Марка 9 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
I сказаў ім: — запраўды, гавару вам: ёсьць некаторыя сярод вас, якія не зазнаюць сьмерці, калі ужо ўбачаць Уладарства Божае, яўленае ў сіле.
І казаў ім: «Сапраўды кажу вам: некаторыя, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, перш чым не ўбачаць, як Валадарства Божае прыйшло ў магутнасці».
Калі прамінула шэсьць днёх, узяў Ісус Пятра, Якуба і Яна і ўзьвёў на гару высокую асобна іх адных, і перамяніўся прад імі.
І праз шэсць дзён Ісус бярэ Пётру, і Якуба, і Яна і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.
Адзеньне Яго стала зіхатлівае і белае, як сьнег, гэтак бялільнік на зямлі ня можа выбелець.
Адзенне Яго заззяла і стала белым, як снег, як на зямлі бялільшчык выбеліць не зможа.
I зьявіуся ім Ільля з Майсеем, і размаўлялі з Ісусам.
І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і гаварылі з Ісусам.
Тады азваўся Пётра і сказаў Ісусу: — Раўві! добра нам тут быць; зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Ільлі адну.
І, кажучы, гаворыць Пётра Ісусу: «Рабі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Іллі адну».
І сказаў, ня ведаючы, што сказаць, бо былі яны пранятыя страхам.
Бо сам не ведаў, што гаворыць, бо надта былі спалоханы.
I спусьцілася воблака, ахінаючы іх; і пачуўся голас з воблака: — гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце.
І з’явілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!»
I раптам, азірнуўшыся, нікога больш ня ўбачылі, апрача Ісуса і сябе самых.
І яны, зараз жа паглядзеўшы навокал, апрача Ісуса, нікога больш не ўбачылі каля сябе.
Калі-ж зыходзілі яны з гары, Ён перасьцерагаў іх, каб нікому не гаварылі пра бачанае тут, пакуль Сын Чалавечы не ўваскросьне з мёртвых.
І, калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім Ён, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
І яны ўтрымалі ў сябе гэтае слова, і размаўлялі, пытаючы адзін аднаго, што азначае «уваскросьне з мёртвых».
І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што гэта значыць: «уваскрэснуць з мёртвых».
I спыталіся ў Яго, кажучы: — чаму кніжнікі гавораць, што Ільлі належыць прыйсьці першаму.
Дык пыталі Ісуса: «Чаму гэта кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Ілля?»
Ён-жа ў адказ сказаў ім: — Ільлі належыць прыйсьці першаму і падгатаваць усё; і Сыну Чалавечаму, як пра Яго напісана, належыць многа адцярпець і быць панявераным.
А Ён гаворыць ім: «Ілля, калі прыйдзе перш, направіць усё; і, як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець, і будзе пагарджаны.
Але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і абыйшліся з ім, як хацелі, як і напісана пра яго.
Але Я вам кажу: і Ілля прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана».
А прыйшоўшы да вучняў, убачыў многа народу вакол іх і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі.
І, вяртаючыся да вучняў, убачыў вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
I раптам увесь народ, убачыўшы Яго, сумеўся, і зрушыўся і, падбягаючы ў боязьні, вітаў Яго.
І адразу, ўбачыўшы Ісуса, увесь народ здзівіўся і, падбягаючы, вітаў Яго.
І Ён спытаўся ў кніжнікаў: — пра што спрачаецеся з імі?
І спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся між сабой?»
У адказ-жа адзін з народу сказаў: — Вучыцель, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.
І нехта з натоўпу адказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.
I дзе ні схопіць яго, кідае яго аб зямлю, і ён пеніць і скрыгоча зубамі сваімі, ды пруцянее; казаў я вучням Тваім, каб выгналі яго, і не змаглі.
І ён, дзе толькі наваліцца на яго, кідае яго, так што пеніцца ён і скрыгоча зубамі свімі ды пруцянее. Дык прасіў я вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не змаглі».
Ён-жа ў адказ сказаў яму: — о, родзе няверны, дакуль буду з вамі, дакуль буду цярпець вас? прывядзеце яго да Мяне.
Ён жа, адказваючы ім, кажа: «О род няверны, як доўга буду Я між вамі? Як доўга буду вас цярпець? Прывядзіце яго да Мяне».
I прывялі яго да Ісуса; і убачыўшы Яго, дух страсянуў юнака, і той упаў на зямлі і валяўся, запеніўшыся.
І прывялі яго да Яго. І калі ўбачыў Яго, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.
Ісус спытаўся ў бацькі яго: — як даўно гэта сталася з ім? — той-жа адказаў: — з дзяцінства.
І запытаўся ў бацькі: «Як даўно яму гэта прычынілася?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства;
І ня раз кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго; але калі што можаш, зьлітуйся над намі і памажы нам.
і часта кідаў яго нават у агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі што можаш, ратуй нас, злітуйся над намі».
Ісус сказаў яму: — калі можаш верыць, усё магчыма для таго, хто верыць.
А Ісус гаворыць яму: «Калі можаш верыць, усё магчыма таму, хто верыць».
I ўраз-жа загаласіўшы, бацька хлапца сказаў праз сьлёзы: — веру, Госпадзе, памажы майму недаверству!
