Да Ціта 2 разьдзел
Пасланьне да Ціта
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Ты ж навучай таму, што належыць да здаровай навукі.
А ты кажы тое, што сугалосна са здаровым вучэньнем:
Старыя мужчыны павінны быць людзьмі цвярозымі, паважнымі, разумнымі, здаровай веры, поўнымі любові і цярплівасці.
каб старцы былі пільныя, спаважныя, цнатлівыя, здаровыя ў веры, у любові, у цярплівасьці;
Падобна і старыя жанчыны павінны апранацца, як дастойна святых, высцерагацца пляткарства, не ўпівацца віном, навучаць іншых дабру,
каб старыцы таксама апраналіся, як прыстойна сьвятым, ня былі паклёпніцы, не аддаваліся п’янству, вучылі дабру,
разумна вучыць маладых, каб яны любілі сваіх мужоў і дзяцей,
каб настаўлялі на розум маладых кахаць мужоў, любіць дзяцей,
былі разумнымі, чыстымі, гаспадарнымі, лагоднымі, паслухмянымі мужам сваім, каб не зневажалася імі слова Божае.
быць цнатлівымі, чыстымі, гаспадарлівымі ў доме, добрымі, пакорлівымі мужам, каб не зьневажалася слова Божае.
Таксама юнакоў заахвочвай, каб былі стрыманымі.
Хлопцаў таксама ўмаўляй быць цнатлівымі.
Ва ўсім пакажы на сабе прыклад добрых учынкаў, у навуцы — чысціню, несапсаванасць і паважнасць,
Ва ўсім паказвай у сабе ўзор добрых учынкаў, у настаўніцтве чысьціню, разважлівасьць, непарушнасьць,
у здаровым слове — беззаганнасць, каб той, хто супрацівіцца, асароміўся, не могучы нічога благога пра нас сказаць.
слова здаровае, бездакорлівае, каб супрацівец быў пасаромлены, ня маючы нічога сказаць пра нас кепскага.
Хай паслугачы слухаюць сваіх гаспадароў, ва ўсім дагаджаюць, а не пярэчаць,
Рабоў умаўляй скарацца сваім гаспадарам, дагаджаць ім ва ўсім, не супярэчыць,
не ашукваюць, але ва ўсім добрую вернасць аказваюць, каб ва ўсім навуку Збаўцы нашага, Бога, услаўлялі.
ня красьці, а выяўляць усю добрую вернасьць, каб мы ва ўсім былі акрасаю вучэньня Збаўцы нашага Бога.
Бо з’явілася ласка Бога, выратавальная для ўсіх людзей,
Бо зьявілася мілата Божая, ратавальная ўсім людзям,
якая вучыць нас, каб мы, выракшыся бязбожнасці і пажаданняў свету, разважна, справядліва і пабожна жылі на гэтым свеце,
якая вучыць нас, каб мы, адкінуўшы бязбожнасьць і зямныя пахацінствы, цнатліва, праведна і пабожна жылі ў гэтым веку,
чакаючы шчаслівай надзеі і з’яўлення славы магутнага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
чакаючы дабрашчаснага спадзяваньня і прышэсьця славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
Які ахвяраваў Самога Сябе за нас, каб збавіць нас ад усякага беззаконня і ачысціць Сабе народ асаблівы, рупны пра добрыя ўчынкі.
Які аддаў Сябе за нас, каб выбавіць нас з усякай беззаконнасьці і ачысьціць Сабе народ адмысловы, шчыра адданы добрым учынкам.
Гэта кажы, і заахвочвай, і дакарай з усёю уладай. Няхай ніхто не пагарджае табой.
Гэта кажы, умаўляй і выкрывай з усёю ўладаю, каб ніхто не пагарджаў табою.