Да Ціта 2 разьдзел
Пасланьне да Ціта
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Тое кажы, што адпавядае здароваму вучэнню.
А ты кажы тое, што сугалосна са здаровым вучэньнем:
Старэйшыя мужчыны павінны быць цвярозыя, годныя пашаны, стрыманыя, здаровыя ў веры, у любові, у цярплівасці.
каб старцы былі пільныя, спаважныя, цнатлівыя, здаровыя ў веры, у любові, у цярплівасьці;
Старэйшыя жанчыны таксама павінны паводзіць сябе так, як належыць святым, не абмаўляць, не быць нявольніцамі віна, але вучыць прыгожаму.
каб старыцы таксама апраналіся, як прыстойна сьвятым, ня былі паклёпніцы, не аддаваліся п’янству, вучылі дабру,
Няхай заахвочваюць маладых жанчын кахаць мужоў, любіць дзяцей,
каб настаўлялі на розум маладых кахаць мужоў, любіць дзяцей,
быць стрыманымі, цнатлівымі, добрымі гаспадынямі, паслухмянымі сваім мужам, каб не зневажалася Божае слова.
быць цнатлівымі, чыстымі, гаспадарлівымі ў доме, добрымі, пакорлівымі мужам, каб не зьневажалася слова Божае.
Юнакоў таксама вучы быць стрыманымі.
Хлопцаў таксама ўмаўляй быць цнатлівымі.
Ва ўсім сам давай прыклад прыгожых учынкаў, у настаўніцтве беззаганнасць, годнасць,
Ва ўсім паказвай у сабе ўзор добрых учынкаў, у настаўніцтве чысьціню, разважлівасьць, непарушнасьць,
здаровае слова, бездакорнае, каб праціўнік быў пасаромлены і не мог сказаць пра нас нічога кепскага.
слова здаровае, бездакорлівае, каб супрацівец быў пасаромлены, ня маючы нічога сказаць пра нас кепскага.
Няхай слугі падпарадкоўваюцца сваім гаспадарам, ва ўсім стараючыся ім падабацца, а не пярэчыць.
Рабоў умаўляй скарацца сваім гаспадарам, дагаджаць ім ва ўсім, не супярэчыць,
Няхай не прысвойваюць сабе нічога, але выяўляюць цалкам добрую волю, каб ва ўсім паказваць прыгажосць навукі Бога, Збаўцы нашага.
ня красьці, а выяўляць усю добрую вернасьць, каб мы ва ўсім былі акрасаю вучэньня Збаўцы нашага Бога.
Бо з’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей,
Бо зьявілася мілата Божая, ратавальная ўсім людзям,
якая вучыць нас, каб мы, адрокшыся ад бязбожнасці і пажадлівасці свету, жылі ў цяперашнім жыцці разважліва, справядліва і пабожна,
якая вучыць нас, каб мы, адкінуўшы бязбожнасьць і зямныя пахацінствы, цнатліва, праведна і пабожна жылі ў гэтым веку,
чакаючы шчаслівай надзеі і аб’яўлення хвалы вялікага Бога і Збаўцы нашага, Езуса Хрыста,
чакаючы дабрашчаснага спадзяваньня і прышэсьця славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
які аддаў самога сябе за нас, каб адкупіць ад усялякага беззаконня і ачысціць для сябе народ выбраны, руплівы ў добрых учынках.
Які аддаў Сябе за нас, каб выбавіць нас з усякай беззаконнасьці і ачысьціць Сабе народ адмысловы, шчыра адданы добрым учынкам.
Пра гэта кажы, да гэтага заахвочвай і дакарай з усёй уладаю. Няхай ніхто табою не пагарджае!
Гэта кажы, умаўляй і выкрывай з усёю ўладаю, каб ніхто не пагарджаў табою.