Да Эфэсянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Таму я, Павел, вязень Хрыста Ісуса дзеля вас, язычнікаў —
калі сапраўды вы чулі аб домаўладкаванні ласкі Божай, дадзенай мне для вас,
што праз адкрыццё мне была паведамлена таямніца, як я раней напісаў коратка,
адкуль вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменне таямніцы Хрыстовай,
якая ў іншых пакаленнях не была абвешчана сынам чалавечым, як цяпер яна адкрыта Яго святым Апосталам і прарокам у Духу,
што язычнікі — супольныя спадчыннікі і члены таго ж Цела і саўдзельнікі абяцання ў Хрысце Ісусе праз Дабравесце,
служкам якога я стаў паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне згодна з дзеяннем Яго сілы.
Мне, найменшаму з усіх святых, была дадзена гэтая ласка: дабравесціць язычнікам недаследнае багацце Хрыстова
і ўсім адкрыць, што ёсць домаўладкаванне таямніцы, схаванай адвеку ў Богу, Які стварыў усё [праз Ісуса Хрыста],
каб цяпер сталася вядомаю начальствам і ўладам у нябёсах праз Царкву шматгранная мудрасць Божая,
паводле спрадвечнага намеру, які Ён выканаў у Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе,
у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ ва ўпэўненасці праз веру ў Яго.
Таму прашу вас не падаць духам з-за маіх пакутаў дзеля вас, бо яны — ваша слава.
Таму схіляю мае калені да Бацькі, [нашага Госпада Ісуса Хрыста],
ад Якога атрымлівае імя кожнае бацькоўства ў нябёсах і на зямлі,
каб даў Ён вам паводле багацця Сваёй славы ўмацавацца сілаю праз Яго Духа ва ўнутраным чалавеку,
каб Хрыстос праз веру пасяліўся ў вашых сэрцах, каб вы, укаранёныя і ўмацаваныя ў любові,
маглі зразумець з усімі святымі, што ёсць шырыня, даўжыня, вышыня і глыбіня,
і пазнаць любоў Божую, якая пераўзыходзіць веды, каб вам напоўніцца ўсёю паўнатою Божаю.
А Таму, Хто можа зрабіць невымерна больш за ўсё тое, аб чым мы просім ці думаем, згодна з сілаю, што дзейнічае ў нас, —
Яму слава ў Царкве і ў Хрысце Ісусе праз усе пакаленні на векі вечныя, амін.