Мацьвея 4 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Тады Ісус ведзены быў Духам у пустыню на спакусы ад д’ябла.
 

І, прапасьціўшы сорак дзён і сорак ночаў, нарэшце адчуў голад.
 

І прыступіў да Яго спакусьнік і сказаў: — калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні сталіся хлябамі. —
 

Ён-жа ў адказ сказаў: — напісана ёсць: ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам, што выйходзіць з вуснаў Божых.
 

Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое места і пастаўляе Яго на крыле храму.
 

І кажа Яму: — калі ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Ангелам Сваім запавядаў пра Табе ахаваць Цябе; і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся на камені нагою Тваею.
 

Ісус-жа сказаў яму: — напісана таксама: не спакушай Госпада Бога Твайго.
 

І ізноў бярэ яго д’ябал на гару вельмі высокую і паказвае Яму ўсе гаспадарствы сьвету і славу іхную.
 

І кажа Яму: — усё гэта дам Табе, калі, паўшы, паклонішся мне.
 

Тады сказаў яму Ісус: — адыйдзі ад Мяне, шатане, бо напісана — Госпаду Богу пакланяйся, і Яму Адзінаму служы.
 

Тады пакінуў Яго д’ябал, і вось Ангелы, прыступіўшы, служылі Яму.
 

Калі Ісус дачуўся, што Ян зьняволены, то адыйшоў у Галілею.
 

І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернаўме, на ўзмор’і ў межах Завулонавых і Нэўфалімавых.
 

Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаварыць:
 

— Зямля Завулонава і зямля Нэўфалімава, па дарозе прыморскай за Йарданам — Галілея паганская.
 

Народ, у цемры бытуючы, убачыў сьвятло вялікае, і тым, якія аселі ў краіне цемры мяртвячае, азарыла сьвятло.
 

З таго часу Ісус пачаў навучаць і прамауляць: — пакайцеся, бо наблізілася Ўладарства Нябеснае.
 

Прайходзячы-ж каля мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў — Сымона, званага Пятром, і Андрэя, брата яго; яны зацягвалі сеткі ў мора, бо былі яны рыбаловамі.
 

І кажа ім: — ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў.
 

Яны зараз жа пакінуўшы сеці пайшлі за Ім.
 

Адыйшоўшы-ж адтуль, убачыў іншых двух братоў: Якуба Заведэева і Яна, брата яго, у лодцы з айцом іхным Заведэем, яны папраўлялі сеці свае, і паклікаў іх.
 

Яны зараз-жа, пакінуўшы лодку і айца свайго, пайшлі за Ім.
 

І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхных абвяшчаючы Евангельле Ўладарства, і ацаляючы ад усякіх нядугаў, і ад усякай немачнасьці ў людзей.
 

І разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужных з рознымі хворасьцямі, і церпячых ад усякіх прыпадкаў, і апанаваных злыдухам, і лунатыкаў, і спараліжаваных, і Ён ацаляў іх.
 

І за Ім ішло мноства народу з Галілеі, і з Дзесяціградзьдзя, і з Ерусаліму, і з Юдэі, і з-за Йардану.