Адразу бацька хлопчыка, плачучы, гаварыў уголас: «Веру, Госпадзе, дапамажы майму недавер’ю».
Тады Ісус, бачачы, што зьбягаецца народ, загразіў духу нячыстаму, кажучы яму: — дух нямы і глухі! загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго.
І, калі Ісус убачыў, што збягаецца натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: «Дух глухі і нямы! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».
I закрычаўшы моцна скалануўшы яго, выйшаў, і ён стаўся як няжывы, дык многія гаварылі — памёр.
І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі: «Ён памёр».
Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
Ісус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
Калі-ж увайшоў Ісус у дом, вучні Ягоныя, на адасабненьні, пыталі ў Яго: — чаму мы не маглі выгнаць яго?
І, калі Ён увайшоў у дом, вучні Яго ўжо адзін на адзін пыталіся ў Яго: «Чаму мы не змаглі яго выгнаць?»
I сказаў ім: — род гэты інакш ня можа выйсьці, як толькі праз пост і малітву.
І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк не можа выйсці, акрамя як праз [пост і] малітву».
А выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.
І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.
Бо навучаў вучняў Сваіх, гаворачы ім, што Сын Чалавечы выданы будзе ў рукі людзеў, і заб'юць Яго, і быўшы забітым, на трэйці дзень уваскросьне.
Бо навучаў вучняў Сваіх і казаў ім: «Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей, і яны заб’юць Яго, але, забіты, Ён на трэці дзень ўваскрэсне».
Яны-ж не разумелі сказанага, але баяліся ў Яго пытацца.
Ды яны слоў гэтых не разумелі і баяліся Яго пытацца.
I прыйшлі ў Капэрнаум; і калі быў у доме, папытаўся ў іх: — пра што вы ў дарозе разважалі між сабою?
І прыбылі ў Кафарнаўм. І, калі былі ў доме, спытаў Ён іх: «Аб чым вы ў дарозе разважалі між сабою?»
Яны-ж маўчалі, бо разважалі ў дарозе між сабою, хто з іх большы.
Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся між сабой, хто з іх большы.
I, сеўшы, падклікаў дванаццацёх і сказаў ім: — калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім і для ўсіх слугою.
І Ісус, сеўшы, паклікаў дванаццаць, і гаворыць ім: «Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх паслугачом».
I узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх, ды абняўшы яго, сказаў ім:
І, узяўшы дзіця, паставіў яго між імі, і прытуліў яго, і сказаў ім:
— хто прыйме адно з гэткіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыйме, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, хто паслаў Мяне.
«Калі хто ў імя Маё прыме адно з такіх дзяцей, Мяне прымае, а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто Мяне паслаў».
Тады Ян прамовіў да Яго: — Вучыцель! мы бачылі чалавека, які Імём Тваім выганяе злыдухаў, а ня йдзе за намі; і мы забаранілі яму, бо ён ня йдзе за намі.
Сказаў Яму Ян: «Настаўнік, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, які не ходзіць за намі, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць за намі».
Ісус-жа сказаў: — не забараняйце яму, бо ніхто, стварыўшы цуд Імём Маім, ня будзе зараз гаварыць злое пра Мяне.
Ісус жа гаворыць: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды ў імя Маё, не можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне.
Бо хто ня супраць вас, той за вас.
Бо хто не супраць вас, той за вас.
І хто напоіць вас чашаю вады ў Імя Маё, дзеля таго, што вы Хрыстовы, запраўды, кажу вам, — ня страціць узнагароды свае.
Бо хто падасць вам кубак вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовы, сапраўды кажу вам: не страціць узнагароды сваёй.
А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, верных Мне, лепш было-б яму, каб завесілі яму жарновы камень на шыю і ўкінулі ў мора.
А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі жоран млынавы на шыю яго і кінулі ў мора.
I калі зводзіць цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе калекаму ўвайсьці ў жыцьцё, ніж з дзьвюма рукамі йсьці у пекла, у агонь незгасальны.
І, калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве рукі, пайсці ў пекла, у агонь нязгасны,
Дзе і чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае.
дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
I калі нага твая зводзіць цябе, адсячы яе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, ніж з дзьвюма нагамі быць укінутым у пекла, у агонь незгасальны.
І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе кульгаваму ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве нагі, быць укінутым у агонь незгасальны,
Дзе і чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае.
дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае.
I калі вока тваё зводзіць цябе, вырві яго: лепш табе аднавокаму ўвайсьці ў Уладарства Божае, ніж з двума вачыма быць укінутым у геену агнявую.
І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсці ў Валадарства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла,
Дзе чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае.
дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.
Бо кажны агнём асоліцца, і ўсякая ахвяра сольлю асоліцца.
Бо кожны агнём будзе пасолены, і ўсякая ахвяра соллю пасоліцца.
Соль — добрая рэч; але калі соль несалёнай стане, чым яе паправіце? мейце-ж соль у сабе, і мір мейце між сабою.
Соль добрая, а калі соль звятрэе, дык чым яе прысаліць? Майце ў сабе соль і мірна жывіце між сабою».