2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад П. Татарыновіча
На-астатку, маліцеся, браты, аб нас, каб слова Гасподняе пашыралася і праслаўлялася, як і ў вас.
Ды малецеся, браты, за нас, каб слова Божае шырылася й выслаўлялася, як і ў вас,
І каб мы былі пазбаўлены ад нягодных і ліхіх людзей, бо вера — не ва ўсіх.
і каб нам вызваліцца ад людзей паганых і разнузданых не ў ва ўсіх бо — вера.
Але верны Госпад, Які ўмацуе вас і засцеражэ ад ліхога.
Але верны ёсьць Бог: Ён вас умацуе ды ўсьцяражэ ад благога.
Што да вас — мы ўпэўнены ў Госпадзе, што тое, што мы загадваем, вы і робіце, і будзеце рабіць.
Мы маем у Богу да вас той давер, што вы спаўняеце ды будзеце спаўняць усё вам намі загадванае.
А Госпад няхай скіруе вашы сэрцы да Божай любові і вытрываласці Хрыстовай.
А Госпад хай накіроўвае сэрцы вашые да богалюбасьці й цярплівасьці Хрыстуса.
А мы загадваем вам, браты, імем [нашага] Госпада Ісуса Хрыста, каб вы ўхіляліся ад кожнага брата, які ходзіць гультаём, а не паводле падання, якое вы прынялі ад нас,
Наказваем-жа вам, браты, ў імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, стараніцца ад усякага брата, што жыве разнуздана ды ня водле паданай вам праз нас навукі;
бо вы самі ведаеце, як вам належыць наследаваць нам. Бо мы не марнавалі часу між вас
бо вы саміж ведаеце, як трэба насьледаваць нас, мы бо не паступалі ў вас нягожа,
і хлеба мы ні ў кога не елі дарэмна, але нястомна і напружана ўдзень і ўначы працавалі, каб не абцяжарваць каго-небудзь з вас;
ды ні ў кога ня елі дармовага хлеба, але ў натузе ды ўтоме працавалі ўдзень і ўночы, каб не стацца цяжарам каму з вас;
не таму, што мы не маем улады, а каб даць вам сябе як узор для пераймання.
не таму, што мы ня мелі ўлады, але каб даць вам сябе самых за прыклад да насьледавання.
Бо калі мы былі ў вас, то гэта загадвалі вам: што калі хтосьці не хоча працаваць — няхай і не есць!
Бо і тады, як былі ў вас, дык давалі напамін: хто ня хоча працаваць, хай той і ня есьць.
Бо мы чуем, што некаторыя між вас жывуць бясчынна, нічога не робяць, а толькі ўдаюць, што робяць.
Але вось дачуліся мы, што ёсьць людзі сярод вас нягожа паступаючыя: нічога ня робяць, а травяць час на пустагонства;
А такім мы загадваем і заклікаем [нашым] Госпадам Ісусам Хрыстом, каб яны моўчкі працавалі і елі ўласны хлеб.
гэтакім даём напамін і настанову (павучэнне) Усеспадарам нашым Езусам Хрыстусам хай у супакойстве спажываюць запрацаваны свой хлеб.
А вы, браты, не маркоццеся, робячы дабро.
А вы, браты, не падайце духам, дабро творачы.
Калі ж хто не паслухаецца нашага слова з гэтага ліста, таго адзначайце, каб не сходзіцца з ім, каб ён быў пасаромлены;
Каліж хто ня услухае нашага слова ў лісьце гэтым, таго майце на увеце і не сябруйце зь ім на сорам яму;
ды не лічыце яго за ворага, а навучайце, як брата.
але не ўважайце яго за ворага, а па-брацку памагайце яму ацяміцца.
А Сам Госпад міру няхай дае вам мір заўсёды і ва ўсялякі спосаб. Госпад няхай будзе з усімі вамі.
Сам-жа Усеспадар супакою-згоды хай дасьць вам спакой у ва ўсім усюды й заўсёды. Госпад з усімі вамі!
Вітанне — маёю ўласнай рукою, Паўлаваю; гэта знак у кожным лісце; так я пішу.
Прывет маёю, Паўлаваю, рукою; гэта знак мой у кажным лісьце маім: гэтак пішу.
Ласка нашага Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з усімі вамі. [Амін.]
Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса з усімі вамі. Амэн.