Мацьвея 22 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
І, адказваючы, Ісус зноў гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы:
— Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека ўладара, які справіў вясельле сыну свайму.
І паслаў слугаў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.
Зноў паслаў іншых слугаў, наказваючы: скажэце запрошаным, — вось я прыгатаваў абед мой, валы мае і кормнікі забітыя, і ўсё гатова, прыходзьце на вясельле.
Але яны, зьняважыўшы гэта, пайшлі: хто на поле свае, хто да гандлю свайго.
Іншыя-ж, схапіўшы слугаў яго, назьдзекаваліся і забілі іх.
Пачуўшы тое, уладар угнявіўся, і паслаў войскі свае, зьнішчыў забойцаў тых і спаліў места іхнае.
Тады кажа ён слугам сваім: — вясельная пачостка гатовая, але званыя не былі дастойнымі.
Дык пайдзеце на ростані, і ўсіх, каго сустрэнеце, клічце на вясельле.
І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі: і благіх і добрых, — і на вясельлі было поўна гасьцей.
Уладар, прыйшоўшы паглядзець гасьцей, убачыў там чалавека адзетага не ў вясельнае адзеньне.
І кажа яму: — дружа, як ты ўвайшоў сюды не ў вясельным убраньні? той-жа маўчаў.
Тады сказаў уладар слугам: — зьвяжэце яму рукі і ногі і вазьмеце ўкіньце яго у цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатаньне зубоў.
Бо шмат пазваных, але мала выбраных.
Тады фарысеі пайшлі і радзіліся, як-бы падлавіць Яго на словах.
І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з гірадыянамі, кажучы: — Вучыцель, мы ведаем, што Ты справядлівы, і праўдзіва настаўляеш на шлях Божы ды ня дбаеш дагаджаць каму-небудзь, бо ня ўзіраешся на асобу людзкую.
Дык скажы нам, як ты думаеш? ці дабрагодна даваць падатак кесару, ці не?
Але Ісус, ведаючы іхны здрадзецкі подступ, сказаў: — што спакушаеце Мяне, двудушнікі?
Пакажэце мне падатковую залатоўку; яны прынясьлі Яму дынар.
І кажа ім: — чый гэта тут воблік і напіс?
Кажуць Яму — цэсаравы; тады кажа ім: — дык аддайце цэсарава цэсару, а Божае Богу. —
Пачуўшы гэтае, яны задзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышліся.
У той-жа дзень падыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і пыталіся ў Яго, гаворачы:
— Вучыцель! Майсей сказаў: — калі хто памрэ, ня меўшы дзяцей, то брат яго няхай возьме жану ягоную і адродзіць плямя брату свайму.
Было-ж у нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр, і, ня маючы патомства, пакінуў жану сваю браты свайму.
Таксама і другі і трэйці аж да сёмага.
Пасьля ўсіх памерла і жана.
Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх сямёх будзе яна жаною? бо ўсе мелі яе.
Адказваючы ім, Ісус сказаў: — мыляецеся, ня ведаючы Пісаньня, ані моцы Божае.
Бо пры ўваскрасеньні ня жэняцца, ані замуж ня йдуць, але бытуюць у небе, як анёлы Божыя.
А пра ўваскрасеньне, ці-ж не чыталі вы сказанага вам ад Бога:
— Я Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба; Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых.
І слухаючы, народ дзіваваўся з навукі Ягонае.
Фарысеі, дачуўшыся, як Ён асароміў садукеяў, зыйшліся разам.
І адзін з іх, законьнік вучоны, спакусьліва папытаў у Яго, кажучы:
— Вучыцель! які найбольшы запавет ў законе?
Ісус-жа сказаў яму: — Узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім.
Гэта ёсьць першы і найбольшы запавет.
Другі-ж, падобны да яго: узьлюбі бліжняга твайго, як самога сябе.
На гэтых двух запаветах грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
Калі-ж былі зыйшоўшыся фарысеі, Ісус спытаўся ў іх, кажучы:
— што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён Сын? — кажуць Яму, Давыдаў.
І кажа ім: — як-жа Давыд у натхненьні заве Яго Госпадам, калі кажа:
— Сказаў Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне, дакуль не палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх.
Калі-ж Давыд называе Яго Госпадам, як-жа Ён сын яму?
І ніхто ня мог адказаць Яму ані слова, і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся больш даваць Яму пытаньні.