Мацьвея 27 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Калі-ж настала раніца, усе архісьвятары і старшыні народныя раду ўчынілі супраць Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць.
 

І зьвязаўшы Яго, павялі і перадалі Яго Понтыю Пілату, правіцелю.
 

Тады Юда, які прадаў Яго, пабачыўшы, што Ён засуджаны, раскаяўшыся, вярнуў трыццаць срэбранікаў архісьвятаром і старшыням;
 

Сказаўшы: — саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную; яны-ж сказалі яму: — што нам да таго, глядзі сам.
 

І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён выйшаў, і пайшоў удушыўся.
 

Архісьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: — не ў законе будзе класьці іх у скарбонку, бо гэта цана крыві.
 

І зрабіўшы нараду, купілі за іх ганчарова поле для пахаваньня чужаземцаў.
 

Таму і завецца поле тое «Полем Крыві» і дагэтуль.
 

Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: — «І ўзялі трыццаць срэбранікаў — цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля.
 

І далі іх за зямлю ганчара, як сказаў мне Госпад».
 

Ісус-жа стануў прад правіцелем; і спытаўся ў Яго правіцель, кажучы: — ці Ты Кароль Юдэйскі? Ісус сказаў яму: — ты кажаш.
 

І калі абвінавачвалі Яго архісьвятары і старшыні, Ён нічога не адказаў.
 

Тады кажа Яму Пілат: — ці-ж ня чуеш, колькі на Цябе сьветчаць?
 

І не адказаў яму на ніводнае слова, з чаго правіцель быў моцна зьдзіўлены.
 

На сьвята-ж Пасхі правіцель меў звычай адпускаць народу аднаго вязьня, якога людзі пажадаюць.
 

На той час быў у іх вядомы астрожнік, званы Вараўва.
 

І вось, калі яны зыйшліся, Пілат сказаў ім: — каго з двух хочаце адпусьціць вам, Вараўву, ці Ісуса, званага Хрыстом?
 

Бо ведаў, што выдалі Яго праз зайздрасьць.
 

Тымчасам, калі сядзеў ён на судзейскім пасадзе, жонка ягоная паслала сказаць яму: — не рабі нічога Праведніку таму, бо я сёньня ў сьне шмат цярпела дзеля Яго.
 

Але архісьвятары падгаварылі народ прасіць Вараўву, а Ісуса на загубу.
 

І калі правіцель спытаўся ў іх, каго з двух хочаце каб адпусьціў вам? — яны сказалі — Вараўву.
 

Пілат прамовіў да іх: — што-ж тады я зраблю з Ісусам, названым Хрыстос? і сказалі ўсе: — няхай будзе ўкрыжаваны.
 

Правіцель сказаў ім: — якое-ж зло ўчыніў Ён? але яны яшчэ мацней крычалі: — няхай будзе ўкрыжаваны!
 

Пілат, абачыўшы, што нічога не памагае, а толькі мацней узьнімаецца забурэньне, узяў вады, умыў рукі прад народам, сказаушы: — не павінен я ў крыві праведніка гэтага — самі абачыце.
 

І ў адказ увесь народ крычаў: — кроў Яго на нас і на дзецях нашых.
 

Тады адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбічаванага, выдаў ім на ўкрыжаваньне.
 

Тады воіны правіцеля, узяўшы Ісуса ад судзілішча, склікалі на Яго поўную кагорту войска.
 

І, разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго баграніцу.
 

І, сплёўшы вянок з церні, узлажылі Яму на галаву і, далі трысьціну ў правую руку Ягоную, істановячыся прад Ім на калені, насьміхаліся з Яго, кажучы: — радуйся, Кароль Юдэйскі.
 

І плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве Яго.
 

А калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго баграніцу, і адзелі Яго ў адзеньне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.
 

Выходзячы-ж, яны спаткалі чалавека кірынейца, на імя Сымон, — гэтага прымусілі нясьці крыж Ягоны.
 

