Мацьвея 3 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

У тыя-ж дні прыходзіць Ян Хрысціцель, і павучае ў пустыні Юдэйскай.
 

Прамаўляючы: — пакайцеся, бо наблізілася Ўладарства Нябеснае.
 

Бо гэта ёсьць Той, пра Каго вяшчаў прарок Ісайя, прамаўляючы: голас поклічу ў пустыні — прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яго.
 

Сам-жа Ян меў адзеньне з вярблюжага воласу, і скураны пояс на паясьніцы сваёй; ядою-ж яму служылі акрыды і дзікі мёд.
 

Тады выходзілі да яго — Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Йарданскія;
 

І хрысціліся ад яго ў Йардане, выспаведваючы грахі свае.
 

Калі-ж ён убачыў шматлікіх фарысеяў і садукеяў, якія йшлі да яго хрысціцца, сказаў ім: — параджэньне гадаўя! Хто падказаў вам уцякаць ад будучага гневу?
 

Учынеце-ж плён, дастойны пакаяньня.
 

І ня важцеся гаварыць самі ў сабе — маем айца Абрагама; — бо кажу вам, што Бог можа з каменьняў гэтых узьняць дзяцей Абрагаму.
 

Ужо і сякера пры карэньні дрэва ляжыць; бо ўсякае дрэва, якое не дае добрага плёну, высякаецца і кідаюць ў агонь.
 

Я хрышчу вас вадою ў пакаяньне, але йдзе па мне мацнейшы за мяне; я-ж недастойны несьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём.
 

Веялка Яго ў руцэ Ягонай; і Ён ачысьціць гумно сваё і зьбярэ пшаніцу сваю ў сьвіран, а мякіну спаліць агнём незгасальным.
 

Тады прыйходзіць Ісус з Галілеі на Йардан да Яна, хрысьціцца ад яго.
 

Ян-жа ўстрымліваў Яго, кажучы: — Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а ці-ж Табе прыйходзіць да мяне.
 

Але Ісус прамовіў яму ў адказ: — пакінь цяпер, бо гэтак належыць нам выканаць усякую праўду. Тады Ян дапускае Яго.
 

І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз-жа выйшаў з вады, і — вось адчыніліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які зайходзіў як голуб і спускаўся на Яго.
 

І вось голас з небёсаў, прамаўляючы: — гэта Сын Мой Улюбёны, у Ім Маё Дабраволеньне.