Марка 1 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Пачатак Евангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
Пачатак Евангелля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
Як напісана ў прарокаў: — вось Я пасылаю Ангела Майго прад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой прад Табою.
Як напісана ў Ісаі прарока: «Вось жа, Я пасылаю Анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табой.
Голас зоўны ў пустыні: — прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму.
Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму”».
Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні, і абвяшчаючы хроснае пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў.
З’явіўся Ян у пустыні, хрысцячы і абвяшчаючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў.
І прыходзілі да Яго з усёй краіны Юдэйскай, і жыхары Ерусаліму, і хрысьціліся ад яго ў рацэ Йардане, спавядаючыся ў грахох сваіх.
І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.
Адзеньне-ж Яна была з вярблюжага воласу, і скураны пояс на паясьніцы яго, а ежаю яму служылі акрыды і дзікі мёд.
Ян жа быў апрануты ў вярблюджы волас ды падпяразаны скураной дзяжкай па сваіх сцёгнах і еў саранчу і дзікі мёд.
І прадвяшчаў, гаворачы: — ідзе за мною мацнейшы за мяне, Яму я недастойны, нахіліўшыся, разьвязаць рамень абутку Ягонага.
І навучаў ён, кажучы: «Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я не варты, пакланіўшыся, развязаць рамень пасталоў Яго.
Я хрысьціў вас вадою, Ён-жа будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.
Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
І сталася ў дні тыя, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага, і хрысьціўся ад Яна ў Йардане.
І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.
І ў момант, калі выходзіў з вады, убачыў Ян расчыненыя нябёсы, і Духа, як голуб зыйходзіў і спускаўся на Яго.
І, як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы ды Духа, як голуба, што сыходзіў на Яго.
І голас з неба быў: Ты Сын Мой улюбёны, у Ім-жа Маё Дабраволеньне.
І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, упадабаў Я Цябе».
І зараз-жа Дух павёў Яго ў пустыню.
І зараз вядзе Яго Дух у пустыню.
І быў Ён у пустыні сорак дзён і сорак ночаў, спакушаны праз шатана, і быў там побач зьвяратаў, і ангелы слугавалі Яму.
І Ён прабыў у пустыні сорак дзён, і выпрабоўваўся шатанам; і жыў побач са звярамі, і анёлы паслугавалі Яму.
Пасьля-ж таго, калі быў выданы Ян, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Евангельле Уладарства Божага.
А пасля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Ісус у Галілею, прапаведуючы добрую вестку Валадарства Божага
І гаворачы: — сталася поўня часу, і Уладарства Божае наблізілася, пакайцеся і верце ў Евангельле.
і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Евангеллю!»
Праходзячы-ж каля мора Галілейскага, ўбачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеці ў мора, бо былі рыбакамі.
І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сімона і брата яго Андрэя, што закідалі сеткі ў мора; бо былі яны рыбаловамі.
І сказаў ім Ісус: — ідзеце сьледам за Мною, і Я ўчыню, што вы станецеся лаўцамі чалавекаў.
І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».
І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ісусам.
І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім следам.
І адыйшоўшы крыху адтуль, Ён убачыў Якуба Завядэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама ў лодцы папраўлялі сеці.
І, адышоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зебядзеева і Яна, брата яго, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы.
І зараз-жа паклікаў іх, і яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Завядэя з наймітамі, пайшлі за Ім.
І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зебядзея з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім.
І, увайшоўшы ў Капэрнаум, незабавам у сыботу ўвайшоў Ён у сынагогу, і пачаў навучаць.
І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сінагогу, стаў навучаць.
І дзівіліся ўсе з навукі Ягонае, бо наўчаў іх, як поўнаўладны, а не як кніжнікі.
І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
Быў-жа ў сынагозе чалавек, апанаваны злыдухам, і закрычаў,
І акурат у сінагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў,
кажучы: — што Табе да нас, Ісус Назаранін? прыйшоў Ты загубіць нас! ведаю, Хто Ты ёсьць — Сьвяты Божы.
кажучы: «Што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, Хто Ты: Святы Божы».
