала хто знаходзіць іх.
Асцерагайцеся лжэпрарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай шкуры, а ўсярэдзіне яны — драпежныя ваўкі;
Сьцеражэцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у аве́чай скуры, а ў сярэдзіне яны ваўкі драпе́жныя.
З іх пладоў пазнаеце іх. Ці збіраюць з цярноўніку вінаград або з дзядоўнікаў фігі?
Па пладох іх пазна́еце іх. Ці зьбіраюць з цярноўніка вінаград, або з асоту фігі?
Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады; а нягоднае дрэва родзіць благія плады:
Гэтак усякае добрае дрэва дае́ і плады добрыя, а благое дрэва дае́ і плады благія.
не можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва нягоднае радзіць добрыя плады.
Ня можа дрэва добрае даваць благіх пладоў, ні благое дрэва даваць добрых пладоў.
Кожнае дрэва, што не родзіць добрага плоду, высякаюць і кідаюць у агонь.
Усякае дрэва, што не дае́ць добрага пло́ду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
Дык з іх пладоў пазнаеце іх.
Дык па пладох іх пазна́еце іх.
Не кожны, хто Мне кажа: «Госпадзе! Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябёсаў, а той, хто выконвае волю Майго Бацькі, Які ў нябёсах.
Ня ўсякі, хто кажа Мне́: Госпадзе! Госпадзе!, увойдзе ў царства Нябе́снае, а той, хто выпаўняе волю Айца Майго, што ў Нябёсах.
Шмат хто скажа Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! Ці ж не Тваім імем мы прарочылі, і ці не Тваім імем дэманаў выганялі, і ці не Тваім імем шмат цудаў зрабілі?».
Многія скажуць Мне́ ў той дзе́нь: Госпадзе, Госпадзе! Ці не Тваім іме́ньнем мы праро́чылі? і ці не Тваім іме́ньнем выганялі чарто́ў і ці не Тваім іме́ньнем многія цуды чынілі?
І тады аб’яўлю ім: «Я ніколі не ведаў вас; адыдзіце ад Мяне, хто чыніць беззаконне».
І тады скажу ім: Я ніколі ня ве́даў вас; адыйдзе́цеся ад Мяне́, вы, што чыніце беззаконьне.
Дык кожны, хто чуе гэтыя Мае словы і выконвае іх, прыпадобніцца да разважлівага чалавека, што збудаваў свой дом на скале;
Вось жа кожнага, хто слу́хае словы Мае́ гэтыя і выпаўняе іх, прыраўную да чалаве́ка мудрага, які пабудаваў дом свой на ка́мені.
і пайшоў дождж, і падступілі рэкі, і падзьмулі вятры, і абрынуліся на той дом; ды ён не ўпаў, бо быў ён закладзены на скале.
І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і паімчаліся на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў пастаўлены на ка́мені.
А кожны, хто чуе гэтыя Мае словы і не выконвае іх, прыпадобніцца да неразумнага чалавека, які збудаваў свой дом на пяску;
А ўсякі, хто слухае словы Мае́ і не выпаўняе іх, падобны да чалаве́ка неразумнага, які пабудаваў дом свой на пяску.
і пайшоў дождж, і падступілі рэкі, і падзьмулі вятры, і абрынуліся на той дом; і ён упаў, і яго падзенне было вялікае.
І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і наляглі на дом той, і ён заваліўся, і была вялікая руіна яго.
І сталася, калі Ісус закончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся Яго навуцы;
І, калі Ісус скончыў гэтыя словы, народ дзівіўся з Яго вучэньня,
бо Ён вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як іх кніжнікі [і фарысеі].
бо Ён вучыў, як той, хто мае́ ўладу, ды ня так, як кніжнікі й фарысэі.