Мацьвея 14 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

У той час Ірад чацьвертаўладнік, пачуўшы пра Ісуса,
 
У той час пачуў тэтрарх Ірад погалас пра Ісуса.

Сказаў сваім службоўцам: — гэта Ян Хрысьціцель; ён уваскрос з мертвых, і таму цуды дзеюцца праз яго.
 
Дык гаварыў ён паслугачам сваім: «Гэта Ян Хрысціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і таму праз яго творацца цуды».

Бо Ірад схапіў Яна, зьвязаў яго і пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго.
 
Бо Ірад узяў Яна, і звязаў яго, і пасадзіў у вязніцу дзеля Ірадыяды, жонкі Піліпа, брата свайго.

Ян-жа гаварыў яму: не ў законе табе мець яе.
 
Бо Ян казаў яму: «Нельга табе мець яе».

І хацеў забіць яго, але баяўся народу, бо яго ўважалі за прарока.
 
І ён хацеў забіць яго, але баяўся народа, бо лічылі яго прарокам.

Калі-ж быў дзень народзін Ірада, дачка Ірадыяды танцавала сярод іх, і дагадзіла Іраду.
 
Але ў дзень нараджэння Ірада дачка Ірадыяды скакала ў прысутнасці ўсіх і спадабалася Іраду.

Ён, пакляўшыся, абяцаў ёй даць, чаго-б яна ні папрасіла.
 
Дык пад прысягай ён абяцаў ёй даць, што толькі ад яго запатрабуе.

Яна-ж, падвучаная маткаю сваею, сказала: — дай мне тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля.
 
Яна, падвучаная маці сваёй, сказала яму: «Дай мне на блюдзе галаву Яна Хрысціцеля».

І засмуціўся кароль, але з увагі на кляцьбу і на гасьцей сваіх, загадаў даць ёй.
 
Цар засмуткаваў, але дзеля прысягі ды дзеля тых, што разам узлягалі, загадаў, каб далі.

І паслаўшы, сьцяў галаву Яна ў вязьніцы.
 
І паслаў адсячы Яну галаву ў вязніцы.

І прынясьлі галаву яго на талерцы і далі дзяўчыне, а яна занесла маці сваёй.
 
І прынеслі яго галаву на блюдзе і далі дзяўчыне, а яна занесла яе маці сваёй.

Вучні-ж ягоныя, прышоўны, ўзялі цела яго і пахавалі яго ды пайшлі паведамілі Ісуса.
 
А вучні яго, прыступіўшы, узялі цела і пахавалі яго і, прыйшоўшы, расказалі пра гэта Ісусу.

Пачуўшы гэтае, Ісус аддаліўся адтуль на лодцы адзінотна ў месца бязьлюднае; народ-жа, дачуўшыся, пайшоў за Ім з местаў пехатою.
 
Калі Ісус пачуў пра гэта, Ён адплыў адтуль на лодцы ў пустыннае месца адзін. І, калі пачулі, многія людзі пайшлі за Ім следам пехатою з гарадоў.

І, выйшаўшы, Ісус убачыў грамады народу; і зьлітаваўся над імі, і ацаліў нядужных іхных.
 
І, выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп, і пашкадаваў іх, і аздаравіў хворых іх.

Калі-ж настаў вечар, прыступілі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: — месца тут пустыннае, а пара ўжо позьняя, — адпусьці народ, каб пайшлі ў аселішчы купіць сабе ежы.
 
Калі настаў вечар, падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Месца тут пустыннае, і час ужо позні; адпусці людзей, каб, пайшоўшы ў селішчы, купілі сабе харчоў».

Ісус-жа сказаў ім: — не патрабуюць яны ісьці, вы дайце ім есьці.
 
Ісус жа сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці».

Яны-ж кажуць Яму: — ня маем мы, у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы.
 
Яны ж кажуць Яму: «Не маем мы тут нічога, толькі пяць хлябоў і дзве рыбы».

І Ён сказаў: — прынясеце Мне іх сюды.
 
Ён гаворыць: «Прынясіце Мне іх сюды».

