Мацьвея 17 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Пасьля шасьцёх дзён узяў Ісус Пятра, Якуба і Яна, брата яго, і ўзьвёў іх адных на высокую гару.
І перамяніўся прад імі, і зазьзяла аблічча Ягонае, як сонца, адзеньне-ж Яго сталася белаю, як сьвятло.
І вось зьявіліся ім Майсей і Ільля, размаўляючы з Ім.
І Пётра, азваўшыся да Ісуса, сказаў: — Госпадзе! Добра нам тут быць, калі хочаш, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і адну Ільлі.
Калі ён яшчэ гаварыў, вось воблака сьветлае ахінула іх, і голас з воблака прамаўляючы: — Гэта Сын Мой Улюблены, у Ім Маё Дабраваленьне, Яго слухайце.
І пачуўшы, вучні ўпалі ніцма і моцна перастрашыліся.
Але Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: — устаньце і ня бойцеся.
Узьняўшы-ж вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса.
І калі зыйходзілі з гары, Ісус засьцярог іх, кажучы: — Нікому не гаварэце пра гэтае відзеньне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскросьне з мёртвых.
І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: — чаму кніжнікі гавораць, што Ільлі першаму належыць прыйсьці.
Ісус-жа ў адказ сказаў ім: — так, Ільля павінны прыйсьці перш і ўладзіць усё.
Але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго і ўчынілі з ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы пацярпіць ад іх.
Тады вучні зразумелі, што пра Яна Хрысьціцеля гаварыў ім.
І калі яны падыйшлі да народу, падышоў да Яго чалавек, і падаючы прад Ім на калені,
гаварыў: — Госпадзе! зьлітуйся над сынам маім: ён у маладзіку упадае ў шал, і цяжка пакутуе, бо часта кідаецца ў агонь, і часта ў ваду.
Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і не маглі яго ацаліць.
Ісус-жа, адказваючы, сказаў: — о, родзе няверны і распусны! дакуль буду з вамі, дакуль буду цярпець вас? прывядзеце яго да Мяне сюды.
І забараніў яму Ісус, і выйшаў злыдух з юнака, і юнак стаў здароў у той-жа час.
Тады вучні, падыйшоўшы да Ісуса на самоце, сказалі: — чаму мы не змаглі выгнаць яго?
І адказаў ім Ісус: — з-за нявер’я вашага; бо, запраўды кажу вам: — калі будзеце мець веру хоць з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: — перайдзі адсюль туды, — яна пярэйдзе, і нічога ня будзе немагчымага для вас.
Гэты-ж род ня выйходзіць і начай, як толькі малітваю і постом.
У час быцьця іх у Галілеі Ісус сказаў ім: — Сын Чалавечы праданы будзе ў рукі чалавечыя.
І заб’юць Яго і на трэйці дзень уваскросьне; і яны моцна засмуціліся.
Калі-ж прыйшлі яны у Капэрнаум, то падыйшлі да Пятра зборшчыкі дыдрахмаў і сказалі яму: — ці ня дасьць ваш Вучыцель дыдрахмы?
І ён сказаў: так, і калі ўвайшоў у дом, Ісус папярэдзіў яго, кажучы: — як табе думаецца, Сымоне, уладары зямныя з каго бяруць дадіну ці падатак: з сваіх сыноў ці з чужых?
Пётра сказаў Яму: — з чужых. Ісус-жа сказаў: — значыць, сыны вольныя.
Але, каб нам іх ня зьняважыць, пайдзі на мора, закінь вуду, і першую злоўленую рыбу вазьмі, і адчыніўшы ёй рот, знойдзеш статыр; вазьмі яе і аддай ім за Мяне і за сябе.