Марка 12 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi
I пачаў гаварыць ім прыпавесьцямі. Чалавек некі насадзіў вінаграднік; абгарадзіў яго навокал, выкапаў вінацёл і збудаваў вежу і здаўшы яго вінаградарам, ад'ехаў.
І пачаў Ён казаць ім у прыпавесцях: Пасадзіў чалавек вінаграднік і абнёс агароджаю, і выкапаў выцікальню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.
У свой час ён паслаў слугу свайго узяць ад вінаградараў частку з плёну вінаграднага.
І ў пэўны час паслаў да вінаградараў слугу, каб ён узяў у вінаградараў ад пладоў вінаградніка;
Яны-ж, схапіўшы яго, білі і адправілі ні з чым.
а тыя, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
Зноў ён паслаў да іх другога слугу, і таму каменьнямі разьбілі галаву, і зьдекліва выгналі.
І ён зноў паслаў да іх другога слугу і таго ранілі ў галаву і зняважылі30.
I яшчэ паслаў іншага, таго-ж забілі; ды шмат іншых, — адных пабівалі, іншых забівалі.
І паслаў іншага; і таго забілі, і многіх іншых — каго збілі, каго забілі.
Яшчэ меў аднаго любага яму сына; паслаў нарэшце і таго да іх, кажучы: — пасаромеюцца сына майго.
У яго быў яшчэ адзін — улюбёны сын; ён паслаў яго апошнім да іх, кажучы: Пасаромеюцца майго сына.
Яны-ж, вінаградары, сказалі адзін аднаму: — гэта спадкаемца, пойдзем заб'ем яго, і спадчына будзе нашая.
А тыя вінаградары сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемец; хадзем заб’ём яго, і спадчына будзе наша.
I схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.
І, схапіўшы, яны забілі яго і выкінулі яго за вінаграднік.
Што-ж зробіць гаспадар вінаградніку? прыйдзе і аддасьць на сьмерць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым.
[Дык] што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і знішчыць вінаградараў і аддасць вінаграднік іншым.
Няўжо вы ня чыталі гэтага ў Пісаньні: «Камень, збракаваны будаўнічымі, той лёг у аснову вугла».
Няўжо вы і гэтага ў Пісанні не чыталі: «Камень, які адкінулі будаўнікі, — ён зрабіўся галавою вугла;
Гэта ад Госпада, і дзіўным становіцца ў вачох нашых.
ад Госпада зрабілася гэта, і яно дзіўнае ў нашых вачах»?
І яны памыкаліся налажыць на Яго рукі, ды баяліся народу; а яны-ж зразумелі, што пра іх сказаў прыпавесьць гэтую; і, пакінуўшы Яго, адыйшлі.
І стараліся Яго схапіць, ды баяліся натоўпу, бо зразумелі, што, маючы іх на ўвазе, сказаў Ён прыпавесць. І, пакінуўшы Яго, адышлі.
I падсылаюць да Яго некаторых з фарысеяў ды ірадыянаў, каб падлавіць Яго ў мове.
І пасылаюць да Яго некаторых з фарысеяў і з ірадыян, каб прылавіць Яго на слове.
Тыя-ж, прыйшоўшы, кажуць Яму: — Вучыцель! мы ведаем, што Ты справядлівы, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо ня ўзіраешся на асобы, а папраўдзе на шлях Божы настаўляеш; ці абавязкова даваць падатак кесару ці не; мусім даваць, ці не?
І тыя, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і ні на кога не зважаеш: бо не глядзіш на аблічча людзей, а па праўдзе вучыш Божай дарозе; ці дазваляецца даваць падаткі кесару ці не? Даваць нам ці не даваць?
Ён-жа, ведаючы іхны подступ, сказаў ім: — што вы Мяне выпрабоўваеце? прынясеце Мне дынар, каб пабачыць яго.
Ён жа, ведаючы іх крывадушнасць, казаў ім: Што вы Мяне спакушаеце? Нясіце Мне дынарый, каб я паглядзеў.
Яны прынясьлі; тады кажа ім: — чыё гэта аблічча адбіта тут, і чый напіс? яны сказалі — кесаравы.
Яны і прынеслі. І Ён кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? — І яны сказалі Яму: Кесаравы.
Тады Ісус у адказ сказаў ім: — дык аддайце кесарава кесару, а Божае Богу; і дзівіліся з Яго.
Ісус жа сказаў ім: Кесарава аддавайце кесару, а Божае — Богу. — І яны вельмі здзіўляліся Яму.
Потым прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма уваскрасеньня мёртвых, і пыталіся ў Яго, кажучы:
І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:
— Вучыцель! Майсей напісаў нам: калі ў каго памрэ брат і пакіне жану, але не пакіне дзяцей, то брат ягоны няхай возьме жану яго, і адродзіць патомства брату свайму.
Настаўніку, Маісей напісаў нам, што калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку і не пакіне дзіцяці, то няхай яго брат возьме жонку і ўзновіць патомства свайму брату.
І вось было сем братоў, першы ўзяў жану, і памершы, не пакінуў патомства.
Было сем братоў: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў патомства;
I другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства, таксама і трэйці.
і другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства; і трэці таксама;
Гэтак бралі яе сямёх, і не пакінулі патомства; пасьля ўсіх памерла і жана.
і сем не пакінулі патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына.
Дык пры уваскрасеньні, калі ўваскроснуць, катораму з іх будзе жаною, бо сем мелі яе за жану.
[Дык] пры ўваскрэсенні, [калі яны ўваскрэснуць], каго з іх яна будзе жонкаю? Бо яна была ў сямі.