Тады сказаў народу супачыць на траве; і ўзяўшы пяць хлябоў і аебдзьве рыбы, узглянуў на неба, дабрасловіў і, паламаўшы, даў вучням хлябы, а вучні — народу.
 
І пасля таго, як загадаў людзям узлегчы на траву, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, зірнуў на неба, дабраславіў, і паламаў, і раздаў вучням хлябы, а вучні — людзям.

І елі ўсе да задаволеньня, і назьбіралі астачы дванаццаць карабоў поўных.
 
І елі ўсе і наеліся, а з астаткаў сабралі дванаццаць поўных кашоў.

А ела-ж блізу пяці тысяч мужчын, апрача жанчын і дзяцей.
 
Людзей жа, што елі, было каля пяці тысяч, апрача жанчын і дзяцей.

І зараз-жа сказаў Ісус вучням Сваім увайсьці ў лодку і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць народ.
 
І адразу ж загадаў вучням сесці ў лодку і выправіцца раней за Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей.

І, адпусьціўшы народ, узыйшоў на гару памаліцца на самоце, і да позьняга вечара аставаўся там адзін.
 
І, адпусціўшы людзей, адзін узышоў на гару маліцца. А калі звечарэла, адзін там заставаўся.

А лодка была ўжо пасярод мора, падбіваны хвалямі, бо вецер быў супраціўны.
 
А лодка ўжо адплыла на многа стадый ад зямлі, і кідалі яе хвалі, бо вецер быў супраціўны.

У чацьвертую старожу ночы, Ісус пайшоў да іх, ідучы па моры.
 
А чацвёртай начной варце прыйшоў Ісус да іх, ідучы па моры.

Вучні-ж Ягоныя, убачыўшы хадзячага па моры, сумеліся і гаварылі, што гэта здань, і ад страху закрычалі.
 
А вучні, бачачы, што Ён ідзе па моры, напалохаліся, кажучы: «Гэта здань!» Ды ад страху закрычалі.

Ісус адразу-ж адазваўся да іх, кажучы: — бадзёрцеся, гэта Я, ня бойцеся.
 
Дык адразу звярнуўся да іх Ісус, кажучы: «Бадрыцеся, гэта Я; не палохайцеся».

Тады Пётра сказаў Яму ў адказ: Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе.
 
Пётра ж сказаў Яму: «Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе».

І Ён сказаў: — прыйдзі, — і выйшаўшы з лодкі, Пётра пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Ісуса.
 
А Ён сказаў: «Ідзі!» Дык Пётра, выйшаўшы з лодкі, пайшоў па вадзе, і прыйшоў да Ісуса.

Але, гледзячы на моцны вецер, спужаўся і стаў тануць ды загаласіў, прамовіўшы: — Госпадзе! уратуй мяне.
 
Але, адчуваючы моцны вецер, спалохаўся і, калі пачаў тануць, закрычаў, кажучы: «Госпадзе, ратуй мяне!»

Ісус ураз-жа працягнуў руку, падтрымаў яго і кажа яму: — малаверны, чаму-ж ты сумляваўся?
 
А Ісус, працягнуўшы руку, зараз схапіў яго і гаворыць яму: «Малаверны, чаму засумняваўся?»

І калі яны ўвайшлі ў лодку, вецер сьціх.
 
І, калі ўвайшлі ў лодку, сціх вецер.

А тыя, якія былі ў лодцы, падыйшоўшы пакланіліся Яму і сказалі: — запраўды, Ты — Сын Божы.
 
А тыя, што былі ў лодцы, пакланіліся Яму, кажучы: «Сапраўды, Ты — Сын Божы».

І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Гэнісарэцкую.
 
І, калі пераправіліся, прыйшлі ў зямлю Генезарэцкую.

Жыхары той мясцовасьці, як толькі пазналі Яго, апавесьцілі па усей краіне той, і прынесьлі да Яго ўсіх хворых.
 
І, калі даведаліся пра Яго людзі з таго месца, абвясцілі па ўсім тым наваколлі, і ўсе прынеслі да Яго немачных,

І ўпрашалі Яго каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся ацаленыя былі.
 
і прасілі Яго дакрануцца хоць да краю вопраткі Яго; і тыя, хто толькі дакранаўся, рабіліся здаровымі.