Мацьвея 11 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І было-ж, — калі скончыў Ісус настаўленьні дванаццацём вучняў Сваіх, пайшоў адтуль навучаць і вешчаваць у местах іхных.
 

Ян-жа, дачуўшыся ў вязьніцы пра дзеяньні Ісуса, паслаў двух вучняў сваіх;
 

Каб сказаць: — ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці чакаць нам іншага?
 

І сказаў ім Ісус у адказ: пайдзеце, скажэце Яну, што вы чуеце і бачыце.
 

Сьляпыя празраюць, і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, памершыя ўваскрасаюць і ўбогія дабравесьцяць.
 

І шчасьлівы той, хто не зблазьніцца ўва Мне.
 

Калі-ж яны пайшлі, Ісус пачаў гаварыць народу пра Яна: чаго глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці трысьціну, ветрам хіляную?
 

Дык што глядзець хадзілі вы? ці чалавека у мяккае адзеньне ўбранага? але адзетыя ў мяккае адзеньне ў палацах царскіх знаходзяцца.
 

Але чаго глядзець хадзілі вы? прарока? так, кажу вам, і больш, за прарока.
 

Бо ён той, пра каго напісана: — вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які прыгатуе шлях Твой прад Табою.
 

Папраўдзе кажу вам: з народжаных ад жанчын не паўставаў вялікшы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Уладарстве Нябесным, вялікшы за яго.
 

Ад дзён-жа Яна Хрысьціцеля і дагэтуль Уладарства Нябеснае сілаю цярпеньня здабываецца і моцныя ў наважанасьці здабываюць яго.
 

Бо ўсе прарокі і закон прараклі да Яна.
 

І, калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, каму належыць прыйсьці.
 

Хто мае вушы слухаць, няхай чуе.
 

Да каго-ж прыпадобню род гэты? Падобен ён да дзяцей, якія пасеўшы на рынку, пераклікаюцца між сабою.
 

Прамаўляючы: мы вам на пішчалках гралі, а вы не танцавалі, — а мы вам жалобу сьпявалі, і вы ня плакалі.
 

Бо вось прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць — ён злыдня мае.
 

Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і яны кажуць, — ядун і вінасмок, сябра мытнікаў і грэшнікаў; і апраўдана мудрасьць праз дзяцей яе.
 

Тады пачаў Ісус дакараць гарадам, у якіх найбольш дзеялася цудаў Ягоных, за тое, што не пакаяліся.
 

Гора табе, Харазіне, гора табе, Віфсаіда! Бо, калі-б у Тыры і Сідоне дзеяліся цуды, якія зьдзеяліся ў вас, то даўно-б яны ў валасяніцы і ў попеле пакаяліся.
 

Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў дзень судны, ніж вам.
 

І ты, Капэрнауме, да неба ўзьняўшыся, да пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме былі цуды, якія ў табе створаныя, то ён стаяў-бы да сёнешняга дня.
 

Але, кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, ніж табе.
 

У той час, гаворачы далей, Ісус прамовіў: — слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўкрыў гэта ад прамудрых і разумных і адкрыў тое малым.
 

Так, Войча, бо такое было Тваё Дабраволеньне.
 

Усё Мне перадаў Айцец Мой, і ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына, і каму Сын адкрыць захоча.
 

Прыйдзеце да Мяне ўсе струджаныя і абцяжараныя, і Я супакою вас.
 

Вазьмеце ношу Маю на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорнага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым,
 

бо ноша Мая добрая, і цяжар Мой лёгкі.