Мацьвея 9 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І ўвайшоўшы ў лодку, Ён пераплыў назад і прыйшоў у места Сваё.
 

І вось прынясьлі да Яго спараліжаванага, паложанага на пасьцелі; Ісус, бачачы веру іхную, сказаў спараліжаванаму: — крапіся, сыне! адпушчаюцца табе грахі твае.
 

Некаторыя-ж кніжнікі разважалі самі ў сабе: — Ён блюзьнерыць.
 

Ісус, ведаючы помыслы іхныя, сказаў: — навошта затаілі злыя мысьлі ў сэрцах вашых?
 

Бо што лягчэй сказаць: — адпускаюцца табе грахі твае, — ці сказаць: устань ды хадзі?
 

Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — і сказаў спараліжаванаму: — устань, вазьмі пасьцель тваю і йдзі ў дом твой.
 

І той устаў, узяў пасьцель сваю і пайшоў у дом свой.
 

Народ-жа, бачыўшы гэтае, дзівіўся і славіў Бога, што даў такую сілу чалавекам.
 

Прайходзячы адтуль, Ісус убачыў чалавека, званага Мацьвей, які сядзеў на месцы збору мытнага; і кажа яму: — ідзі за Мною; і ён устаў, і пайшоў сьледам за Ім.
 

І калі Ісус сядзеў за сталом у доме, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і селі за стол з Ім і вучнямі Ягонымі.
 

Убачыўшы гэтае, фарысеі сказалі вучням Яго: — чаму Вучыцель ваш есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?
 

Ісус-жа, пачуўшы, сказаў ім: — не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя.
 

Пайдзеце-ж навучэцеся, што значыць — міласьці хачу, а не ахвяры; ня прыйшоў бо Я прызываць праведнікаў, але грэшнікаў да пакаяньня.
 

Тады прыступілі да Яго вучні Янавы, і кажуць: — чаму мы і фарысеі посьцім шмат, а Твае вучні ня посьцяць?
 

І сказаў ім Ісус: — ці-ж могуць сумаваць сыны бяседы шлюбнае, пакуль з імі жаніх? Але настануць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць.
 

Ніхто-ж не прыстаўляе латкі з тканіны суравое да старое адзежыны, бо новапрышытае аддзярэцца, і дзіра будзе яшчэ большая.
 

Таксама не ўліваюць віна новага ў мяхі старыя, бо мяхі прарываюцца, і віно выцякае, і мяхі зьнішчацца; але новае віно ўліваецца ў мяхі новыя — і захоўваецца і адно і другое.
 

Калі Ён гаварыў да іх гэтае, вось начальнік адзін падыйшоў і, кланяючыся Яму, прамовіў: — дачка мая цяпер умірае, але прыйдзі, узлажы на яе руку Тваю, і яна жывой будзе.
 

І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.
 

І вось, жанчына, хворая на крывяцечу ўжо дванаццаць гадоў, падыйшла ззаду і дакранулася да краю адзеньня Ягонага.
 

Бо яна думала сабе: — як толькі дакрануся да адзеньня Яго — ачуняю.
 

Ісус-жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: — мацуйся, дачка, вера твая выбавіла цябе; і жанчына стала здаровай з тэй часіны.
 

І калі Ісус прыйшоў у дом начальніка і ўбачыў жалейнікаў і народ у гаманеівай жалобе,
 

Ён сказаў ім: — адыйдзецеся, дзяўчына не памерла, але сьпіць; і сьмяяліся з Яго.
 

Калі-ж народ адправілі, Ён увайшоў, узяў яе за руку — і дзяўчынка ўстала.
 

І разыйшлася чутка пра гэта па ўсёй краіне той.
 

Калі Ісус адыходзіў адтуль, за Ім ішлі два сьляпыя і голасна ўсклікалі: — зьмілуйся над намі, Ісусе, Сыне Давыдаў!
 

Калі-ж увайшоў Ён у дом, сьляпыя падыйшлі да Яго, і кажа ім Ісус: — ці верыце вы, што Я магу гэта зрабіць вам? яны-ж кажуць Яму: — так, Госпадзе.
 

Тады дакрануўся да вачэй іхных і сказаў: — па веры вашай няхай станецца вам.
 

І адчыніліся вочы іхныя; Ісус-жа цьвёрда прыгаварыў ім: — глядзеце, каб ніхто не даведаўся.
 

А яны, выйшаўшы, разьнесьлі славу пра Яго па усёй краіне.
 

Калі-ж тыя выйходзілі, прывялі да Яго чалавека нямога, які меў злога духа.
 

І калі злы дух выгнаны быў, загаварыў нямы; і народ дзівіўся, кажучы: — ніколі не бывала гэткага ў Ізраілі.
 

А фарысеі гаварылі: — Ён выганяе злыдухаў сілаю князя шатанскага.
 

І хадзіў Ісус па ўсіх местах і вёсках, навучаючы ў сынагогах іхных, абвяшчаючы Евангельле Уладарства і ацаляючы ўсякія нядугі і ўсякія немачнасьці ў людзей.
 

І гледзячы на грамады людзей, зьлітаваўся над імі, бо былі яны разгубленыя і бязрадныя, як авечкі без пастуха.
 

Тады сказаў вучням Сваім: — жніва вялікае, а працаўнікоў мала.
 

Дык малеце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніва Сваё.