Мацьвея 11 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2017
І ста́лася, калі закончыў Іісус настаўле́нні двана́ццаці вучням Сваім, Ён перайшоў адтуль вучы́ць і прапаве́даваць у гарадах іх.
І сталася, калі скончыў Ісус навучаць дванаццаць вучняў Сваіх, Ён пайшоў адтуль далей, каб вучыць і прапаведаваць у гарадах іх.
А Іаан, пачуўшы ў цямнíцы пра дзе́і Хрыстовы, паслаў двух вучняў сваіх
Ян жа, калі пачуў у вязніцы аб дзеях Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх
сказаць Яму: ці Той Ты, Які ма́е прыйсцí, ці чакаць нам другога?
запытацца ў Яго: «Ты Той, Хто павінен прыйсці, ці другога чакаць?»
І сказаў ім Іісус у адказ: ідзіце, скажы́це Іаану, што́ вы чу́еце і ба́чыце:
Адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ідзіце і паведаміце Яну, што вы чулі і бачылі:
сляпыя робяцца віду́шчымі і кульга́выя ходзяць, пракажо́ныя ачышча́юцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскраса́юць, і ўбогія дабраве́сцяць;
сляпыя бачаць, і кульгавыя ходзяць, і пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, і мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогім абвяшчаецца добрая вестка,
і блажэнны, хто не ўсумнíцца ўва Мне.
і дабраславёны, хто не згоршыцца з Мяне».
Калі ж пайшлі яны, Іісус пачаў гаварыць народу пра Іаана: што́ глядзець хадзілі вы ў пусты́ню? ці не трысцíну, ве́трам калыха́ную?
А калі тыя адышліся, пачаў Ісус гаварыць да людзей пра Яна: «Што вы выйшлі пабачыць у пустыню? Трысцё, што хістаецца ад ветру?
Што́ ж глядзець хадзілі вы́ чалавека, убра́нага ў мяккае адзе́нне? Але тыя, што носяць мяккае адзе́нне, жывуць у харо́мах царскіх.
Дык што вы выйшлі пабачыць? Можа, чалавека, у мяккія шаты апранутага? Вось, тыя, што ў мяккія шаты апранаюцца, жывуць у дамах царскіх.
Што́ ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.
Дык каго вы выйшлі пабачыць? Прарока? Нават, кажу вам, і больш за прарока.
Бо ён той, пра каго напíсана: «вось, Я пасылаю Ангела Майго перад аблíччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою».
Бо ён ёсць той, пра каго было напісана: “Вось жа, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табою”.
Праўду кажу вам: сярод наро́джаных жанчынамі не паўстава́ў бо́льшы за Іаана Хрысцíцеля; але меншы ў Царстве Нябесным бо́льшы за яго.
Сапраўды кажу вам: не паўстаў сярод народжаных жанчынамі большы за Яна Хрысціцеля; але той, хто меншы ў Валадарстве Нябесным, большы за яго.
Ад дзён жа Іаана Хрысцíцеля да сёння Царства Нябеснае дасяга́ецца сілаю, і тыя, што сілу ўжыва́юць, здабыва́юць яго.
Ад дзён Яна Хрысціцеля аж да сёння Валадарства Нябеснае намаганнем бярэцца, і тыя, хто прыкладаюць намаганне, здабываюць яго.
Бо ўсе прарокі і закон да Іаана прарочылі.
Бо ўсе прарокі і закон аж да Яна прадказалі;
І калі хочаце прыня́ць, ён ёсць Ілія́, які ма́е прыйсцí.
і, калі хочаце прыняць, ён ёсць Ілля, які павінен прыйсці».
Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе.
Хто мае вушы слухаць, хай слухае.
З кім жа параўна́ю род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, звярта́ючыся да тава́рышаў сваіх,
Да каго прыпадобню род гэты? Ён падобны да хлапчанят, што сядзяць на рынку і, гукаючы аднагодкаў, кажуць:
кажуць: «мы ігралі вам на ду́дцы, а вы не танцава́лі; мы спявалі вам жало́бнае, а вы не рыда́лі».
“Мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі, мы галасілі, а вы не плакалі”.
Бо прыйшоў Іаан, не есць, не п’е; і кажуць: «у ім дэман».
Бо прыйшоў Ян, — не есць і не п’е, і кажуць: “Ён дэманам апанаваны”.
Прыйшоў Сын Чалавечы, есць і п’е; і кажуць: «вось, чалавек, які лю́біць есці і віно піць, пры́яцель мы́тнікам і грэшнікам». І апра́ўдана мудрасць дзе́цьмі яе.
Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есць і п’е, і кажуць: “Вось чалавек, абжора і п’яніца, сябар мытнікаў і грэшнікаў”. І апраўдана мудрасць дзецьмі яе».
Тады пачаў Іісус дакара́ць гарады, у якіх найбольш праявíліся сілы Яго, за тое, што яны не пака́яліся.
Потым пачаў Ён дакараць гарады, у якіх адбылося найбольш цудаў Яго, што яны не навярнуліся.
Гора табе, Харазíне! гора табе, Віфсаíда! бо калі б у Ты́ры і Сідо́не явíліся сілы, я́ўленыя ў вас, то даўно б яны ў валасянíцы і ў по́пеле пака́яліся.
«Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсайда! Бо каб у Тыры і Сідоне адбыліся такія цуды, якія адбыліся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і попеле навярнуліся.
Але кажу вам: Ты́ру і Сідону лягчэй будзе ў дзень су́дны, чым вам.
Дык вось кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў дзень суда, чым вам.
І ты, Капернау́ме, што да неба ўзвы́сіўся, да пе́кла будзеш нізры́нуты; бо калі б у Садоме явíліся сілы, я́ўленыя ў табе, то ён бы застаўся па сённяшні дзень.
А ты, Кафарнаўм, што аж да неба ўзнёсся? Аж у пекла зрынешся! Бо каб такія цуды адбыліся ў Садоме, якія адбыліся ў табе, то застаўся б ён па сённяшні дзень.
Але кажу вам, што зямлі Садо́мскай лягчэ́й будзе ў дзень су́дны, чым табе.
Дык вось кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай у дзень суда, чым табе».
Тым часам, далей прамаўля́ючы, Іісус сказаў: сла́ўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаíў гэта ад мудрых і разумных і адкры́ў гэта дзе́цям.
У той самы час, адказваючы, Ісус сказаў: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты прыхаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта малым дзецям.
Так, Ойча! бо такою было́ Твая добрая воля.
Так, Ойча, бо такое было Тваё ўпадабанне.
Усё Мне перада́дзена Айцом Маім, і ніхто не знае Сына, акрамя Айца; і Айца не знае ніхто, акрамя Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
Усё Мне дадзена Айцом Маім. Ды ніхто не ведае Сына, акрамя Айца, і ніхто не ведае Айца, акрамя Сына і каму Сын захоча адкрыць.
Прыйдзíце да Мяне, усе стру́джаныя і абцяжа́раныя, і Я супакою вас.
Ідзіце да Мяне ўсе, што працуеце і стаміліся пад цяжарам, і Я дам вам супакой.
Вазьмíце ярмо́ Маё на сябе і навучы́цеся ад Мяне, бо Я лагодны і пако́рлівы сэ́рцам; і зно́йдзеце спакой ду́шам вашым.
Вазьміце ярмо Маё на сябе ды вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі ды пакорлівы сэрцам, і знойдзеце супачынак душам вашым.
Бо ярмо́ Маё прые́мнае, і цяжа́р Мой лёгкі.
Бо ярмо Маё салодкае, і цяжар Мой лёгкі».