Мацьвея 15 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Тагды прыйходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысеі і кажуць:
 

— Чаму вучні Твае пераступаюць пераданьні старэйшых: ня мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб?
 

Ён-жа ў адказ сказаў ім: — чаму-ж і вы пераступаеце запавет Божы дзеля пераданьня свайго?
 

Бог запавядаў: — шануй айца твайго і маці тваю, і — хто надругаецца над айцом ці маці, няхай сьмерцяй памрэ.
 

Вы-ж кажаце: — хто скажа айцу свайму, ці маці: — Богу ахвяравана тое, чым-бы ты ад мяне мог карыстацца.
 

— Тады ўжо той можа і не ўшаноўваць айца свайго, ці маці свае; і зьняважылі запавет Божы пераданьнем сваім.
 

Аблыжнікі! добра праракаваў пра вас Ісайя, кажучы:
 

— Збліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі, і языком шануюць Мяне, сэрца-ж іхнае далёка стала ад Мяне.
 

Але дарма ўшаноўваюць Мяне, пашыраючы навукі і запаветы чалавечыя.
 

І, пазваўшы да Сябе народ, сказаў ім: — слухайце і разумейце.
 

Ня тое, што ў вусны ўвайходзіць, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выйходзіць, апаганьвае чалавека.
 

Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, сказалі Яму: — ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, абразіліся.
 

Ён-жа ў адказ сказаў: — усякая расьліна, якой Айцец Мой Нябесны не насаджаў, выкаранена будзе.
 

Пакіньце іх, яны сьляпыя правадыры сьляпых, а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ў яму ўпадуць.
 

Пётра-ж, азваўшыся, сказаў Яму: — растлумач нам прыпавесьць гэтую.
 

І сказаў Ісус: — ці-ж і вы ня маеце розуму?
 

Ці-ж не разумееце, што ўсё прынятае ў вусны ў жывот прайходзіць ды вон выкідаецца.
 

А што з вуснаў, тое з сэрца выходзіць, і гэта апаганьвае чалавека.
 

Бо з сэрца выходзяць злыя помыслы, забойствы, чужаложствы, блудадзеяньні, зладзействы, аблыжніцтвы, блюзьнерствы.
 

Гэта апаганьвае чалавека, а есьці з нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека.
 

І выйшаўшы адтуль, Ісус адыўшоў у землі Тырскія і Сідонскія.
 

І вось жанчына хананеянка, выйшаўшы з тых аколіц, галасіла да Яго: — зьмілуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давыдаў: дачка мая цяжка мучыцца ад нячыстага.
 

Ён-жа не адказаў ёй ні слова; і вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: — адпусьці яе, бо галосіць усьлед за намі.
 

Ён-жа ў адказ сказаў: — Я пасланы толькі за загінутых авечак дому Ізраілевага.
 

Але яна, падыйшоўшы, кланялася Яму і гаварыла: — Госпадзе! памажы мне.
 

Ён-жа ў адказ сказаў: — нядобра адыймаць хлеб у дзяцей ды кідаць шчанятам.
 

Яна-ж сказала: — так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія спадаюць ад стала гаспадароў.
 

Тады, ў адказ, Ісус сказаў ёй: — о, жанчына! вялікая вера твая, няхай будзе табе подле жаданьня твайго; і ацалілася дачка яе ад тэй часіны.
 

Адыйшоўшы адтуль, Ісус прыйшоў да мора Галілейскага, і ўзыйшоўшы на гару, сеў там.
 

І надыйшло да Яго мноства народу, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і палажылі іх да ног Ісусавых, і Ён ацаліў іх.
 

І дзіваваўся народ, пабачыўшы, што нямыя сталі гаварыць, какалечаныя сталі здавовымі, кульгавыя пачалі хадзіць і сьляпыя — бачыць, і славілі Бога Ізраілевага.
 

Ісус-жа, падазваўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада мне народу, што ўжо тры дні прабылі пры Мне, і ня маюць чаго есьці; адпусьціць-жа іх галодных ня хачу, каб не аслабелі ў дарозе.
 

І кажуць Яму вучні Яго: — скуль-жа нам у пустыні узяць гэтулькі хлеба, каб накарміць гэткую грамаду?
 

Ісус гаворыць ім: — колькі маеце хлебаў? яны-ж сказалі — сем і крыху рыбак.
 

Тады загадаў народу прылегчы на зямлі.
 

І ўзяўшы сем хлябоў і рыбу ды ўзьнёсшы хвалу, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — народу.
 

І елі ўсе, і пад'елі, і набралі астачы сем поўных карабоў.
 

Было-ж усіх ядуноў — чатыры тысячы мужчын, апрача жанчын і дзяцей.
 

І адпусьціўшы народ, увайшоў у лодку і прыбыў ў аколіцы Магеданскія.