Але Ісус забараніў яму, сказаўшы: — змоўкні і выйдзі з яго.
Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!»
Тады нячысты дух, скалануўшы яго і закрычаўушы моцным голасам, выйшаў з яго.
І нячысты дух, скалануўшы яго і крычучы моцным голасам, выйшаў з яго.
I жахнуліся ўсе, і адзін у аднаго пыталіся: — што гэта такое, што гэта за вучэньне новае, што і нячыстым духам загадвае ўладарна, і слухаюцца Яго.
І задзівіліся ўсе, ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта такое? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»
I хутка разыйшлася пагалоска пра Яго па ўсіх аколіцах Галілейскіх.
І хутка разышлася чутка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.
Тады, выйшауўшы з сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя, разам з Якубам і Янам.
І адразу, выйшаўшы з сінагогі, прыбылі з Якубам і Янам ў дом Сімона і Андрэя.
Цешча-ж Сымонава ляжала ў гарачцы, і адразу-ж гавораць Яму пра яе.
Цешча ж Сімона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
I, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і ўраз-жа зьнікла гарачка яе, і яна пачала прыслугоўваць ім.
І, падышоўшы, Ісус падняў яе, узяўшы за руку, і [адразу] пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.
Калі-ж надыйшоў вечар, на захадзе сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных нячыстым.
А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх нямоглых і апанаваных дэманамі;
Усё места зыйшлося каля дзьвярэй.
і так увесь горад сабраўся перад дзвярамі.
І Ён ацаліў многіх, якія цярпелі ад цяжкіх нядугаў, і павыганяў шмат злыдухаў і не дазваляў злыдухам гаварыць, што яны ведаюць Яго — Хрыста.
І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведалі Яго.
А нараніцы, устаўшы на сьвітаньні, выйшаў і аддаліўся ў пустыннае месца, і там маліўся.
І досвіткам, вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і падаўся ў пустыннае месца і там маліўся.
Сымон-жа і тыя хто былі з Ім, пайшлі за Ім.
Сімон жа ды тыя, што з Ім былі, пайшлі за Ім.
І знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
І, калі знайшлі Яго, кажуць Яму: «Усе Цябе шукаюць».
Ён-жа сказаў ім: — пойдзем у бліжэйшыя вёскі і месты, каб і там Мне навучаць, бо-ж дзеля гэтага Я і прыйшоў.
А Ён кажа ім: «Пойдзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там вясціць; бо Я дзеля таго прыйшоў».
I навучаў у сынагогах іхных скрозь па усёй Галілеі, і выганяў злыдухаў.
Ды навучаў у сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
І прыйшоў да Яго запракажаны і, молячы і падаючы прад Ім на калены, гаворыць Яму: — калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
І прыступіўся да Яго пракажоны, і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
Ісус, зьлітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: — хачу, станься чыстым.
І Ісус пашкадаваў яго, і, працягнуўшы руку Сваю, дакрануўся да яго, і гаворыць яму: «Хачу, будзь ачышчаны».
I як толькі Ён сказаў гэта, ураз зыйшла з яго праказа, і ён стаўся чыстым.
І, калі Ён сказаў, адразу сышла з яго праказа, і ён ачысціўся.
I паглядзеўшы на яго загрозьліва, ураз адправіў яго,
І, пагразіўшы яму, адправіў яго адразу,
сказаўшы яму: — глядзі, нікому нічога не гавары, але пайдзі, пакажыся ярэю, і дай ахвяру за ачышчэньне тваё, як загадаў Майсей, на пасьветчаньне ім.
кажучы: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і за ачышчэнне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сведчанне ім».
Ён-жа, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і разгалошваць усюды пра ўчынак; дзеля таго Ісус ужо не ўвайходзіў у месты на відоку, але трымаўся вонках, у месцах зацішных, і зыйходзіліся да Яго адусюль.
Але ён, адышоўшы, пачаў шмат распавядаць ды шырыць слаўную чутку так, што ўжо Ён не мог адкрыта пайсці ў горад, але быў звонку ў бязлюдных мясцінах. І адусюль сыходзіліся да Яго.