Яна 16 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Гэтае сказаў вам, каб вы не спакусіліся.
З сынагогаў прагоняць вас; і такі надыйходзіць час, калі кажны, хто будзе забіваць вас, будзе думаць, што гэтым ён служыць Богу.
Гэта будуць вытвараць, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне.
Сказаў-жа Я вам гэта дзеля таго, каб вы, калі настане час той, успомнілі, што гаварыў Я вам пра тое; не гаварыў-жа гэтага вам спачатку, таму што быў з вамі.
Цяпер-жа іду да Яго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: — куды йдзеш?
Ад таго-ж, што сказаў Я вам гэта, тугою зайшлося сэрца вашае.
Але Я праўду кажу вам: лепш для вас, каб Я пайшоў, бо калі Я не адыйду, Уцешыцель ня прыйдзе да вас, а калі пайду, то пашлю Яго да вас.
І як прыйдзе Ён, будзе карыць сьвет за грэх, за праўду і за суд.
За грэх, што ня ўверылі ў Мяне.
За праўду, што Я іду да Айца, і ўжо ня ўбачыце Мяне.
За суд, што князь сьвету гэтага ўжо асуджаны.
Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але вы цяпер ня здолееце ўспрыняць.
Калі-ж прыйдзе Ён — Дух Праўды, — то наставіць вас на ўсякую праўду; бо не ад Сябе гаварыць будзе, але будзе гаварыць тое, што пачуе, і што мае стацца, абвесьціць вам.
Ён уславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць.
Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; дзеля таго Я і сказаў вам, што з Майго возьме і вам абвесьціць.
Ужо хутка вы ня ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне, бо Я йду да Айца.
І гаварылі некаторыя з вучняў Ягоных між сабою: — што гэта Ён гаворыць нам: ужо хутка вы ня ўбачыце Мяне, і хутка зноў ўбачыце Мяне? — і — Я іду да Айца.
І разважалі: — што гэта Ён кажа — хутка? не разумеем, што гаворыць.
Ісус-жа, разумеючы, што хочуць спытацца ў Яго, сказаў ім: — ці пра тое пытаеце адзін аднаго, што Я сказаў: — хутка вы ня ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне?
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: вы будзеце плакаць і плакаць наўзрыд, а сьвет узрадуецца; і будзеце вы ў жалобе, але жалоба вашая ў радасьць абернецца.
Жанчына, калі раджае, церпіць скруху, бо настаў час яе; калі-ж народзіць дзіця, то ўжо не памятае скрухі з-за радасьці, што нарадзіўся чалавек на сьвет.
Так і вы: цяпер маеце жаль, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасьці вашае ніхто не адыйме ад вас.
І ў той дзень ня будзеце пытацца ў Мяне ні пра што. Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: чаго-б ні папрасілі ў Айца Майго ў імя Маё, дасьць вам.
Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасеце, і дастанеце, каб радасьць вашая была дасканалая.
Дагэтуль Я гаварыў вам прыпавесьцямі, але надыйходзіць час, калі ўжо ня буду гаварыць вам прыпавесьцямі, але проста абвяшчу вам пра Айца.
У той дзень прасіць будзеце ў імя Маё, і не кажу вам, што буду прасіць Айца за вас.
Бо Сам Айцец любіць вас, за тое, што вы узьлюбілі Мяне і ўверылі, што Я ад Бога прыйшоў.
Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет, і зноў пакідаю сьвет і йду да Айца.
Вучні Ягоныя сказалі Яму: — вось цяпер Ты проста гаворыш, бяз ніякай прыпавесьці.
Цяпер мы пазналі, што Ты ведаеш усё, і ня маеш патрэбы, каб хто-небудзь даваў пытаньні Табе, дзеля таго верым, што Ты ад Бога зыйшоў.
Ісус сказаў ім: — цяпер вы верыце?
Вось надыйходзіць часіна, ды ўжо прыйшла, калі вы рассыплецеся кажны ў свой бок, а Мяне пакінеце аднаго; але Я не адзін, бо Айцец са Мною.
Гэтае сказаў вам, каб вы мелі супакой у Мне. У сьвеце смутак мець будзеце, але крапецеся, Я перамог сьвет.