Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

I сказаў ім: — запраўды, гавару вам: ёсьць некаторыя сярод вас, якія не зазнаюць сьмерці, калі ужо ўбачаць Уладарства Божае, яўленае ў сіле.
 

Калі прамінула шэсьць днёх, узяў Ісус Пятра, Якуба і Яна і ўзьвёў на гару высокую асобна іх адных, і перамяніўся прад імі.
 

Адзеньне Яго стала зіхатлівае і белае, як сьнег, гэтак бялільнік на зямлі ня можа выбелець.
 

I зьявіуся ім Ільля з Майсеем, і размаўлялі з Ісусам.
 

Тады азваўся Пётра і сказаў Ісусу: — Раўві! добра нам тут быць; зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Ільлі адну.
 

І сказаў, ня ведаючы, што сказаць, бо былі яны пранятыя страхам.
 

I спусьцілася воблака, ахінаючы іх; і пачуўся голас з воблака: — гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце.
 

I раптам, азірнуўшыся, нікога больш ня ўбачылі, апрача Ісуса і сябе самых.
 

Калі-ж зыходзілі яны з гары, Ён перасьцерагаў іх, каб нікому не гаварылі пра бачанае тут, пакуль Сын Чалавечы не ўваскросьне з мёртвых.
 

І яны ўтрымалі ў сябе гэтае слова, і размаўлялі, пытаючы адзін аднаго, што азначае «уваскросьне з мёртвых».
 

I спыталіся ў Яго, кажучы: — чаму кніжнікі гавораць, што Ільлі належыць прыйсьці першаму.
 

Ён-жа ў адказ сказаў ім: — Ільлі належыць прыйсьці першаму і падгатаваць усё; і Сыну Чалавечаму, як пра Яго напісана, належыць многа адцярпець і быць панявераным.
 

Але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і абыйшліся з ім, як хацелі, як і напісана пра яго.
 

А прыйшоўшы да вучняў, убачыў многа народу вакол іх і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі.
 

I раптам увесь народ, убачыўшы Яго, сумеўся, і зрушыўся і, падбягаючы ў боязьні, вітаў Яго.
 

І Ён спытаўся ў кніжнікаў: — пра што спрачаецеся з імі?
 

У адказ-жа адзін з народу сказаў: — Вучыцель, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.
 

I дзе ні схопіць яго, кідае яго аб зямлю, і ён пеніць і скрыгоча зубамі сваімі, ды пруцянее; казаў я вучням Тваім, каб выгналі яго, і не змаглі.
 

Ён-жа ў адказ сказаў яму: — о, родзе няверны, дакуль буду з вамі, дакуль буду цярпець вас? прывядзеце яго да Мяне.
 

I прывялі яго да Ісуса; і убачыўшы Яго, дух страсянуў юнака, і той упаў на зямлі і валяўся, запеніўшыся.
 

Ісус спытаўся ў бацькі яго: — як даўно гэта сталася з ім? — той-жа адказаў: — з дзяцінства.
 

І ня раз кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго; але калі што можаш, зьлітуйся над намі і памажы нам.
 

Ісус сказаў яму: — калі можаш верыць, усё магчыма для таго, хто верыць.
 

I ўраз-жа загаласіўшы, бацька хлапца сказаў праз сьлёзы: — веру, Госпадзе, памажы майму недаверству!
 

Тады Ісус, бачачы, што зьбягаецца народ, загразіў духу нячыстаму, кажучы яму: — дух нямы і глухі! загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго.
 

I закрычаўшы моцна скалануўшы яго, выйшаў, і ён стаўся як няжывы, дык многія гаварылі — памёр.
 

Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
 

Калі-ж увайшоў Ісус у дом, вучні Ягоныя, на адасабненьні, пыталі ў Яго: — чаму мы не маглі выгнаць яго?
 

I сказаў ім: — род гэты інакш ня можа выйсьці, як толькі праз пост і малітву.
 

А выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.
 

Бо навучаў вучняў Сваіх, гаворачы ім, што Сын Чалавечы выданы будзе ў рукі людзеў, і заб'юць Яго, і быўшы забітым, на трэйці дзень уваскросьне.
 

Яны-ж не разумелі сказанага, але баяліся ў Яго пытацца.
 

I прыйшлі ў Капэрнаум; і калі быў у доме, папытаўся ў іх: — пра што вы ў дарозе разважалі між сабою?
 

Яны-ж маўчалі, бо разважалі ў дарозе між сабою, хто з іх большы.
 

I, сеўшы, падклікаў дванаццацёх і сказаў ім: — калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім і для ўсіх слугою.
 

I узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх, ды абняўшы яго, сказаў ім:
 

— хто прыйме адно з гэткіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыйме, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, хто паслаў Мяне.
 

Тады Ян прамовіў да Яго: — Вучыцель! мы бачылі чалавека, які Імём Тваім выганяе злыдухаў, а ня йдзе за намі; і мы забаранілі яму, бо ён ня йдзе за намі.
 

Ісус-жа сказаў: — не забараняйце яму, бо ніхто, стварыўшы цуд Імём Маім, ня будзе зараз гаварыць злое пра Мяне.
 

Бо хто ня супраць вас, той за вас.
 

І хто напоіць вас чашаю вады ў Імя Маё, дзеля таго, што вы Хрыстовы, запраўды, кажу вам, — ня страціць узнагароды свае.
 

А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, верных Мне, лепш было-б яму, каб завесілі яму жарновы камень на шыю і ўкінулі ў мора.
 

I калі зводзіць цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе калекаму ўвайсьці ў жыцьцё, ніж з дзьвюма рукамі йсьці у пекла, у агонь незгасальны.
 

Дзе і чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае.
 

I калі нага твая зводзіць цябе, адсячы яе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, ніж з дзьвюма нагамі быць укінутым у пекла, у агонь незгасальны.
 

Дзе і чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае.
 

I калі вока тваё зводзіць цябе, вырві яго: лепш табе аднавокаму ўвайсьці ў Уладарства Божае, ніж з двума вачыма быць укінутым у геену агнявую.
 

Дзе чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае.
 

Бо кажны агнём асоліцца, і ўсякая ахвяра сольлю асоліцца.
 

Соль — добрая рэч; але калі соль несалёнай стане, чым яе паправіце? мейце-ж соль у сабе, і мір мейце між сабою.