Марка 3 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І прыйшоў зноў у сынагогу; там быў чалавек, які меў падсухую руку.
 

І сачылі Яго, ці ня будзе ацаляць у сыботу, каб абвінаваціць Яго.
 

Ён-жа кажа сухарукаму: — стань пасяродку.
 

Тады кажа ім: — ці належыць у сыботу дабро тварыць, ці тварыць зло; душу зьберагчы, ці загубіць? але яны маўчалі.
 

I глянуўшы на іх з гневам, у смутку з акамянеласьці сэрцаў іхных, прамовіў да сухарукага: — вытягні руку тваю; ён вытягнуў; і стала рука яго здаровая, як і другая.
 

Фарысеі, выйшаўшы, зараз-жа зрабілі змову з ірадыянамі на Яго, каб загубіць Яго.
 

Ісус-жа з вучнямі Сваімі адыйшоў да мора, а за Ім пайшло мноства народу з Галілеі, Юдэі.
 

І з Ерусаліму, і Ідумеі, і з-за Йардану, і з ваколіц Тыру і Сідону, — вялікай грамадою ішлі да Яго, дачуўшыся, што Ён тварыў.
 

I сказаў вучням Сваім, каб была прыгатаваная для Яго лодка, з увагі на мноства народу, каб ня сьціскалі Яго.
 

Бо шматлікіх Ён ацаліў, дык усе, хто меў нядуг, ціснуліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.
 

І духі нячыстыя, убачыўшы Яго, падалі прад Ім і крычалі, кажучы: — Ты Сын Божы!
 

Але Ён цьверда забараняў ім, каб не выяўлялі Яго.
 

Потым узыйшоў на гару, і паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў.
 

I паставіў з іх дванаццаць, каб былі з Ім, і каб пасылаць іх на павучаньні.
 

I каб яны мелі ўладу вызваляць з нядугаў і выганяць злыдухаў.
 

Паставіў Сымона, даўшы яму імя Пётра.
 

I Якуба Заведэева і Яна, брата яго, даўшы ім іменьні Воанэргес, што значыць — сыны громавы.
 

I Андрэя, і Піліпа, і Баўтрамея, і Мацьвея, і Фаму, і Якуба Алфеевага, і Фадзея, і Сымана Кананіта.
 

І Юду Іскарыёта, які і прадаў Яго.
 

I прыходзяць у дом, і зноў зьбіраецца народ, дык не маглі і хлеба перакусіць.
 

Сваякі-ж Яго, дачуўшыся, нібы Ён не пры Сваім розуме, прышлі забраць Яго.
 

А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерусаліму, гаварылі, што Ён мае ў Сабе вельзевула, і што выганяе злыдухаў сілаю князя шатанскага.
 

I, паклікаўшы іх, гаварыў ім прыпавесьцямі: як можа шатан шатана выганяць?
 

Калі гаспадарства само ў сабе падзеліцца, ня можа ўстаяць гаспадарства тое.
 

I калі дом разьдзеліцца сам у сабе — ня можа ўстаяць дом той.
 

А калі шатан паўстаў сам на сябе і разьдзяліўся, — ня можа ўстаяць, але канец яму.
 

Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом крэпкага чалавека, рабаваць дабро яго, пакуль ня зьвяжа крэпкага, і тады абрабуе дом яго.
 

Папраўдзе кажу вам: — усе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым і зьнявагі, якімі-б ні зьневажалі.
 

Але хто будзе зьневажаць Духа Сьвятога, таму ня будзе дараваньня ніколі, бо падлягае вечнаму асуджэньню.
 

Гэта сказаў Ён дзеля таго, што гаварылі: — Ён мае нячыстага.
 

I прыйшлі Маці Яго и браты; яны станулі вонках дому, і паслалі да Яго, каб паклікаць Яго.
 

Навокал Яго сядзеў народ, і сказалі Яму: — вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на падворку, шукаюць Цябе.
 

Ён-жа ў адказ прамовіў: — хто Маці Мая, і браты Мае?
 

I абвёўшы позіркам усіх, якія сядзелі вокал Яго, сказаў: — вось маці Мая і браты Мае.
 

Бо хто будзе выпаўняць волю Божую, той брат Мой, і сястра Мая, і Маці Мая.