Да Галятаў 2 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Пасля, праз чатырнаццаць гадоў, я зноў узышоў у Іерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.
Хадзіў жа згодна з адкрыццём і выклаў ім дабравесце, якое я прапаведую між язычнікаў, але асобна ад іншых тым, якія былі асабліва ўшанаваныя, каб сцвердзілі, ці я не марна бягу ці бег.
Але яны нават Ціта, які быў са мною, хоць ён і элін, не прымушалі абразацца.
А гэта з-за патаемна ўведзеных ілжэбратоў, якія праніклі падгледзець нашу свабоду, што мы маем у Хрысце Ісусе, каб абярнуць нас у рабства.
Ім мы ні на гадзіну не ўступілі і не пакарыліся, каб праўда дабравесця засталася ў вас.
Што ж да тых, каго ўшаноўвалі, што яны штосьці ёсць, якімі б яны некалі ні былі, для мяне ўсё адно: Бог не ўзіраецца на асобу чалавека; мне тыя ўшанаваныя нічога не дадалі.
Але наадварот, убачыўшы, што мне даручана дабравесце неабрэзаным, як Пятру — абрэзаным,
бо Той, Хто садзейнічаў Пятру для апостальства ў абрэзаных, садзейнічаў і мне для язычнікаў,
і зразумеўшы дадзеную мне ласку, Іякаў, Кіфа і Іаан, якіх ушаноўвалі як стаўпоў, падалі мне і Варнаву правую руку еднасці, каб мы ішлі да язычнікаў, а яны — да абрэзаных;
толькі каб мы памяталі пра ўбогіх, што я якраз і стараўся рабіць.
А калі Кіфа3 прыйшоў у Антыёхію, я выступіў супроць яго твар у твар, бо ён заслужыў ушчування.
Бо да таго, як прыйшлі некаторыя ад Іякава, ён еў разам з язычнікамі; але, калі яны прыйшлі, ён пачаў адступаць і аддзяляцца, баючыся тых, хто з абрэзаных.
А разам з ім крывадушнічалі і астатнія іудзеі, так што нават Варнава паддаўся іх крывадушнасці.
Але, калі я ўбачыў, што яны не проста ходзяць паводле праўды Дабравесця, я сказаў Кіфу перад усімі: Калі ты, будучы іудзеем, жывеш па-язычніцку, а не па-іудзейску, як жа ты язычнікаў прымушаеш жыць па-іудзейску?
Мы з прыроды іудзеі, а не грэшнікі з язычнікаў;
і, ведаючы, што чалавек апраўдваецца не ўчынкамі закона, а вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб быць апраўданымі вераю ў Хрыста, а не ўчынкамі закона, бо ўчынкамі закона не будзе апраўдана ніякае цела.
Калі ж, шукаючы апраўдання ў Хрысце, мы і самі аказаліся грэшнікамі, — дык ці ж Хрыстос — служка граху? Вядома ж не.
Бо, калі я зноў будую тое, што разбурыў, я самога сябе выстаўляю злачынцам.
Бо я праз закон памёр для закона, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом;
І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос; а што я цяпер жыву ў целе, то жыву ў веры ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.
Не адкідаю ласкі Божай: бо калі праз закон — праведнасць, то Хрыстос дарэмна памёр.