Мацьвея 17 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

А цераз шэсьць дзён бярэць Ісус Пятра, Якава і Іоана, брата яго, і вядзе́ іх на гару́ высокую адных.
 

І перамяніўся перад імі: і зазьяла аблічча Яго, як сонца, адзе́жа-ж Яго ста́лася бе́лая, як сьвятло́.
 

І вось зьявіліся ім Майсе́й і Ільля, размаўляючы з Ім.
 

І, азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе́ адну, і Майсе́ю адну, і адну Ільлі.
 

Калі-ж ён яшчэ гаварыў гэтае, сьве́тлая хмара ацяніла іх; і вось голас із хмары гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой Улю́блены, якому спагада́ю; Яго слу́хайце.
 

І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і дужа перапужа́ліся.
 

Але Ісус, падыйшоўшы, дакрану́ўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся!
 

Падняўшы-ж вочы свае́, яны нікога ня ўгле́дзелі апрача аднаго Ісуса.
 

І, калі зыходзілі яны з гары, Ісус загада́ў ім, кажучы: нікому не кажы́це пра гэтае відзе́ньне, дакуль Сын Чалаве́чы не ўваскрэсьне з мёртвых.
 

І спыталіся ў Яго вучні Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці ране́й?
 

Ісус сказаў ім у адказ: Ільля прыйдзе ране́й і падгатуе ўсё.
 

Я-ж кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, ды не пазналі яго, а ўчынілі проці яго, што хаце́лі; так і Сын Чалаве́чы паце́рпіць ад іх.
 

Тады вучні зразуме́лі, што Ён гаварыў ім пра Іоана Хрысьціцеля.
 

Калі-ж яны прыйшлі да народу, то падыйшоў да Яго чалаве́к і, сукланіўшы перад ім кале́ні,
 

сказаў: Госпадзе! зьлітуйся над сынам маім, які ў маладзік шале́е і цяжка му́чыцца; бо часта кíдаецца ў вагонь і часта ў ваду.
 

Я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго.
 

Ісус жа, адказваючы, сказаў: о род няве́рны і распусны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпе́ць вас? прывядзíце яго да Мяне́ сюды.
 

І крыкнуў на яго Ісус; і шата́н выйшаў з яго; і юнак паздараве́ў у тую-ж гадзіну.
 

Тады вучні, прыступіўшыся да Ісуса насамо́це, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?
 

Ісус жа сказаў ім: праз няве́ру вашую: бо запраўды́ кажу вам: калі вы будзеце ме́ць ве́ру, як гарчы́чнае зе́рне, і скажаце гарэ гэтай: перайдзі адгэтуль туды, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчыма для вас.
 

Гэты-ж род выганяецца толькі малітваю і постам.
 

У час быцьця іх у Галіле́і Ісус сказаў ім: Сын Чалаве́чы вы́даны будзе ў рукі чалаве́чыя;
 

і заб’юць Яго, і на трэці дзе́нь уваскрэсьне. І яны дужа засмуціліся.
 

Калі-ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, то падыйшлі да Пятра зьбіральнікі даніны і сказалі: Ці ня дасьць скла́дчыны ваш Вучыцель?
 

Ён кажа: так. І, калі увайшоў у дом, то Ісус папярэдзіў яго, кажучы: як табе́ здае́цца, Сымон? цары зямныя з каго бяруць даніну ці падаткі? ці з сваіх сыноў, ці з чужых?
 

Пётр кажа Яму: з чужых. Ісус сказаў яму: значыць, сыны вольныя;
 

але, каб нам не спакусіць іх, пайдзі на мора, кінь вуду і пе́ршую рыбу, якая пападзе́цца, вазьмі; і, расчыніўшы рот, знойдзеш стацір; вазьмі яго і аддай ім за Мяне і за сябе́.