Марка 4 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І зноў пачаў навучаць над морам; сабралася-ж вялікая грамада народу вакол Яго, і Ён увайшоў у лодку і сядзеў у лодцы на моры, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.
 

І доўга навучаў іх прыпавесьцямі, і ў навучаньні Сваім гаварыў ім:
 

слухайце: вось выйшаў сейбіт сеяць.
 

I калі ён сеяў, некаторае насеньне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго.
 

Іншае ўпала на грунт камяністы, дзе было мала зямлі, і хутка ўзыйшло, бо зямля была няглыбокая.
 

Калі-ж прыгрэла сонца, яно завяла і, ня маючы караня, ссохла.
 

Іншае ўпала ў цярніну; і вырасла цярніна, і заглушыла яго, і плёну ня выдала.
 

Іншае ўпала ў добрую зямлю, і добра ўзыйшло і вырасла, і дало плён: адно трыццаць, іншае шэсьцьдзесят, а іншае стакроць.
 

I сказаў ім: — хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.
 

Калі-ж астаўся без народу, тыя, якія былі з Ім разам з дванаццацьма, папыталіся ў Яго пра прыпавесьць.
 

І сказаў ім: — дадзена вам пазнаваць тайніцы Уладарства Божага, а тым пабочным усё падаецца ў прыпавесьцях.
 

Што гледзячы вачыма сваімі — ня бачаць, слухаюць вушамі сваімі — не разумеюць, каб не навярнуцца, ды каб ня былі дараваныя ім грахі іхныя.
 

I кажа ім: — не разумееце гэтае прыпавесьці? як-жа вам зразумець усе прыпавесьці?
 

Сейбіт слова сее.
 

Пасеянае пры дарозе азначае тых, між якіх слова сеецца, але як толькі пачуюць, зараз-жа прыходзіць шатан і вырывае слова, пасеянае ў сэрцах іхных.
 

Таксама пасеянае на камяністым груньце — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыймаюць яго з радасьцяй.
 

Але ня маюць у сабе карэньня, і трымаюцца да часу; калі-ж прыйходзіць трывога, уціск і гнабленьне за слова, хутка адпадаюць.
 

У цярні пасеянае — гэта тыя, якія чуюць слова.
 

Але жыцьцёвыя клопаты, зманлівасьць багацьця, і розныя іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.
 

А што пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, якія слухаюць слова, прыймаюць яго, і даюць плён: адзін у трыццаць, іншы ў шэсьцьдзесят, іншы ў стакроць.
 

І сказаў ім: — ці-ж на тое прыносяць лямпу, каб паставіць яе пад пасудзіну, або пад ложак, ане на тое, каб паставіць яе на падстаўцы?
 

Няма-ж нічога тайнага, каб ня сталася яўным, і нічога сукрытага, каб ня выйшла на сьвятло.
 

Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае.
 

I сказаў ім: — заўважайце, што чуеце: — якою мераю мераеце, такою і вам адмерана будзе, і дададзена будзе вам паслушным.
 

Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, у таго адыймецца і тое, што мог-бы мець.
 

I сказаў: Уладарства Божае падобнае да таго, як чалавек робіць засеў на зямлі.
 

І сьпіць, і устае; і ноч і дзень, і насеньне прарастае і расьце без яго веданьня пра гэта.
 

Бо зямля сама сабою родзіць, — сьпярша сьцябло, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.
 

Калі-ж дасьпее плён, зараз-жа пасылае серп, бо настала жніва.
 

І Ён сказаў: — да чаго прыпадобнім Уладарства Божае? ці якою прыпавесьцяй выкажам Яго?
 

Яно, як зерне гарчычнае: калі сеецца ў зямлю, яно меншае за ўсякае насеньне зямное.
 

Калі-ж пасеянае ўзрастае, становіцца большае за ўсе травы, і выпускае вялікія веткі, і ў цені іх могуць хавацца птушкі нябесныя.
 

I гэткімі шматлікімі прыпавесьцямі прамаўляў да іх слова, наколькі яны маглі ўспрыняць.
 

Без прыпавесьці не гаварыў ім; а вучням асобна разьясьняў усё.
 

Таго-ж дня ўвечары Ён сказаў ім: — пераплывем на той бок.
 

І яны, адправіўшы народ, узялі Яго, так як быў у лодцы, і былі з Ім іншыя лодкі.
 

Усхадзілася-ж вялікая бура, хвалі так білі ў лодку і залівалі вадой.
 

Ён-жа Сам спаў ля стырна на ўзгалоўі; і пабудзілі Яго ды кажуць Яму: — Вучыцель, няўжо Ты ня дбаеш, што мы загібаем?
 

Тады ўстаў, забараніў ветру і азваўся да мора: — сьціхні, перастань! i заціх вецер, і стала вялікая ціша.
 

I сказаў ім: — чаму вы такія палахлівыя? як-жа ў вас няма веры?
 

Яны-ж у страху вялікім гаварылі адзін аднаму: — хто-ж гэта, што і вецер і мора паслушныя Яму?