Мацьвея 11 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І было-ж, — калі скончыў Ісус настаўленьні дванаццацём вучняў Сваіх, пайшоў адтуль навучаць і вешчаваць у местах іхных.
І сталася, калі скончыў Ісус навучаць дванаццаць вучняў Сваіх, Ён пайшоў адтуль далей, каб вучыць і прапаведаваць у гарадах іх.
Ян-жа, дачуўшыся ў вязьніцы пра дзеяньні Ісуса, паслаў двух вучняў сваіх;
Ян жа, калі пачуў у вязніцы аб дзеях Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх
Каб сказаць: — ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці чакаць нам іншага?
запытацца ў Яго: «Ты Той, Хто павінен прыйсці, ці другога чакаць?»
І сказаў ім Ісус у адказ: пайдзеце, скажэце Яну, што вы чуеце і бачыце.
Адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ідзіце і паведаміце Яну, што вы чулі і бачылі:
Сьляпыя празраюць, і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, памершыя ўваскрасаюць і ўбогія дабравесьцяць.
сляпыя бачаць, і кульгавыя ходзяць, і пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, і мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогім абвяшчаецца добрая вестка,
І шчасьлівы той, хто не зблазьніцца ўва Мне.
і дабраславёны, хто не згоршыцца з Мяне».
Калі-ж яны пайшлі, Ісус пачаў гаварыць народу пра Яна: чаго глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці трысьціну, ветрам хіляную?
А калі тыя адышліся, пачаў Ісус гаварыць да людзей пра Яна: «Што вы выйшлі пабачыць у пустыню? Трысцё, што хістаецца ад ветру?
Дык што глядзець хадзілі вы? ці чалавека у мяккае адзеньне ўбранага? але адзетыя ў мяккае адзеньне ў палацах царскіх знаходзяцца.
Дык што вы выйшлі пабачыць? Можа, чалавека, у мяккія шаты апранутага? Вось, тыя, што ў мяккія шаты апранаюцца, жывуць у дамах царскіх.
Але чаго глядзець хадзілі вы? прарока? так, кажу вам, і больш, за прарока.
Дык каго вы выйшлі пабачыць? Прарока? Нават, кажу вам, і больш за прарока.
Бо ён той, пра каго напісана: — вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які прыгатуе шлях Твой прад Табою.
Бо ён ёсць той, пра каго было напісана: “Вось жа, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табою”.
Папраўдзе кажу вам: з народжаных ад жанчын не паўставаў вялікшы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Уладарстве Нябесным, вялікшы за яго.
Сапраўды кажу вам: не паўстаў сярод народжаных жанчынамі большы за Яна Хрысціцеля; але той, хто меншы ў Валадарстве Нябесным, большы за яго.
Ад дзён-жа Яна Хрысьціцеля і дагэтуль Уладарства Нябеснае сілаю цярпеньня здабываецца і моцныя ў наважанасьці здабываюць яго.
Ад дзён Яна Хрысціцеля аж да сёння Валадарства Нябеснае намаганнем бярэцца, і тыя, хто прыкладаюць намаганне, здабываюць яго.
Бо ўсе прарокі і закон прараклі да Яна.
Бо ўсе прарокі і закон аж да Яна прадказалі;
І, калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, каму належыць прыйсьці.
і, калі хочаце прыняць, ён ёсць Ілля, які павінен прыйсці».
Хто мае вушы слухаць, няхай чуе.
Хто мае вушы слухаць, хай слухае.
Да каго-ж прыпадобню род гэты? Падобен ён да дзяцей, якія пасеўшы на рынку, пераклікаюцца між сабою.
Да каго прыпадобню род гэты? Ён падобны да хлапчанят, што сядзяць на рынку і, гукаючы аднагодкаў, кажуць:
Прамаўляючы: мы вам на пішчалках гралі, а вы не танцавалі, — а мы вам жалобу сьпявалі, і вы ня плакалі.
“Мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі, мы галасілі, а вы не плакалі”.
Бо вось прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць — ён злыдня мае.
Бо прыйшоў Ян, — не есць і не п’е, і кажуць: “Ён дэманам апанаваны”.
Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і яны кажуць, — ядун і вінасмок, сябра мытнікаў і грэшнікаў; і апраўдана мудрасьць праз дзяцей яе.
Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есць і п’е, і кажуць: “Вось чалавек, абжора і п’яніца, сябар мытнікаў і грэшнікаў”. І апраўдана мудрасць дзецьмі яе».
Тады пачаў Ісус дакараць гарадам, у якіх найбольш дзеялася цудаў Ягоных, за тое, што не пакаяліся.
Потым пачаў Ён дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш цудаў Яго, што яны не навярнуліся.
Гора табе, Харазіне, гора табе, Віфсаіда! Бо, калі-б у Тыры і Сідоне дзеяліся цуды, якія зьдзеяліся ў вас, то даўно-б яны ў валасяніцы і ў попеле пакаяліся.
«Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсайда! Бо каб у Тыры і Сідоне адбыліся такія цуды, якія адбыліся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і попеле навярнуліся.
Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў дзень судны, ніж вам.
Дык вось кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў дзень суда, чым вам.
І ты, Капэрнауме, да неба ўзьняўшыся, да пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме былі цуды, якія ў табе створаныя, то ён стаяў-бы да сёнешняга дня.
А ты, Кафарнаўм, што аж да неба ўзнёсся? Аж у пекла зрынешся! Бо каб такія цуды адбыліся ў Садоме, якія адбыліся ў табе, то застаўся б ён па сённяшні дзень.
Але, кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, ніж табе.
Дык вось кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай у дзень суда, чым табе».
У той час, гаворачы далей, Ісус прамовіў: — слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўкрыў гэта ад прамудрых і разумных і адкрыў тое малым.
У той самы час, адказваючы, Ісус сказаў: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты прыхаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта малым дзецям.
Так, Войча, бо такое было Тваё Дабраволеньне.
Так, Ойча, бо такое было Тваё ўпадабанне.
Усё Мне перадаў Айцец Мой, і ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына, і каму Сын адкрыць захоча.
Усё Мне дадзена Айцом Маім. Ды ніхто не ведае Сына, акрамя Айца, і ніхто не ведае Айца, акрамя Сына і каму Сын захоча адкрыць.
Прыйдзеце да Мяне ўсе струджаныя і абцяжараныя, і Я супакою вас.
Ідзіце да Мяне ўсе, што працуеце і стаміліся пад цяжарам, і Я дам вам супакой.
Вазьмеце ношу Маю на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорнага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым,
Вазьміце ярмо Маё на сябе ды вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі ды пакорлівы сэрцам, і знойдзеце супачынак душам вашым.
бо ноша Мая добрая, і цяжар Мой лёгкі.
Бо ярмо Маё салодкае, і цяжар Мой лёгкі».