Мацьвея 1 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давыдава, Сына Абрагамава.
Абрагам спарадзіў Ісаака; Ісаак спарадзіў Якуба. Якуб-жа спарадзіў Юду і братоў яго.
Юда спарадзіў Фарэса і Зара ад Фамары; Фарэс спарадзіў Эсрома, Эсром-жа спарадзіў Арама;
Арам спарадзіў Амінадава, Амінадаў спарадзіў Наассона; Наассон-жа спарадзіў Салмона;
Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы, Ваоз спарадзіў Авіда ад Руфы;
Авід-жа спарадзіў Ессэя, Ессэй спарадзіў Давыда караля, Давыд кароль спарадзіў Саламона ад былой Урыевай;
Саламон спарадзіў Раваама, Раваам спарадзіў Авію, Авія-жа спарадзіў Асу;
Аса спарадзіў Йазапата, Йазапат спарадзіў Йарама, Йарам-жа спарадзіў Озію.
Озія спарадзіў Йафама, Йафам спарадзіў Ахаза, Ахаз-жа спарадзіў Езэкію.
Езэкія спарадзіў Манасію, Манасія спарадзіў Амона, Амон-жа спарадзіў Йасію.
Йасія спарадзіў Якіма, Якім спарадзіў Ехонію і братоў яго, ў перасяленьні Вавілонскім.
Па перасяленьні-ж Вавілонскім Ехонія спарадзіў Салафііля, Салафііль-жа спарадзіў Зарававеля.
Зарававель спарадзіў Авіуда, Авіуд спарадзіў Эліакіма, Эліакім-жа спарадзіў Азора.
Азор спарадзіў Садока, Садок спарадзіў Ахіма, Ахім-жа спарадзіў Эліуда.
Эліуд спарадзіў Элеазора, Элеазор спарадзіў Матфана, Матфан-жа спарадзіў Якуба.
Якуб спарадзіў Язэпа, мужа Марыінага, з яе-ж нарадзіўся Ісус, названы Хрыстос.
Усіх жа родаў ад Абрагама да Давыда чатырнаццаць, і ад Давыда да перасяленьня Вавілонскага чатырнаццаць, і ад перасяленьня Вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць родаў.
Нараджэньне Ісуса Хрыста сталася гэтак. Калі Марыя, Маці Ягоная, была заручана зь Язэпам, яшчэ перад шлюбным сужыцьцём выявілася, што Яна ўжо мае ў сабе зароджанае ад Духа Сьвятога.
Язэп-жа, чалавек праведны, не хацеў зьнеслаўляць Яе, але хацеў тайком адпусьціць Яе.
Але, як толькі ён так падумаў, вось Ангел Гасподні зьявіўся яму ў сьне і сказаў: — Язэпе, Сыне Давыдаў, ня бойся прыняць Марыю, жану тваю, бо зараджэньне ў Ёй сталася ад Духа Сьвятога.
Народзіць-жа Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён выбавіць людзей Сваіх ад грахоў іхных.
А сталася-ж усё гэта, каб збылося сказанае ад Госпада праз прарока, які кажа:
— Вось Дзева прыйме ў улоньне і народзіць Сына, і наракуць Яму імя Эммануіл — гэта азначае: з намі Бог.
Устаўшы ад сну, Язэп учыніў так, як загадаў яму Ангел — і прыняў жану сваю.
І не пазнаваў Яе, ажно нарадзіла Сына, і ён да Яму імя — Ісус.