І сказаў Ісус у адказ ім: — ці ня ў гэтым вы вы ўпадаеце ў блуд, што ня ведаеце Пісаньня, ані сілы Божае.
Ісус сказаў ім: Ці не таму вы памыляецеся, што не ведаеце ні Пісанняў, ані сілы Божай?
Бо калі з мёртвых уваскроснуць, тады ня будуць ні жанщца, ні замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе.
Бо калі ўваскрэснуць з мёртвых, не жэняцца і не выходзяць замуж, а будуць, як Анёлы ў нябёсах.
А пра памёршых, што яны ўстануць хіба ня чыталі вы ў кнізе Майсеевай, як Бог пры купіне гаварыў яму, кажучы: Я Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба.
Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў Маісеевай кнізе, як Бог пры кусце прамовіў яму, кажучы: «Я Бог Аўраамаў, і Бог Ісаакаў, і Бог Іякаваў»?
Бог ня ёсьць мёртвых, але Бог жывых.
Ён Бог не мёртвых, а жывых; вы вельмі памыляецеся.
I падыйшоў адзін з кніжнікаў, які чуў іхныя спрэчкі, ды пабачыўшы, як Ісус добра адказаў ім, папытаў у Яго: — які запавет найважнейшы?
І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрачаюцца, і бачачы, што добра Ён адказаў ім, спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх?
Ісус адказаў яму: — першы з усіх запаветаў — «Слухай Ізраэль! Госпад Бог наш — Госпад Адзіны.
Ісус адказаў: Першая [з усіх запаведзяў]: «Слухай, Ізраіле! Госпад, наш Бог, — Госпад адзіны;
I ўзьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім помыслам тваім, і ўсёю моцаю тваёю» — вось першы запавет.
і любі Госпада, твайго Бога, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім тваім розумам, і ўсёю тваёю сілай», [— вось першая запаведзь].
І другі падобны да яго: — любі бліжняга твайго, як самога сябе; іншага, большага за гэты, няма.
Другая гэта31: «Любі твайго блізкага, як самога сябе». Няма іншай запаведзі большай за гэтыя.
I сказаў Яму кніжнік: — добра, Вучыцель! праўду Ты сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага, апрача Яго.
І кніжнік сказаў Яму: Добра, Настаўніку! Па праўдзе сказаў Ты, што ёсць Ён32 адзін і няма іншага, акрамя Яго;
I любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім помыслам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю, і любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта ёсьць большае за ўсе ахвяры і усеспаленьні.
і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім разуменнем, і ўсёю сілаю, і любіць блізкага, як самога сябе, гэта больш за ўсе ўсёспаленні і ахвяры.
Ісус, бачачы, што той разумна адказваў, сказаў яму: — недалёка ты ад Уладарства Божага; і ніхто больш не адважыўся пытацца Яго.
І Ісус, убачыўшы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: Недалёка ты ад Царства Божага. — І ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.
Ісус-жа, працягваючы навучаньне ў храме, гаварыў: — як гэта кніжнікі гавораць, што Хрыстос — Сын Давыдаў?
І, азваўшыся, Ісус казаў, навучаючы ў святыні: Як гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос — Давідаў сын?
Калі-ж сам Давыд гаварыў у Духу Сьвятым: — «Сказау Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне, дакуль палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».
Сам Давід сказаў у Святым Духу: «Сказаў Госпад майму Госпаду: Сядзі праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад Твае ногі»33.
Дык калі сам Давыд называе Яго Госпадам, то як-жа Ён сын яму? і мноства народу рады былі слухаць Яго.
Сам Давід называе Яго Госпадам: дык як жа Ён яго сын? — І вялікі натоўп з асалодаю слухаў Яго.
І прамаўляў да іх у навучаньні Сваім: — сьцеражэцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні ды прыймаць вітанькі на рынковых пляцох.
І ў Сваёй навуцы Ён казаў: Сцеражыцеся кніжнікаў, што любяць праходжвацца ў доўгіх шатах і каб віталі іх на рыначных плошчах,
I сядзяць наперадзе ў сынагогах, і займаць першыя месцы на банкетах.
і любяць першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на банкетах,
Гэтыя, якія аб'ядаюць домы ўдовіц пад пакрывай доўгага маленьня, дастануць цяжэйшы прысуд.
што праядаюць удовіны дамы і напаказ доўга моляцца; гэтыя атрымаюць большы прысуд.
І сеўшы насупраць скарбонкі, Ісус назіраў, як народ кладзе грошы ў скарбонку; і многія багатыя клалі пашмат.
І, сеўшы насупроць скарбніцы, Ён глядзеў, як натоўп кладзе грошы ў скарбніцу. І многія багацеі шмат клалі.
Адна-ж бедная ўдава, прыйшоўшы, палажыла дзьве лепты, што складае грош.
І прыйшла адна ўбогая і паклала дзве лепты, гэта значыць кадрант.
І паклікаўшы вучняў Сваіх, Ісус сказаў ім: — папраўдзе кажу вам, што гэтая бедная ўдавіца палажыла больш за ўсіх, якія клалі ў скарбонку.
І, паклікаўшы Сваіх вучняў, Ён сказаў ім: Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава паклала больш за ўсіх, што клалі ў скарбніцу;
Бо ўсе клалі з лішкаў сваіх, а яна ў беднасьці сваей палажыла ўсё, што мела увесь пражытак свой.
бо ўсе ад сваіх лішкаў клалі, яна ж ад сваёй нястачы, усё, што мела, паклала, увесь свой пражытак.