Марка 13 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
I калі Ён выходзіў з храму, адзін з вучняў Ягоных кажа Яму: — Вучыцель! глянь, якія камяніцы і што за будыніны!
Ісус у адказ сказаў яму: — заглядзіўся ты на гэтыя велічныя будыніны? не астанецца тут каменя на камені, якія-б ня былі разбураны.
I калі Ён сядзеў на гары Аліўнай, насупраць храму, пыталіся ў Яго на самоце Пётра, Якуб, Ян і Андрэй:
Скажы нам, калі гэта будзе, і якая азнака таго, калі гэта ўсё павінна стацца?
І ў адказ Ісус пачаў гаварыць: — сьцеражэцеся, каб хто не спакусіў вас.
Бо многія прыйдуць пад імём Маім, і будуць гаварыць — гэта Я, — і многіх зьвядуць.
Калі-ж пачуеце пра войны, ці пагалоскі пра войны, ня бойцеся — належыць гэтаму быць, але гэта яшчэ не канец.
Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства, і будуць землятрасеньні мясцамі, і будуць галадоўлі і завірухі, гэта будзе пачатак злыбедаў.
Трымайцеся-ж вы самі; бо выдаваць будуць вас у судзілішчы, і будзеце пабіваныя ў сынагогах, ды пастаўлены будзеце прад правіцелямі і ўладарамі за Мяне, на сьветчаньне ім.
А перад гэтам народам усім мае быць абвешчана Евангельле.
Калі-ж павядуць вас навыданьне, ня турбуйцеся наперад, што маеце гаварыць, але, што будзе вам дадзена ў тую часіну, тое гаварэце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.
І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзіцей, і паўстануць дзеці на бацькоў і ўсьмерцяць іх.
І будзеце зьненавіджаны ўсімі за Імя Маё; але хто выцерпіць да канца, збавёны будзе.
Калі-ж пабачыце агіду спусташэньня, пра што казаў прарок Даніель, якая паўстала ў месцы, дзе не павінна быць — хто чытае, няхай разумее — тады хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы.
А хто на страсе, няхай ня злазіць і не ўваходзіць у дом узяць чаго-небудзь з дому свайго.
А хто на полі, няхай не варачаецца ўзяць адзеньне сваё.
Гора цяжарным і карміцелькам грудных немаўлят у дні тыя.
Малецеся-ж, каб ня сталася гэтае узімку.
Бо ў дні тыя будзе такая скруха, якой ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
І калі-б Госпад не скараціў дзён тых, не ўхавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў дні тыя.
Тады, калі хто вам скажа: — вось тут Хрыстос, ці — вось там, — ня верце.
Бо паўстануць ілжывыя Хрысты ды ілжывыя прарокі, ды пакажуць знаменьні і цуды, каб зьвясьці, калі змога, нават і выбраных.
Вы-ж сьцеражэцеся, вось Я наперад сказаў вам усё.
Але ў тыя дні, пасьля скрухі тэй, сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго.
I зоры будуць падаць з неба, і сілы нябесныя зрушацца.
I тады убачаць Сына Чалавечага, які прыйходзіць на воблаках з сілаю вялікаю і славаю.
I тады пашле ангелаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх, ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе мякчэюць, і распускаецца лісьце, ведайце, што набліжаецца лета.
Гэтак і вы: калі ўбачыце, што ўсё гэта збываецца, ведайце, што блізка ўжо, пры дзьвярох.
Запраўды, кажу вам: не праміне род гэты, калі ўсё гэта станецца.
Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
Дня-ж таго, ані часу, ніхто ня ведае: ані ангелы ў небе, ані Сын, а толькі Айцец.
Глядзеце-ж, чувайце і малецеся, бо ня ведаеце, калі настане час.
Падобна, як чалавек, адыйходзячы ў падарож, пакідаючы дом свой, даверыў слугам сваім, што кажны павінен рабіць, і загадаў вартаўніку пры варотах быць чуйным.
Дык чувайце і вы, бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: ці ўвечары, ці апоўначы, ці пры сьпеве пеўняў, ці нараніцы.
Каб, прыйшоўшы нечакана, не застаў вас заспанымі.
А што кажу вам — усім кажу: чувайце!