Лукаша 5 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2002
І ста́лася: калі народ цíснуўся да Яго, каб пачуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэ́цкага;
убачыў Ён дзве лодкі, што стаялі пры возеры; а рыбакі, выйшаўшы з іх, прамыва́лі мярэ́жы.
Увайшоўшы ў адну з лодак, якая нале́жала Сíману, Ён прасіў яго адплыць крыху́ ад берага; і, сеўшы, з лодкі вучыў народ.
А калі скончыў гаварыць, сказаў Сíману: адплыві на глыбіню́, і закіньце мярэ́жы вашы для лову.
І сказаў Сíман у адказ Яму: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але па слову Твайму закіну мярэ́жу.
І зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, нават мярэ́жа іх прарыва́лася.
І далí знак супо́льнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі памагчы́ ім; і тыя прыйшлі, і напоўнілі абе́дзве лодкі, так што яны пачыналі тануць.
Убачыўшы ж гэта, Сíман Пётр прыпа́ў да каленяў Іісусавых і сказаў: выйдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны, Госпадзі.
Таму што жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім, ад такога ўлову рыбы, вы́цягнутай імі;
а таксама Іакава і Іаана, сыноў Зевядзе́евых, што былí тава́рышамі Сíмана. І сказаў Сíману Іісус: не бойся, з гэтага часу будзеш лавіць людзей.
І, вы́цягнуўшы лодкі на бераг, яны пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Ім.
І ста́лася: калі быў Іісус у адным з гарадоў, вось чалавек, увесь у прака́зе, убачыўшы Іісуса, упаў ніц, мо́лячы Яго і ка́жучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне ачы́сціць.
І, працягну́ўшы руку́, Іісус дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачы́сціся. І адразу прака́за сышла з яго.
І Ён загадаў яму нікому не расказваць: але ідзі, пакажы́ся святару́ і прынясі ахвяру за ачышчэ́нне тваё, як загадаў Маісей, дзе́ля све́дчання ім.
Але ўсё болей разыхо́дзіліся чу́ткі пра Яго; і збіралася мноства народу слухаць і ацаля́цца ў Яго ад не́мачаў сваіх.
Ён жа адыходзіў у пустэ́льныя месцы і маліўся.
І ста́лася аднаго дня: Ён вучыў; і сядзелі фарысеі і законавучы́целі, якія прыйшлі з усіх вёсак галіле́йскіх і іудзейскіх і з Іерусаліма; і сіла Гасподняя была́, каб ацаля́ць іх;
вось людзі прыне́слі на пасцелі чалавека, які быў спаралізава́ны, і спрабава́лі ўне́сці яго і пакла́сці перад Іісусам;
і, не знайшо́ўшы як пране́сці яго з-за натоўпу, яны, падня́ўшыся на дах, праз чарапіцу апусцілі яго з пасцеллю на сярэ́дзіну перад Іісусам.
І Ён, убачыўшы веру іх, сказаў яму: чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае.
І пачалí разважа́ць кніжнікі і фарысеі, гаворачы: хто гэта такі, што блюзне́рыць? Хто можа адпускаць грахі акрамя аднаго Бога:
Іісус жа, зразумеўшы по́мыслы іх, сказаў ім у адказ: што́ разважа́еце ў сэ́рцах вашых?
Што лягчэй — сказаць: «адпускаюцца табе грахі твае» ці сказаць: «устань і хадзі»?
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы ма́е ўладу на зямлі адпуска́ць грахі, — Ён сказаў спаралізава́наму: табе кажу: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.
І адразу ўстаўшы перад імі і ўзяўшы тое, на чым ляжаў, ён пайшоў у дом свой, сла́вячы Бога.
І жах ахапіў усіх, і сла́вілі Бога, і, перапоўненыя страхам, гаварылі: дзíўнае бачылі мы сёння.
І пасля гэтага Іісус выйшаў і ўбачыў мы́тніка íмем Левíй, які сядзеў на мы́тні, і сказаў яму: ідзі ўслед за Мною.
І, пакінуўшы ўсё, той устаў і пайшоў услед за Ім.
І зрабіў Левíй для Яго вялікі пачастунак у доме сваім, і было́ там мноства мы́тнікаў і іншых, якія з імі ўзляжа́лі.
І наракалі кніжнікі іхнія і фарысеі на вучняў Яго, ка́жучы: навошта вы з мы́тнікамі і грэшнікамі ясце́ і п’яце́?
І ў адказ Іісус сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў ле́кары, а хворыя;
Я прыйшоў заклíкаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння.
Яны ж сказалі Яму: чаму вучні Іаанавы по́сцяць часта і малітвы дзе́юць, гэтаксама і фарысейскія, а Твае яду́ць і п’юць?
Ён жа сказаў ім: хіба́ можаце вы прымусіць пасцíць сыноў харо́маў вясе́льных, калі з імі жаніх?
Але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, тады будуць пасцíць у тыя дні.
Сказаў жа і прытчу ім: ніхто латкі з адзе́жыны новай не наклада́е на адзе́жыну стару́ю; інакш і новую разарве́, і да старо́й не пады́дзе латка ад новай.
І ніхто не ўліва́е віно маладое ў мяхí стары́я; інакш прарве маладое віно мяхі, і само вы́цеча, і мяхí прападу́ць;
а віно маладое ў мяхí новыя ўліва́ць трэба: і зберага́ецца тое і другое.
І ніхто, піўшы старо́е, не захоча адразу маладога, бо кажа: старо́е лепшае.