І прыйшлі на месца, званае Галгофа, што значыць Чараповішча.
 

І давалі Яму піць воцат, зьмешаны з жоўцяй, але, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
 

Укрыжаваўшы-ж Яго дзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабе.
 

І, пасеўшы, сьцераглі Яго там.
 

І прыставілі над галавою Яго надпіс віны Ягонае: — Гэта ёсьць Ісус, Кароль Юдэйскі.
 

Тады ўкрыжавалі пры Ім двух разбойнікаў, аднаго з правага боку, а другога з левага.
 

Людзі-ж, праходзячы паўз Яго, глуміліся над Ім, ківаючы галовамі сваімі,
 

і кажучы: — храмы руйнуеш і ў тры дні адбудоўваеш, — выбавіся Сам; калі Ты Сын Божы, зыйдзі з крыжа.
 

Таксама і архісьвятары з кніжнікамі і старшынямі, і фарысеямі зьдзекліва гаварылі:
 

— Іншых выбаўляў, а Сам Сябе ня можа выбавіць; калі Ён Кароль Ізраіля, няхай цяпер зыйдзе з крыжа, і ўверым ў Яго.
 

Спадзяваўся на Бога, няхай-жа цяпер выбавіць Яго, калі Ён угоднік Яго, бо Ён казаў: Я Сын Божы.
 

Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя з Ім, глуміліся над Ім.
 

Ад шостае-ж гадзіны цемра стала па усёй зямлі да гадзіны дзявятай.
 

А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам, прамовіўшы: — Ілі, Ілі, лімá савахвані! — гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой! чаму пакінуў Мяне?
 

Некаторыя з тых, якія стаялі там, пачуўшы гэта, гаварылі: — Ільлю кліча Ён.
 

І ўраз пабег адзін з іх, і ўзяўшы губку, амачыў яе ў воцат і, насадзіўшы на трасьціну, даваў Яму піць.
 

А іншыя гаварылі: — пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ільля выбавіць Яго.
 

Ісус-жа зноў, усклікнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух.
 

І вось заслона ў храме разадралася надвое ад верху да долу, і зямля здрыганулася, і скалы патрэскаліся,
 

і гробы адчыніліся, і многія целы супачыўшых сьвятых уваскросьлі,
 

і выйшаўшы з гробаў па Уваскрасеньні
 

 

Сотнік-жа і ўсе, якія з Ім сьцераглі Ісуса, гледзячы на землятрус і на ўсё, што сталася, моцна перапужаліся і гаварылі: — запраўды Ён быў Сын Божы.
 

Былі там і наглядалі здалёк многія жанчыны, якія йшлі зь Ісусам з Галілеі і прыслугоўвалі Яму.
 

Між імі былі Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Йосіі і маці сыноў Завядэевых.
 

Калі-ж настаў вечар, прыйшоў адзін багаты чалавек з Арымафеі, на ймя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса.
 

Ён прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісуса; тады Пілат загадаў аддаць Цела.
 

І узяўшы Цела, Язэп авінуў Яго чыстаю плашчаніцаю;
 

І палажыў Яго ў новым сваім гробе, які ён высек у скале, і, прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй гробу, адыйшоў.
 

Была-ж там Марыя Магдалена і другая Марыя; яны сядзелі насупраць гробу.
 

А назаўтра па пятніцы раніцою архісьвятары і фарысеі зыйшліся да Пілата.
 

І сказалі: — гаспадару! мы прыпомнілі, што падманшчык той, як быў яшчэ пры жыцьці, сказаў: — па трох днёх уваскросну.
 

Дык закажы ахоўваць гроб да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу — уваскрос з мёртвых, і будзе апошні падман горшы за першыя.
 

Пілат-жа сказаў: — маеце варту, ідзеце і вартуйце, як знаеце. Яны пайшлі, абставілі гробе вартаю, і прылажылі да каменя пячаць.