1 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І таму, не вы́трываўшы ўжо, мы вы́рашылі лепш заста́цца ў Афінах адны,
 
Дзеля таго, што не змаглі мы далей, вытрымаць, дык выпала мне самому застацца ў Атэнах,

і паслалі Цімафея, брата нашага і служы́целя Божага і супрацоўніка нашага ў дабравесці Хрыстовым, каб умацава́ць вас і суце́шыць у веры вашай,
 
а паслалі да вас Тыматэя, брата нашага і слугу Божага па Эвангеліі Хрыстовай для умацненьня вашага і ажыўленьня веры вашай,

каб ніхто не пахіснуўся ў го́расцях гэтых; бо вы самі ведаеце, што так нам вы́значана.
 
каб ніхто не хістаўся ў гэтых прыгнётах, самі ж бо ведаеце, што мы на гэта прызначаны.

Бо мы і тады, калі былí ў вас, прадказвалі вам, што будзем паку́таваць, як і здарылася, і вы гэта ведаеце.
 
Бо ж і ў вас будучы, мы прадсказалі вам, што будзем цярпець мукі, як і сталася — самі разумееце.

Таму і я, не вы́трываўшы ўжо, паслаў даведацца пра веру вашу, ці не спакусíў ча́сам вас спакуснік і не стала марнаю праца наша.
 
Таму вось і я, ня могучы далей стрымацца, паслаў пазнаць пра веру вашу, ці ня зводзіць вас звадыяш і ці ня дарэмны быў труд наш.

А цяпер, калі да нас прыйшоў ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашу, і пра тое, што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, пра́гнучы нас убачыць, як і мы вас,
 
Цяпер жа, пасьля прыбыцьця ад вас Тыматэя да нас і пасьля расказа пра веру і любоў вашу, што памятаеце пра нас, жадаючы ўсьцяж нас наведаць, як і мы таксама вас,

то мы, пры ўсім горы і нястачы нашай, суце́шаны вамі, браты, вераю вашай;
 
пацешыліся гэтым, браты, што да вас ва ўсякім горы і прыгнёце сваім дзеля веры вашай.

бо цяпер мы ажыва́ем, калі вы стаіце́ ў Госпадзе.
 
Бо і мы цяпер жывём, калі вы застаецеся з Госпадам.

Якую ж падзяку можам мы ўзне́сці Богу за вас, за ўсю радасць, якою мы радуемся з-за вас перад Богам нашым,
 
Якую вялікую падзяку можам злажыць Богу за вас, поўныя радасьці, бо цешымся дзеля вас перад Богам.

ноч і дзень найшчырэ́й молячыся пра тое, каб убачыць аблічча ваша і дапоўніць тое, чаго не хапа́е веры вашай?
 
Днём і ноччу гарачэй молімся, каб паглядзець на вас, каб дапоўніць у тым, чаго нехапае веры вашай.

Няхай жа Сам Бог і Айцец наш і Гасподзь наш Іісус Хрыстос вы́раўнуе шлях наш да вас.
 
Хай жа сам Бог і Айцец наш і Госпад наш Езус Хрыстус выпрастае дарогу нашу да вас.

А вас Гасподзь няхай напоўніць і ўзбагацíць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, такою самаю, як мы маем яе да вас,
 
Хай Ён узмоцніць сэрцы вашы, каб без нараканьня, а ў сьвятасьці перад Богам і Айцом нашым чакалі прыходу Госпада нашага Езуса Хрыстуса з усімі Яго сьвятымі. Аман.

каб умацаваць сэрцы вашы і зрабіць іх бездакорнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прышэсце Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі святымі Яго. Амінь.