Мацьвея 27 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Калі-ж настала раніца, усе архісьвятары і старшыні народныя раду ўчынілі супраць Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць.
І зьвязаўшы Яго, павялі і перадалі Яго Понтыю Пілату, правіцелю.
Тады Юда, які прадаў Яго, пабачыўшы, што Ён засуджаны, раскаяўшыся, вярнуў трыццаць срэбранікаў архісьвятаром і старшыням;
Сказаўшы: — саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную; яны-ж сказалі яму: — што нам да таго, глядзі сам.
І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён выйшаў, і пайшоў удушыўся.
Архісьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: — не ў законе будзе класьці іх у скарбонку, бо гэта цана крыві.
І зрабіўшы нараду, купілі за іх ганчарова поле для пахаваньня чужаземцаў.
Таму і завецца поле тое «Полем Крыві» і дагэтуль.
Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: — «І ўзялі трыццаць срэбранікаў — цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля.
І далі іх за зямлю ганчара, як сказаў мне Госпад».
Ісус-жа стануў прад правіцелем; і спытаўся ў Яго правіцель, кажучы: — ці Ты Кароль Юдэйскі? Ісус сказаў яму: — ты кажаш.
І калі абвінавачвалі Яго архісьвятары і старшыні, Ён нічога не адказаў.
Тады кажа Яму Пілат: — ці-ж ня чуеш, колькі на Цябе сьветчаць?
І не адказаў яму на ніводнае слова, з чаго правіцель быў моцна зьдзіўлены.
На сьвята-ж Пасхі правіцель меў звычай адпускаць народу аднаго вязьня, якога людзі пажадаюць.
На той час быў у іх вядомы астрожнік, званы Вараўва.
І вось, калі яны зыйшліся, Пілат сказаў ім: — каго з двух хочаце адпусьціць вам, Вараўву, ці Ісуса, званага Хрыстом?
Бо ведаў, што выдалі Яго праз зайздрасьць.
Тымчасам, калі сядзеў ён на судзейскім пасадзе, жонка ягоная паслала сказаць яму: — не рабі нічога Праведніку таму, бо я сёньня ў сьне шмат цярпела дзеля Яго.
Але архісьвятары падгаварылі народ прасіць Вараўву, а Ісуса на загубу.
І калі правіцель спытаўся ў іх, каго з двух хочаце каб адпусьціў вам? — яны сказалі — Вараўву.
Пілат прамовіў да іх: — што-ж тады я зраблю з Ісусам, названым Хрыстос? і сказалі ўсе: — няхай будзе ўкрыжаваны.
Правіцель сказаў ім: — якое-ж зло ўчыніў Ён? але яны яшчэ мацней крычалі: — няхай будзе ўкрыжаваны!
Пілат, абачыўшы, што нічога не памагае, а толькі мацней узьнімаецца забурэньне, узяў вады, умыў рукі прад народам, сказаушы: — не павінен я ў крыві праведніка гэтага — самі абачыце.
І ў адказ увесь народ крычаў: — кроў Яго на нас і на дзецях нашых.
Тады адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбічаванага, выдаў ім на ўкрыжаваньне.
Тады воіны правіцеля, узяўшы Ісуса ад судзілішча, склікалі на Яго поўную кагорту войска.
І, разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго баграніцу.
І, сплёўшы вянок з церні, узлажылі Яму на галаву і, далі трысьціну ў правую руку Ягоную, істановячыся прад Ім на калені, насьміхаліся з Яго, кажучы: — радуйся, Кароль Юдэйскі.
І плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве Яго.
А калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго баграніцу, і адзелі Яго ў адзеньне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
Выходзячы-ж, яны спаткалі чалавека кірынейца, на імя Сымон, — гэтага прымусілі нясьці крыж Ягоны.
І прыйшлі на месца, званае Галгофа, што значыць Чараповішча.
І давалі Яму піць воцат, зьмешаны з жоўцяй, але, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
Укрыжаваўшы-ж Яго дзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабе.
І, пасеўшы, сьцераглі Яго там.
І прыставілі над галавою Яго надпіс віны Ягонае: — Гэта ёсьць Ісус, Кароль Юдэйскі.
Тады ўкрыжавалі пры Ім двух разбойнікаў, аднаго з правага боку, а другога з левага.
Людзі-ж, праходзячы паўз Яго, глуміліся над Ім, ківаючы галовамі сваімі,
і кажучы: — храмы руйнуеш і ў тры дні адбудоўваеш, — выбавіся Сам; калі Ты Сын Божы, зыйдзі з крыжа.
Таксама і архісьвятары з кніжнікамі і старшынямі, і фарысеямі зьдзекліва гаварылі:
— Іншых выбаўляў, а Сам Сябе ня можа выбавіць; калі Ён Кароль Ізраіля, няхай цяпер зыйдзе з крыжа, і ўверым ў Яго.
Спадзяваўся на Бога, няхай-жа цяпер выбавіць Яго, калі Ён угоднік Яго, бо Ён казаў: Я Сын Божы.
Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя з Ім, глуміліся над Ім.
Ад шостае-ж гадзіны цемра стала па усёй зямлі да гадзіны дзявятай.
А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам, прамовіўшы: — Ілі, Ілі, лімá савахвані! — гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой! чаму пакінуў Мяне?
Некаторыя з тых, якія стаялі там, пачуўшы гэта, гаварылі: — Ільлю кліча Ён.
І ўраз пабег адзін з іх, і ўзяўшы губку, амачыў яе ў воцат і, насадзіўшы на трасьціну, даваў Яму піць.
А іншыя гаварылі: — пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ільля выбавіць Яго.
Ісус-жа зноў, усклікнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух.
І вось заслона ў храме разадралася надвое ад верху да долу, і зямля здрыганулася, і скалы патрэскаліся,
і гробы адчыніліся, і многія целы супачыўшых сьвятых уваскросьлі,
і выйшаўшы з гробаў па Уваскрасеньні
Сотнік-жа і ўсе, якія з Ім сьцераглі Ісуса, гледзячы на землятрус і на ўсё, што сталася, моцна перапужаліся і гаварылі: — запраўды Ён быў Сын Божы.
Былі там і наглядалі здалёк многія жанчыны, якія йшлі зь Ісусам з Галілеі і прыслугоўвалі Яму.
Між імі былі Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Йосіі і маці сыноў Завядэевых.
Калі-ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арымафеі, на ймя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса.
Ён прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісуса; тады Пілат загадаў аддаць Цела.
І узяўшы Цела, Язэп авінуў Яго чыстаю плашчаніцаю;
І палажыў Яго ў новым сваім гробе, які ён высек у скале, і, прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй гробу, адыйшоў.
Была-ж там Марыя Магдалена і другая Марыя; яны сядзелі насупраць гробу.
А назаўтра па пятніцы раніцою архісьвятары і фарысеі зыйшліся да Пілата.
І сказалі: — гаспадару! мы прыпомнілі, што падманшчык той, як быў яшчэ пры жыцьці, сказаў: — па трох днёх уваскросну.
Дык закажы ахоўваць гроб да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу — уваскрос з мёртвых, і будзе апошні падман горшы за першыя.
Пілат-жа сказаў: — маеце варту, ідзеце і вартуйце, як знаеце. Яны пайшлі, абставілі гробе вартаю, і прылажылі да каменя пячаць.