Да Ціта 2 разьдзел
Пасланьне да Ціта
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі
Ты ж кажы тое, што належыць казаць здароваму вучэнню:
А ты кажы тое, што сугалосна са здаровым вучэньнем:
каб старыя мужчыны былі цвярозыя, паважныя, разважлівыя, здаровыя ў веры, любові, вытрываласці;
каб старцы былі пільныя, спаважныя, цнатлівыя, здаровыя ў веры, у любові, у цярплівасьці;
каб старыя жанчыны таксама былі добрапрыстойныя ў сваіх паводзінах, не пляткарылі, не надужывалі віна, вучылі добраму,
каб старыцы таксама апраналіся, як прыстойна сьвятым, ня былі паклёпніцы, не аддаваліся п’янству, вучылі дабру,
каб маладых жанчын яны навучалі любіць мужоў, любіць дзяцей,
каб настаўлялі на розум маладых кахаць мужоў, любіць дзяцей,
быць разважнымі, чыстымі, працавітымі ў доме, добрымі, паслухмянымі сваім мужам, каб не зневажалася слова Божае.
быць цнатлівымі, чыстымі, гаспадарлівымі ў доме, добрымі, пакорлівымі мужам, каб не зьневажалася слова Божае.
Маладзёнаў таксама навучай быць разважнымі,
Хлопцаў таксама ўмаўляй быць цнатлівымі.
сам паказваючы ва ўсім узор добрых учынкаў, у настаўніцтве несапсаванасць, сур’ёзнасць,
Ва ўсім паказвай у сабе ўзор добрых учынкаў, у настаўніцтве чысьціню, разважлівасьць, непарушнасьць,
слова здаровае, беззаганнае, каб той, хто працівіцца, быў пасаромлены, не маючы сказаць пра нас нічога благога.
слова здаровае, бездакорлівае, каб супрацівец быў пасаромлены, ня маючы нічога сказаць пра нас кепскага.
Рабоў пераконвай падпарадкоўвацца сваім гаспадарам ва ўсім, дагаджаць, не пярэчыць,
Рабоў умаўляй скарацца сваім гаспадарам, дагаджаць ім ва ўсім, не супярэчыць,
не красці, а выяўляць усю добрую вернасць, каб яны ўпрыгожвалі вучэнне нашага Збаўцы Бога ва ўсім.
ня красьці, а выяўляць усю добрую вернасьць, каб мы ва ўсім былі акрасаю вучэньня Збаўцы нашага Бога.
Бо з’явілася ласка Божая, якая нясе выратаванне ўсім людзям,
Бо зьявілася мілата Божая, ратавальная ўсім людзям,
якая навучае нас, каб мы, выракшыся бязбожнасці і свецкіх пажадлівасцей, жылі разважна, праведна і набожна ў цяперашнім веку,
якая вучыць нас, каб мы, адкінуўшы бязбожнасьць і зямныя пахацінствы, цнатліва, праведна і пабожна жылі ў гэтым веку,
чакаючы дабраславёнай надзеі — з’яўлення славы нашага вялікага Бога і Збаўцы Ісуса Хрыста,
чакаючы дабрашчаснага спадзяваньня і прышэсьця славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
Які аддаў Сябе за нас, каб выкупіць нас ад усялякага беззаконня і ачысціць Сабе як народ асаблівы, як рупліўца добрых учынкаў.
Які аддаў Сябе за нас, каб выбавіць нас з усякай беззаконнасьці і ачысьціць Сабе народ адмысловы, шчыра адданы добрым учынкам.
Гэта кажы, заахвочвай і выкрывай з усёй уладаю. Няхай ніхто не пагарджае табой.
Гэта кажы, умаўляй і выкрывай з усёю ўладаю, каб ніхто не пагарджаў табою.